Пятый сезон благотворительного проекта #velcombegom «Европейские забеги» завершился досрочно

Спорт

Бягом да дабрачыннасці

У панядзелак датэрмінова завяршыўся пяты сезон дабрачыннага праекта #velcombegom — «Еўрапейскія забегі».

Акцыя стартавала 12 мая і павінна была працягвацца да канца бягучага месяца. Аднак пераадолець дыстанцыю ў 200 тысяч кіламетраў ва ўдзельнікаў «Еўрапейскіх забегаў» атрымалася раней. Вынік іх неабыякавасці — сертыфікаты дабрачыннай дапамогі на суму 200 тысяч рублёў цэнтрам алімпійскага рэзерву па паралімпійскіх і дэф­лімпійскіх відах спорту.

Дапамагчы дзецям-спартсменам з абмежаванымі магчымасцямі, далучыўшыся да дабрачыннага марафону, мог любы ахвотны. Для гэтага неабходна было фіксаваць свае бегавыя вынікі пры дапамозе фітнес-дадаткаў і дзяліцца імі на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках з хэштэгамі #velcombegom, #A1 і #brightteam. Асаблівасцю «Еўрапейскіх забегаў» стала тое, што ў агульную скарбонку бегавых кіламетраў уключаны дыстанцыя эстафеты «Полымя свету» і вынікі ўсіх лёгкаатлетычных дыстанцый у рамках II Еўрапейскіх гульняў.

На карысць будучых паралімпійцаў кіламетры «накручвалі» і пастаўчане, адна з іх — першы сакратар райкама БРСМ Вераніка Казлоўская. У ліку іншых самых актыўных удзельнікаў праекта яе запрасілі на Вялікі сімвалічны забег, які адбыўся 20 чэрвеня ў Парку Перамогі ў Мінску і супаў з рухам эстафеты «Полымя свету» па сталіцы Беларусі.

Як высветлілася, пра старт праекта маладзёжны лідар раёна даведалася з поста на старонцы раённай газеты «УКантакце», і адразу ж загарэлася ідэяй паўдзельнічаць. Праўда, зафіксаваць усе вынікі не ўдалося, бо напачатку ніяк не магла падабраць фітнес-дадатак, які не даваў бы збою. Кожная прабежка доўжылася больш за гадзіну, паміж стартам і фінішам — 7—9 кіламетраў.

— Мноства тытулаваных спартсменаў, фатаграфаванне з «Полымем свету», абдымкі з Лесікам — усё надало станоўчых эмоцый. Але найбольш кранула тое, што побач са мной беглі людзі з інваліднасцю, якія нават позіркам не паказвалі, што чымсьці абдзеленыя лёсам, — не можа стрымаць слёз, успамінаючы перажытае ўзрушэнне, Вераніка Казлоўская. — Нам можна браць прыклад з іх пазітыўнага стаўлення да жыцця, імкнення дапамагаць тым, каго гэта самае жыццё не песціць, весці здаровы лад жыцця.

Залатое назіранне.

Вераніка Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.