Внештатный автор «ПК» и просто обаятельная женщина Нелла Лось отметила свой юбилей

Личности

Які непрадказальны сцэнарыст Жыццё

Нэлла Лось адчыніла дзверы сваёй кватэры, а я разгубілася. Сказаць-то мне сказалі, што пазаштатны аўтар «Пастаўскага краю» адзначае свой юбілей, а пра ўзрост прамаўчалі. І вось стаіць перад табой усмешлівая жанчына ў яркай вузкай спадніцы вышэй за калена, у туфлях на абцасах, і паспрабуй угадаць, колькі ёй гадоў!

Давялося пачынаць інтэрв’ю з самага непажаданага, а для многіх жанчын нават крыўднага пытання пра ўзрост.

— Мне ўжо 70! — адказала Нэлла Іосіфаўна.  — Хаця на свой узрост сябе зусім не адчуваю, — прызналася яна і нечакана дадала: — Здаецца, сто гадоў ужо за плячыма… Але давай не бу­дзем пра сумнае!

І праз імгненне жанчына пераключаецца на вясёлы лад.

— Кампліменты чуць прыемна ў любым узросце. А як яны акрылялі ў маладосці! Толькі вельмі назойлівых кавалераў ніколі не любіла. У мяне быў свой, «аўтарскі», метад, як ад іх адчапіцца: брала на спатканне свайго сына, яшчэ дзвюх дачок «пазычала» ў суседкі — і не ўяўляеш, як хутка гэтыя кавалеры раствараліся!

Многа кур’ёзаў было ў жыцці Нэллы Іосіфаўны. А некалі яна і верыць не верыла, што калі-небудзь будзе шчыра смяяцца.

…Нэлла нарадзілася ў вёсцы Вялічкі каля Лынтуп. Маці працавала ў мясцовай школе настаўніцай.

— Пра дэкрэтны водпуск тады і паняцця не было, — расказвала суразмоўца. — Аднойчы прама на ўроку ў мамы пачаліся роды. Нехта пабег па маю бабулю, тая карову даіла. Дык яна мяне тым сырадоем і абмыла. На ўдачу!

Народжаная сярод кніг, Нэлла пранесла любоў да іх праз усё жыццё. 30 гадоў адпрацавала бібліятэкарам. Шлях у прафесію пачынала ў роднай бацькавай вёсцы, у Каптарунах, потым працягвала яго ў Лынтупах, Віцебску, Варапаеве. Пасля смерці ­адзінага сына, які з-за трагічнага збегу абставін памёр ва ўзросце 31 года, вырашыла вярнуцца ў Лынтупы. У Варапаеве, дзе ўсё нагадвала пра страту, знаходзіцца больш не змагла.

— У гэты жудасны час мяне выратавала моцная вера, — успамі­нае жанчына. — Усё ж невыпадкова я нарадзілася 13 мая (праўда, у дакументах пазначана дата 14 чэрвеня: маці Нэллы не змагла яе своечасова зарэгістраваць — аўт.), у дзень аб’яўлення Маці Божай Фацімскай, апеку якой заўсёды адчуваю. Памятаю, падыду да калодзежа, выцягну вядро сцюдзёнай вады — і на сябе. Каб адчуць, што жывая. Гады чатыры хадзіла босая. Па талым снезе, па гразі. Хацелася адчуваць зямлю пад нагамі…

Саўладаўшы з эмоцыямі ад успамінаў, Нэлла Іосіфаўна ўжо з іншым настроем выказвала шчырыя словы ўдзячнасці ранейшаму рэдактару «Пастаўскага краю» Ф. А. Касаткінай і яе намесніку — Г. Р. Пішч. Як прызналася, яны «вывелі яе жыццё на новую арбіту».

— Калі даслала ў «Пастаўскі край» сваю першую публікацыю, мне ішоў 65-ты год, — гаварыла. — Канечне, не той узрост, каб пачынаць у жыцці штосьці новае, але так атрымалася. У мяне шмат сяброў і знаёмых, якія могуць адкрыць душу і расказаць самае патаемнае. Дзіву даешся, які таленавіты і непрадказальны сцэнарыст Жыццё, якія сюжэты ён умудраецца ўплятаць у чалавечыя лёсы! Шмат тэм у маім стале чакаюць часу, калі лягуць на паперу.

— Што вас натхняе? — не магла не задаць гэтага пытання творчай асобе.

— Блізкія людзі, іх званкі, прыезды. Люблю прыгожых жанчын, малых детак, люблю, калі ў чалавека адкрываецца талент і ён умее ім карыстацца. Натхняе і «Сяброўка» — клуб па інтарэсах пры мясцовай бібліятэцы. Я ў захапленні ад нашых бібліятэкараў — такіх творчых, прафесійных.

Адны на пенсіі кажуць, што няма куды дзяваць час, — працягвала Нэлла Іосіфаўна. — А мне яго не хапае. Ёсць хобі: люблю прыроду, прагулкі. Навучылася жыць, як хачу я сама, а не так, як чакаюць іншыя. Немагчыма, каб кожны любіў мяне, мой лад жыцця. Нехта абмяркуе, а можа, і асудзіць тую ж яркую сукенку, маўляў, не па ўзросце. Толькі скажу, што я ніколі не забываю, колькі мне гадоў. І дзякую нябёсам за кожны пражыты дзень, за новыя сустрэчы і эмоцыі.

…Дыктафон выключаны, галоўныя пытанні зададзены. Але яшчэ доўга абмяркоўваем розныя тэмы. Пра захапленне сучаснымі беларускімі аўтарамі. Пра тое, як здорава праехаць на веласіпедзе кіламетраў дзесяць, каб нарваць букет палявых кветак. Моцна кранула і гісторыя пра заўчасную смерць роднага брата, пра няпросты лёс бацькі, які шмат працаваў, але доўга жыў у страху раскулачвання. А таксама пра любоў да ўнука і нявесткі, якую ніколі не назаве былой.

Падчас размовы вочы жанчыны то поўняцца слязамі, то шчыра ўсміхаюцца. Яе жыццё таксама падобнае на твор са складаным, закручаным сюжэтам. Шкада толькі, што ў яго ніводнай праўкі не ўнясеш…

Іна Мікус
Фота Фаіны Касаткінай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.