«Работать с людьми непросто». Но это не про заведующую Сакунским фельдшерско-акушерским пунктом Наталью Мозолеву

Главное Здравоохранение

І тэрапеўт, і псіхолаг… Гэта пра загадчыцу Сакунскага фельчарска-акушэрскага пункта Наталлю Мозалеву

Мясцовыя жыхары называюць яе сямейным доктарам. Н. У. Мозалева абслугоўвае насельніцтва Сакун, Старчун, Янкішак, Мір­клі­шак, Багдзюн, Гейбавіч, Гражуль. Даводзіцца аказваць розныя віды медыцынскіх паслуг. Фельчар — гэта і педыятр, і акушэр, і тэрапеўт, і працэдурная сястра. За 30 гадоў работы на ФАПе вывучыла сваіх пацыентаў, на памяць ведае гісторыю хваробы кожнага, бачыць сувязь паміж захворваннем, ладам жыцця і іншымі фактарамі. А яшчэ Наталля Уладзімі­раўна — выдатны псіхолаг.

— Большасць маіх пацыентаў — пенсіянеры, — расказвала. — І хваробы ў асноўным звязаныя з узростам. Часам пасля таго, як выслухаю нараканні на здароўе, пацікаўлюся, як расце агародніна, калі прыедуць унукі, і, глядзіш, іх настрой паляпшаецца.

Пра медыцыну Наталля марыла з 4 класа — штуршком стала лячэнне ў хірургічным аддзяленні. Пасля школы паступіла ў Аршанскае медвучылішча, па размеркаванні вярнулася ў Сакуны, выйшла замуж, і паехалі з мужам у Ігналіну. З распадам Савецкага Саюза вярнуліся на радзіму.

— Людзей у вёсках тады жыло шмат, — успамінала. — Рэдка калі ноч была спакойнай. Толькі задрэмлеш — стук у дзверы: ціск падскочыў або тэмпература высокая. Каму хутка палягчэе, а ў каго і да раніцы затрымаюся.

Цяпер начных выклікаў менш. А бывала, і на кані, і на трактары прыязджалі па сельскага доктара, каб даставіць да хворага. Медыцынская ж дапамога нярэдка патрэбная і ў святы, і ў выхадныя дні. Тады Уладзі­міраўна садзіцца на веласіпед і спяшаецца, вечарамі падвозіць на аўтамашыне муж.

З раніцы фельчар прымае наведвальнікаў на месцы, вя­дзе дакументацыю, пасля абеду ідзе па выкліках, кансультуе. У яе абавязкі ўвахо­дзяць прафілактычныя, санітарна-гігіенічныя мерапрыемствы. Графік работы сельскага фельчара ўмоўны.

— ФАП восенню мінулага года справіў наваселле ў прасторным памяшканні, — расказвала Наталля Мозалева. — Гэта стала магчымым дзякуючы клопату галоўнага ўрача цэнтральнай раённай бальніцы Уладзіміра Чакавага.  А рамонт рабілі сваімі сіламі. У многім дапамагалі вяскоўцы, асабліва Каця і Раман Бучэлі, Ірына Власенка. Цяпер у нас прыгожа і ўтульна.

На асаблівым кантролі ў фельчара — дзеці. На жаль, іх колькасць на ўчастку з кожным годам змяншаецца. Ёсць аднагадовае дзіцятка, яшчэ ў адной сям’і чакаюць папаўнення. А ў свой час было нямала мнага­дзетных. Яны пабудавалі жыллё ў райцэнтры і сталі гараджанамі.

— Працаваць з людзь­мі, вядома ж, няпроста, — разважала Наталля Уладзіміраўна. — Іх трэба выслухаць, падбадзёрыць, часам пераканаць у адваротным. Пры экстранным выкліку — дакладна ўстанавіць прычыну рэзкага пагаршэння здароўя, правільна аказаць першую дапамогу. І ўсё ж галоўнае — любіць работу. Калі душа не ляжыць да той справы, якую робіш, задавальнення ад яе не атрымаеш і карысці людзям не прынясеш.

Наталля Мозалева — чалавек на сваім месцы, прафесіянал, шчырая, сумленная, ураўнаважаная, тактоўная, чулая і спагадная жанчына. Загадчыца ФАПа ў пашане не толькі сярод вяскоўцаў, але і ў кіраў­ніцтва раёна. Таму і прысуджэнне звання «Чалавек года Пастаўшчыны-2018» заслужанае.

За тры дзясяткі гадоў работы розныя выпадкі здараліся. Яскрава помніцца, як прымала роды дома, зразумеўшы, што да бальніцы парадзіху не паспеюць давезці. Дзяўчынка Каця, якую Уладзіміраўна прыняла на свае рукі, праз гады таксама выбрала медыцыну. Па слядах маці марыць пайсці і дачка Крысціна — сёлетняя выпускніца Камайскай школы. Ратуе людзей сын Аляксей — супрацоўнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

Анна Анішкевіч
Фота Веранікі Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.