«Сложности стимулируют…» Интервью со стилистом, визажистом и поставчанкой Ольгой Грибовой

Личности

Калі сям’я натхняе на здзяйсненні

«Стыліст, візажыст і адзін з нямногіх у Беларусі спецыялістаў у галіне колеру», — менавіта так прадставілі пастаўчанку Вольгу Грыбаву на адной з нядаўніх перадач на тэлеканале «СТБ». Прадставілі, трэба сказаць, вельмі коратка. Вольга (дарэчы, выпускніца СШ №1) — магістр педагагічных навук, мастак, педагог, трэнер аўтарскіх праграм, ілюстратар, аўтар артыкулаў па колеры, мастацтве і стылі як у навуковых выданнях, так і ў модных часопісах. А яшчэ наша зямлячка — аўтар трох вузкаспецыялізаваных, а таму ўнікальных кніг. Дзве з іх убачылі свет зусім нядаўна. Напрыканцы мая ў Мінску адбылася прэзентацыя выданняў «Каларыстыка для візажыстаў» і «Каларыстыка для візажыстаў. Практыка». У чэрвені аналагічнае мерапрыемства прайшло ў Магілёве.

Якім бы насычаным ні быў графік, Вольга стараецца знайсці час, каб прыехаць у родныя Паставы. Тут з ёй і сустрэліся.

— Вольга, раскажы, пра што і для каго дзве твае «Каларыстыкі…»?
— Новыя кнігі будуць цікавыя не толькі прафесійным візажыстам, але і ўсім, хто самастойна працуе над стварэннем уласнага вобраза. Яны напісаны на аснове грунтоўных акадэмічных ведаў, прычым максімальна простай мовай. Справа ў тым, што многія спецыялізаваныя выданні проста немагчыма чытаць без дадатковай мастацкай адукацыі. Мне ж хацелася мудроную тэорыю выкласці жыва і зразумела.  Усе тры мае кнігі выдатна «пасябравалі». У апошніх ёсць як базавыя веды, якія не могуць не паўтарацца, так і абсалютна новыя тэмы.

— А тыражы?
— У «Асновах каларыстыкі…» — тысяча экзэмпляраў (на сёння ў мяне засталося каля 15 штук). Выданне знайшло свайго чытача ў ЗША, Кітаі, Дубаі, многіх еўрапейскіх краінах, не кажучы пра славянскія. «Каларыстыка для візажыстаў» і «Каларыстыка для візажыстаў. Практыка» маюць тыраж па 4 тысячы экзэмпляраў кожная. Навінкі ўжо даступныя ў інтэрнэт- і кніжных крамах Мінска.

— Доўга працавала над кнігамі?
— Каля года. Канечне, можна было ўправіцца і за тры месяцы, каб вырашыла сэканоміць і працавала з сумніўнымі людзь­мі. Але мне была патрэбна каманда выключна прафесіяналаў. Рэдактар і карэктар, вярстальшчык і дызайнер маіх кніг — спецыялісты міжнароднага ўзроўню. Кожная фатаграфія — а іх у кнігах дзве сотні — таксама апрацавана профі.

Для мяне было вялікім гонарам і адказнасцю супрацоўнічаць з многімі знакамітымі стылістамі, фатографамі, візажыстамі з розных краін. Свае работы ў кнігах, напрыклад, размясцілі выкладчыкі макіяжу з Літвы і Латвіі. Прысутнічаюць у выданнях і здымкі пастаўскага фатографа Анастасіі Карпушонак.

— Цяжкасцей было шмат?
— Хапала. Але я іх не баюся, яны мяне стымулююць. Гэта кайф — з годнасцю прымаць чарговыя жыццёвыя выклікі. Як ні круці, а любая ўласная справа — гэта велізарная адказнасць, але разам з тым і выдатная школа жыцця.

— Пра чацвёртую кнігу не задумваешся?
— Такія планы ёсць. Я атрымала запрашэнне паступіць у яшчэ адну магістратуру — толькі ўжо не ў педагагічным кірунку, а ў псіхалагічным. Вучыцца давя­дзецца ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А. Куляшова. Там у мяне ёсць выдатны навуковы кіраўнік, які матывуе і натхняе, за якім паехала б у любы горад. Сваю новую дысертацыю (а таксама і кнігу) хачу прысвяціць псіхалогіі колеру, колераваму маркетынгу. Гэта сур’ёзнае даследаванне, яно зойме не адзін год. Нічога падобнага ў Беларусі яшчэ не праводзілася.

— Што натхняе, прыдае сіл?
— Мяне вельмі падтрымлівае мая сям’я, яна не дае агню ў ва мне згаснуць. Родныя ніколі не круцілі пальцам ля скроні, калі я дзялілася з імі сваімі амбіцыйнымі планамі, а канстатавалі: «У цябе ўсё абавязкова атрымаецца». Таму страх перад новымі гарызонтамі знікаў сам па сабе, яшчэ не паспеўшы мной авалодаць.

Таксама натхняюць выдатныя карціны, выставы, музыка… Не магу жыць без малявання  — гэта частка мяне, мая медытацыя. Вокладкі да ўсіх сваіх кніг я малявала сама. Адна ідэя ўзнікла цікава: я прачнулася раніцай, а вобраз ужо перад вачыма. Малюнак зрабіла за 30 хвілін, пасля і дапрацоўваць нічога не давялося. Вось што значыць натхненне.

— Што для цябе Паставы?
— Гэта мой дом. Тут я падзара­джаюся асаблівай энергетыкай, у якой заўжды маю патрэбу. Гэта мае першыя настаўнікі. Навучанне ў мастацкай і музычнай школах развілі ў ва мне творчы пачатак і веру ў сябе.

У Паставах мяне вельмі натхняе мой родны брат Сяргей і цырульня «Жемчужина», уладальнікам якой ён з’яўляецца. Мяне там можна часта сустрэць: прывожу касметычныя навінкі, час ад часу сама з вялікім задавальненнем раблю макіяж і падбіраю прычоскі. Расказваю майстрам пра сусветныя модныя тэндэнцыі — хочацца, каб і наш маленькі горад быў «прасунутым» у гэтым плане. Мару калі-небудзь правесці для мясцовых жанчын захапляльную лекцыю, каб падзяліцца сваім вопытам і ведамі, дапамагчы ім стаць яшчэ больш прыгожымі. А можа, проста натхніць іх на перамены ў жыцці: яны часта пачынаюцца са змены іміджу або проста прычоскі.

Іна Мікус
Фота з архіва Вольгі Грыбавай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.