Врачи 1-го военного госпиталя органов пограничной службы РБ поборолись за звание лучшего

Важное Здравоохранение

Таленавітыя і крэатыўныя прафесіяналы

Так можна ахарактарызаваць удзельнікаў конкурсу ўрачоў, які прайшоў напярэдадні Дня медыцынскага работніка ў 1-м ваенным шпіталі органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь.

Дадзенае мерапрыемства ў гэтай лячэбнай установе праводзіцца ў 25-ы раз. Звычайна паміж сабой спаборнічалі медыцынскія сёстры. Сёлета фармат змянілі і на сцэну выйшлі ўрачы: начальнік аддзялення прамянёвай дыягностыкі ўрач-рэнтгенолаг Марына Бе­кіш, начальнік перасоўнага стаматалагічнага кабінета ўрач стаматолаг-артапед Дзмітрый Чырвоны, урач-кардыёлаг тэрапеўтычнага аддзялення Іаланта Кустрэй і начальнік аддзялення дыспансерызацыі ўрач-тэрапеўт капітан медыцынскай службы Валянціна Галімская.

У складзе журы былі вопытныя калегі на чале з часова выконваючым абавязкі намесніка начальніка шпіталя — начальні­ка медчасці маёрам Уладзімірам Мятліцкім, якія змаглі годна ацаніць майстэрства канкурсантаў.

Спачатку прайшло лёсаванне. Правяла яго Чырвоная Шапачка, ролю якой удала выканала Алеся Розынка. Затым канкурсанты расказвалі пра сябе, дэманстравалі відэаролікі і слайд-шоу. Дзмітрый Чырвоны і Валянціна Галімская прадставілі сябе ў вершаванай форме, з гумарам. Іаланта Кустрэй прапанавала пагартаць сямейны альбом. З візітнай картачкі Марыны Бекіш гледачы даведаліся, што яна карэнная пастаўчанка. На ваенную службу прызвалася ў 1995-м і прысвяціла ёй 20 гадоў. У адстаўку пайшла ў званні падпалкоўніка, але працягвае аказваць медыцынскую дапамогу ўсім, хто мае ў гэтым патрэбу. Капітан медыцынскай службы Валянціна Галімская нарадзілася ў Бабруйску. Пра медыцыну марыла з дзяцінства. Спачатку закончыла медвучылішча, затым Гомельскі медінстытут. Па волі лёсу служыць у Паставах. Дзмітрый Чырвоны — мінчанін. Толькі ніколькі не шкадуе, што працуе ў Паставах: тут сустрэў сваё каханне — медсястру Алу, прафесію стаматалога выбраў сын Ілья. Радзіма Іаланты Кустрэй — Вільнюс. Прафесію ўрача атрымала ў Ві­цебскім медінстытуце (закончыла яго з адзнакай), працоўны шлях пачала ў абласным цэнтры, затым прыехала ў Пастаўскую цэнтральную раённую бальніцу, цяпер працуе ў шпіталі. Прадстаўляючы сябе, удзельнікі хваляваліся, але гэта не перашко­дзіла ім бліскуча справіцца з заданнем.

Тэарэтычныя веды па медыцыне яны прадэманстравалі падчас бліц-турніру «Медыцынская тэрміналогія». Усе далі вычарпальныя адказы на пытанні. А на конкурсным заданні па аказанні неадкладнай медыцынскай дапамогі падрабязна расказалі пра тое, як ратавалі б чалавека ў той ці іншай непрадказальнай сітуацыі.

Дамашняе заданне — «75 гадоў пад мірным небам». Канкурсанты расказалі пра вялікую ролю ваенных медыкаў у гады Вялікай Айчыннай вайны і лёс сваіх землякоў, пра развіццё медыцыны ў  мірны час. На працягу ўсіх выпрабаванняў удзель­нікі прызнаваліся ў любові да абранай справы, дэманстравалі не толькі свае прафесійныя навыкі, але і раскрылі таленты,  даказалі, што медыцына — іх прызванне.

Актыўна падтрымлівалі канкурсантаў балельшчыкі, калегі. Напрыклад, у выкананні дамашняга задання Марыне Бекіш дапамагалі калегі Галіна Шаламіцкая і Раіса Шуміцкая, актыўнай была і яе група падтрымкі ў зале.

Конкурсныя заданні чаргаваліся з музычнымі нумарамі, якія падрыхтавалі супрацоўнікі шпіталя Яўгеній Герасімаў, Марына Вайцяховіч, Юлія Дзісько, Іаланта Кустрэй.

Журы падвяло вынікі. Свой голас мелі права аддаць і гледачы: перад пачаткам мерапрыемства кожны атрымаў спецыяльную картку, якую потым апусціў у ячэйку таго ўдзельніка, які найбольш спадабаўся. Агучыць вынікі вядучыя Яўгенія Баранава і Антон Якаўлеў запрасілі начальніка шпіталя палкоўніка медыцынскай службы Сяргея Півеня. Ён павіншаваў усіх з Днём медыцынскага работніка, падзякаваў канкурсантам за ўдзел і падкрэсліў,  што яны не проста прафесіналы абранай справы, але і таленавітыя, творчыя асобы. А найлепшым па прафесіі прызнаны Дзмітрый Чырвоны.

Тэкст і фота Анны Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.