Уже 33 года за первым столом работает заведующая аптекой №235 Светлана Павлова

Важное Здравоохранение

Першым сталом называецца працоўнае месца фармацэўта-рэцэптара, які адпускае лекавыя сродкі ў аптэцы.

— У многім на выбар прафесіі паўплывала мама, якая ўсё жыццё адпрацавала ў цэнтральнай бальніцы. Яшчэ адным аргументам паслужыў той факт, што ў школе падабаліся хімія і біялогія, — тлумачыла свой колішні выбар Святлана Аляксееўна. — Зараз у цэнтральнай аптэцы №87 раёна працуе мая дачка Алена Дашкевіч. Тры медыкі розных пакаленняў у сям’і — гэта ўжо працоўная дынастыя. Мы гэтым ганарымся.

Пасля заканчэння Магілёўскага медыцынскага вучылішча па размеркаванні Святлану накіравалі ў вёску Празарокі Глыбоцкага раёна. Потым была праца ў аптэцы ваеннага шпіталя, Варапаеўскай і цэнтральнай аптэках, з 2002 года ўзначальвае аптэку ў 5 гарадку. У абавязкі С. Паўлавай уваходзіць сачыць за наяўнасцю неабходнага тавару, своечасова заказваць і атрымліваць яго ў цэнтральнай аптэцы раёна. Пасля праверкі медыцынскія сродкі трэба раскласці па групах, а іх каля дзесяці: сардэчная, адхарквальная, антыбіётыкі, абязбольвальная, супрацьзапаленчая і інш. Таксама загадчыца адказвае за захаванасць грошай і тавару.

У аптэцы прадстаўлена каля дзвюх тысяч найменняў тавару. У асноўным — лекавыя сродкі, таксама ёсць парфум, вырабы медыцынскага прызначэння і інш. Попытам карыстаецца ўсё. Па рэцэптах адпускаюцца сардэчныя і гіпертэнзіўныя прэпараты, некаторыя антыбіётыкі, але безрэцэптурнага водпуску значна больш. Гэта патрабуе ад фармацэўта-рэцэптара выдатнага ведання фармакалогіі: хто з нас хоць раз не прасіў параіць «што-небудзь ад…»?

— Каб паглыбіць веды пра лекавыя сродкі і іх уздзеянне на арганізм, чытаю спецыялізаваную літаратуру, інфармацыйныя матэрыялы. З вопыту ведаю, што прызначаюць урачы пры тым ці іншым дыягназе, — расказвала суразмоўца. — Прыемна, калі потым кліенты вяртаюцца і дзякуюць за параду, ды і проста прыязна ставяцца. Да мяне па пакупкі прыходзіць адна жанчына, якая вітаецца заўсёды аднолькава: «Прывітанне, мой любімы доктар!», другая ласкава звяртаецца «аптэкарачка мая». Як тут не радавацца? А ўвогуле, я вельмі люблю сваю работу, і перш за ўсё — за зносіны з людзьмі. На пачатку працоўнай біяграфіі мне прапаноўвалі гатаваць лекі, але я выбрала першы стол. Час паказаў, што не памылілася.

Так мяркуюць і кліенты аптэкі №235. Па-першае, пра ветлівае абслугоўванне Святланай Аляксееўнай мне ўвесь час паўтарае мама, намякаючы пра патэнцыяльнага героя для публікацыі. Па-другое, пагартала падчас нашай размовы з фармацэўтам кнігу заўваг і прапаноў. Многія запісы ў ёй пераклікаюцца, таму прывяду толькі адзін: «Неаднойчы чула ад жыхароў 5 гарадка станоўчыя водгукі пра работу загадчыцы аптэкі. І сапраўды, калі давялося звярнуцца самой, упэўнілася ў яе высокім прафесіяналізме, уважлівасці, чуласці, добразычлі­васці. Захапляе вытрымка ў зносінах з кліентам. Не лічыцца са сваім часам: можа затрымацца пасля заканчэння рабочага дня, каб абслужыць чалавека. У наш час гэта рэдкасць».

Мяркую, кожны хацеў бы, каб яго працу ацэньвалі так высока.

Тэкст і фота Веранікі Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.