Творческую лабораторию «Фольклорный ансамбль «Поозерье». История и современность» посвятили народной музыкальной культуре Поставщины

Культура

Няхай звіняць цымбалы!

Адным з мерапрыемстваў фестывалю «Звіняць цымбалы і гармонік» стала правядзенне творчай лабараторыі «Фальклорны ансамбль «Паазер’е». Гісторыя і сучаснасць».

Знаёмства з гэтым калектывам і ўсім, што папярэднічала яго з’яўленню, пачыналася ўжо ў фае Канцэртнай залы Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тыгенгаўза. Там была арганізавана выстава народных інструментаў, якія вырабілі або на якіх ігралі ў мінулым стагоддзі самадзейныя музыканты нашага краю. Побач — прадстаўлены багаты фота- і дакументальны матэрыял пра народную музычную культуру Пастаўшчыны, пачынаючы з «Груздаўскіх дзядоў» і заканчваючы заслужаным аматарскім калектывам Рэспублікі Беларусь народным фальклорным ансамблем «Паазер’е». Яго ўдзельнікі сустракалі гасцей — а іх прыйшло нямала, у тым ліку ганаровы прэзідэнт фестывалю Тадэуш Стружэцкі, народныя артысты Беларусі Яўген Гладкоў, Міхаіл Казінец і Міхаіл Дрынеўскі — у глядзельнай зале.

— З даўніх часоў Пастаўшчына вядомая сваімі музычнымі традыцыямі. Адным з найбольш любімых і папулярных інструментаў тут былі і застаюцца цымбалы. Асабліва адметны след у музычнай культуры краю пакінулі цымбалісты з вёсак Груздава і Пожарцы, — пачынае экскурс у мінулае вядучая творчай лабараторыі, удзельніца «Паазер’я» Жанна Гучык.

Далей яна распавядае пра выдатнага майстра па вырабе дыятанічных цымбалаў Восіпа Новіка, першы канцэрт груздаўскіх музыкантаў, які адбыўся ў 1939 годзе, стварэнне Груздаўскага цымбальнага аркестра і яго кіраўнікоў. Адначасова на вялікім экране дэманструюцца фотаздымкі тых, пра каго расказваецца.

Ішлі гады, і музыкі з Груздава адзін за адным сталі пакідаць гэты свет. Трэба было рыхтаваць ім змену. Так у 1991 годзе Анатоль Собаль стварыў ансамбль фальклорнай музыкі «Паазер’е» і ўзначаліў яго. Сёння менавіта «паазерцы» працягваюць музычныя традыцыі груздаўскіх цымбалістаў, захоўваючы мелодыі роднага краю, імкнуцца забяспечыць цымбалам і народнай песні гучанне ў паўсядзённым жыцці.

І вось на сцэну выходзяць усе ўдзельнікі калектыву. Яны выконваюць вальс «Зорачка», полькі «Матылёк» і «Оп-па», танец «Падэспань», а таксама аўтарскія песні «Як зайграюць цымбалы» і «Сцюдзяніца», напісаныя А. Собалем на словы І. Пракаповіча. Затым «Паазер’е» саступае месца свайму спадарожніку — дзіцячаму фальклорнаму ансамблю школы мастацтваў «Пастаўскія цымбалісты». А вядучая расказвае пра адкрыццё ў навучальнай установе класа дыятанічных цымбалаў, які стаў для юных музыкантаў своеасаблівай школай засваення фальклору на аснове мясцовых мелодый, і пераемнасць пакаленняў. У выкананні дзяцей гучаць мазурка, полька «Янінка», кракавяк, запісаныя ў груздаўскіх музыкаў.

І зноў на сцэне «Паазер’е», якое запрашае ўсіх на «Літоўскі вальс». Прыгожую павольную мелодыю змяняюць імклівыя рытмы полькі «Янка», груздаўскай «Гусі-сюсі», развясёлай «Уха-ха». Яны чаргуюцца з аўтарскімі песнямі кіраўніка калектыву на словы Алеся Гарбуля «Гой, кума» і «Талака», сучаснай народнай «Цешча, дай». Пасля кожнай гледачы не шкадуюць апладысментаў.

Яшчэ адным напрамкам музычнай творчасці калектыву з’яўляецца напісанне і выкананне інструментальнай музыкі. Калі гучыць «Пастаўская крутуха», салістка ансамбля Жанна Гучык запрашае на танец Тадэуша Стружэцкага. І той ахвотна пускаецца з ёй у скокі.

Гадзіна песень, музыкі і вершаў пралятае непрыкметна. Час развітвацца. Усе ўдзельнікі канцэрта збіраюцца перад гледачамі.

— Багатая музычная спадчына засталася нам ад груздаўскіх цымбалістаў, — гаворыць вядучая. — Любоў да роднай зямлі і яе мелодый груздаўскія музыкі перанялі ад дзядоў і бацькоў, а потым перадалі сваім нашчадкам. Хочацца верыць, што і надалей не згаснуць любоў і павага да народнай інструментальнай спадчыны, што традыцыі, якія існавалі ў гэтым краі, будуць перадавацца з пакалення ў пакаленне. А груздаўскім цымбалам — звінець і звінець, і несці людзям радасць!

Тэкст і фота Алены Шапавалавай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.