В воскресенье профессиональный праздник отметили медицинские работники Поставщины

Важное Здравоохранение

Чараўнікі ў белых халатах

14 чэрвеня ў раённым Доме культуры па вуліцы Станкевіча сабраліся цяперашнія і былыя работнікі Пастаўскай ЦРБ. Нагода — прафесійнае свята медыкаў, якое штогод прыпадае на трэцюю нядзелю чэрвеня.

Сёлетні год для сістэмы аховы здароўя Беларусі асаблівы — ёй спаўняецца 100 гадоў. Пра асноўныя вехі станаўлення медыцынскай галіны ў нашай краіне расказаў дакументальны фільм, які быў прапанаваны ўвазе прысутных у пачатку мерапрыемства. Галоўны ўрач ЦРБ Ула­дзімір Чакавы спыніўся на раз­віцці медыцыны ў нашым раёне, якая бярэ пачатак у студзені 1940 года. Узгадаў гераічныя старонкі гісторыі, напісаныя пастаўскімі медыкамі-франтавікамі, той высокі ўзровень, на які вывелі медыцыну цяперашнія ветэраны працы, ахарактарызаваў дзень сённяшні. Адметнасць УЗ «Пастаўская ЦРБ» у тым, што яна з’яўляецца найбуйнейшай медыцынскай арганізацыяй сярод сель­скіх раёнаў краіны. У яе склад уваходзяць цэнтральная раённая бальніца, Варапаеўскі філіял ЦРБ, 3 участковыя бальніцы сястрынскага догляду, 27 ФАПаў, 3 аддзяленні хуткай дапамогі.

Медыкаў Пастаўшчыны ва ўсім падтрымлівае раённая ўлада, якая, у тым ліку, паспяхова вырашае пытанні забеспячэння галіны. Толькі па крыніцы медыкаментаў праходзіць мільён рублёў. Актыўна аднаўляецца паліклініка: нядаўна завершана рэканструкцыя жаночай кансультацыі і хірургічнага кабінета, зараз прыступілі да мадэрнізацыі рэнтгенаўскага кабінета (укласці ў яго плануецца больш за 200 тысяч рублёў), восенню надыдзе чарга дзіцячай кансультацыі і кабінета фізіятэрапіі, вядуцца іншыя работы.   

— За год адбываецца 12 тысяч шпіталізацый у стацыянар і дзённы стацыянар, на кожнага жыхара раёна прыпадае па 9 наведванняў паліклінікі ці амбулаторыі, 10 тысяч выклікаў паступае ў хуткую дапамогу, — прыводзіў статыстыку Уладзімір Мікалаевіч. — 75% медыцынскай дапамогі аказваецца на першым, раённым, узроўні. Гэта значыць, што людзі нам давяраюць. Больш за тое, кожны знаходзіцца на сваім месцы, а разам мы — каманда, якая раздзяляе з пацыентамі не толькі сумныя, але і радасныя моманты іх жыцця. Дзякую ўсім за прафесіяналізм і чуласць, жадаю ўсяго самага добрага і светлага.

Да віншаванняў галоўнага ўрача далучыўся намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў. Ён адзначыў, што не без падстаў ганарыцца сістэмай аховы здароўя раёна і тымі, хто яе стварае, выбраўшы самую складаную, адказную і высакародную прафесію. Бо кваліфікаваныя кадры з’яўляюцца залогам поспеху, дазваляюць ажыццяўляць новыя ідэі. Менавіта ўрачам, медсёстрам і санітарачкам, а не высокатэхналагічнаму абсталяванню ўдзячныя пацыенты. Выканаў прыемную місію — уручыў Ганаровыя граматы райвыканкама і райсавета дэпутатаў.

Прафесіяналізм пастаўскіх медыкаў адзначаны на самых высокіх узроўнях. Так, Камайская ўчастковая бальніца сёлета заваявала другі дыплом рэспубліканскага агляду якасці і культуры медыцынскага абслугоўвання насельніцтва ў намінацыі «Найлепшая ўчастковая бальніца», загадчыцы Сакунскага ФАПа Наталлі Мозалевай прысвоена ганаровае званне «Чалавек года Пастаўшчыны», загадчык аддзялення ўрачоў агульнай практыкі паліклінікі Міхаіл Петух стаў пераможцам рэспубліканскага конкурсу «Урач года Рэспублікі Беларусь» у намінацыі «Урач агульнай практыкі». Таксама Міхаіл Лявонцьевіч узнагароджаны знакам «Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь». За шматгадовую добрасумленную працу, прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у развіццё і ўмацаванне здароўя насельніцтва загадчык тэрапеўтычнага аддзялення стацыянара Патапій Лук’янаў, урач агульнай практыкі паліклінікі Даната Крыштафовіч і медыцынскі статыстык арганізацыйна-метадычнага кабінета Таццяна Канчаніна ўдастоены Ганаровай граматы галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкама. Яшчэ 8 медработнікаў узнагароджаны Ганаровай граматай ЦРБ, фота­здымкі 18 медыкаў занесены на Дошку гонару ўстановы. Каштоўныя падарункі атрымалі ад старшыні прафсаюзнага камітэта ЦРБ Жанны Юркевіч сёлетнія пераможцы ў розных намінацыях.

Тэкст і фота Веранікі Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.