В Поставах прошла встреча с руководителем центра помощи зависимым от алкоголя и наркотиков «Светач»

Общество

Я не п’ю, таму што – алкаголік

Бачыце ў гэтай фразе супярэчлівасць? А яе няма. Так сцвярджаюць тыя, хто пакутаваў ад алкагольнай залежнасці, змог яе пераадолець, але разумее, што дастаткова выпіць чарку-другую, як зноў зацягне гэтая багна.

Пра тое, як пазбавіцца ад згубнай немачы, нядаўна ішла размова ў Паставах на сустрэчы кіраўніка цэнтра дапамогі залежным ад алкаголю і наркотыкаў «Светач», створанага тры гады таму пры парафіі Хрыста — Валадара Сусвету ў вёсцы Бягомль Докшыцкага раёна, псіхолага-кансультанта, магістра псіхалогіі Ула­дзіміра Шчэпіна з групай пастаўчан, падвергнутых алкагалізму. Углядаюся ў твары апошніх — і на кожным выразна бачу адбітак іх хваробы. Параўноўваю з гасцямі, якія пазбавіліся ад залежнасці і прыехалі падзяліцца сваім уласным вопытам, — зусім іншы выгляд. А галоўнае — іншыя меркаванні. Кожны адкрыта расказваў пра свой шлях уніз, але ўвагу акцэнтаваў на тым, што пазнаў і шлях наверх, да паўнацэннага жыцця.

Кіраўніку цэнтра — 58. «15 з іх я цвярозы, — гаварыў ён. — І за гэты час у маім жыцці адбылося столькі станоўчага, што немагчыма было нават уявіць у папярэднія, «п’яныя», гады. Я навучыўся кахаць, разумець людзей, прымаць іх такімі, якія яны ёсць, са­дзіцца за стол перамоў, любіць свет. Адметна тое, што ў нашым цэнтры працуюць псіхолагі, кансультанты, валанцёры, якія маюць уласны вопыт вызвалення ад залежнасці і лепш, чым хто іншы, могуць зразумець сабратоў па няшчасці».

На сустрэчу прыехалі і тыя, каму «Светач» дапамог убачыць шлях наверх і стаць на яго. «Я — Андрэй, — алкаголік і наркаман, — адкрыта, як на споведзі, расказваў пра сваё бязладнае жыццё 56-гадовы мужчына. — Быў тройчы жанаты. Жонкі пакідалі мяне не таму, што былі дрэннымі жанчынамі, а таму, што са мной было невыносна жыць. Бухаў на працягу 32 гадоў. Падсеў і на наркотыкі. Здзейсніў злачынства і трапіў у лагер. Але і там удавалася раздабываць спіртное. Апошнія тры гады бамжаваў. Ледзьве не згарэў у вагончыку. У «Светач» мяне прывёз брат, і цэнтр змяніў маё жыццё. Я адмовіўся ад алкаголю і застаўся тут валанцёрам. Радуюся сонцу, лю­дзям, званкам, магу адкрыта паглядзець у вочы сваім дзецям і ўнукам, размаўляць з былымі жонкамі. Ва ўсіх папрасіў прабачэння, толькі ў бацькоў не паспеў — яны памерлі, так і не ўбачыўшы маё цвярозае жыццё».

На мяжу жыцця і смерці прывёў алкаголь і 33-гадовага Дзмітрыя. Цудам застаўся жывы. «Я прызнаваў сябе алкаголікам, — гаварыў ён на сустрэчы, але ні пра «Светач», ні пра групы ананімных алкаголікаў, ні пра 12 крокаў да цвярозасці не ведаў. І вось трапіў у гэты цэнтр. Пасля 3-месячнага знахо­джання застаўся ў ім валанцёрам. Але на 6-м месяцы сарваўся — запіў. На шчасце, гэта не стала катастрофай. Знайшоў у сабе сілы спыніцца. Вярнуўся ў родныя мясціны, зноў стаў працаваць на тэхні­цы. Не так даўно ездзіў на форум ананімных алкаголікаў, які праходзіў у Смаргоні. Мяне першага запрасілі на сцэну, і я ўпершыню выступаў перад публікай, а там прысутнічала каля 500 чалавек».

У пачатку паўторнага шляху да цвярозасці Дзмітрый устанавіў на сваім мабільным тэлефоне лічыльнік, які паказваў, каторы па ліку дзень ён не ўжывае спіртнога. Пасля 165 дзён адключыў. Верыць у сябе і ў тое, што ўсе наступныя дні, месяцы і гады будуць толькі цвярозыя.

А вось тыя, для каго згаданая сустрэча арганізоўвалася, пакуль не рашыліся зрабіць хаця б першы крок да цвярозасці. Прынамсі, на запрашэнне Уладзіміра Шчэпіна адправіцца ў той жа дзень або пазней у «Светач» ахвотных не знайшлося: прыдумваліся ўсялякія адгаворкі. Але дзверы цэнтра адчыненыя заўсёды. Там не пытаюцца, колькі табе гадоў, якога ты сацыяльнага статусу і веравызнання, чаму заблытаўся ў жыцці, а стараюцца дапамагчы кожнаму, якой бы безнадзейнай ён ні адчуваў сваю сітуацыю.  Умова толькі адна — жаданне чалавека вярнуцца да нармальнага ладу жыцця. Для тых, у каго яно з’явіцца, паведамляю нумары мабільных тэлефонаў цэнтра «Светач»: 8(033) 345-52-78 (МТС), 8(029) 532-68-66 (МТС). Падрабязную інфармацыю пра дзейнасць цэнтра можна знайсці на яго сайце.

Праграма цэнтра «Светач» уключае ў сябе работу з псіхолагам і кансультантамі ў групе і індывідуальна, лекцыі пра прыроду захворвання на алкагалізм; трэнінгі, накіраваныя на асваенне на практыцы навыкаў выкарыстання інструментаў выздараўлення; працатэрапію; работу з роднымі залежных па пытаннях аднаўлення сямейных і сацыяльных адносін, вырашэння асабістых праблем. Тэрмін праходжання поўнай праграмы — ад 1 да 3 месяцаў. Магчымыя і кароткатэрміновыя экспрэс-курсы: 3, 7 або 14 дзён.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.