Выбрал вкусную профессию. Новый повар ресторана «Світанак» Александр Волков

Общество

Дыплом Пастаўскага дзяржаўнага каледжа аб атрыманні сярэдняй спецыяльнай адукацыі Аляксандру Волкаву ўручылі 1 чэрвеня бягучага года. І хоць прыступіць да работы па размеркаванні павінен быў толькі на наступным тыдні, зрабіў гэта неадкладна. Зараз, пакуль яго аднагрупнікі толькі рыхтуюцца да першых крокаў у прафесіі, хлопец ужо паспеў, як кажуць, уліцца ў калектыў і адчувае сябе на новым месцы досыць упэўнена.

 Саша працуе поварам у рэстаране «Світанак». На выбар прафесіі натхніла мама Ганна Дзеўгуць, якая доўгі час шчыравала кандытарам у райцэнтры, а зараз завіхаецца ля пліты ў сталовай ААТ «Сцяг Перамогі-агра» ў Юньках.

— Мама многа гатавала дома, пякла пірагі, тарты. Яе часта прасілі знаёмыя дапамагчы прыгатаваць што-небудзь, — успамінае хлопец. — Мне з дзяцінства вельмі падабалася назіраць за працэсам, калі падрос, пачаў дапамагаць. Спачатку на ўзроўні «падай-прынясі», потым самастойна замешваў цеста, ляпіў піражкі і булачкі. А пасля заканчэння 9-ці класаў вырашылі з двума аднакласнікамі паступаць у каледж, каб стаць поварамі. Пасля атрымання першай ступені адукацыі, скончыў другую.

Саша — адзін з найлепшых выпускнікоў сваёй групы, сярэдні бал дыплома — 8,1. Падчас вучобы некалькі разоў праходзіў практыку ў рэстаране «Світанак», і калектыў прасіў размеркаваць яго менавіта сюды. Зараз над юнаком апякуюцца «кухоныя мамы» — повары Галіна Зямчонак і Ірына Сцяпанава, вучаць усім прамудрасцям прафесіі. Робяць і заўвагі, але ўсе яны толькі на карысць.

— Калектыў выдатны, і гэта радуе. Стравы гатуем па чарзе: адзін смажыць мяса, запякае бульбу, другі наразае салаты, гатуе суп, потым мяняемся. Нарэзкі на банкеты пакуль не раблю: яшчэ не набіў руку. А ўвогуле, падабаецца ўвесь працэс: ад ачысткі гародніны да ўпрыгажэння гатовых страў, — гаварыў. — Самая вялікая складанасць — гэта невыносная гарачыня, якая стаіць летам на кухні, а табе трэба знаходзіцца ў спецадзенні ля пліты, якая дыхае жарам. Напружанымі былі і тры фестывальныя дні, калі працавалі ў аўральным рэжыме.

Затое надзвычай прыемна, калі наведвальнікі рэстарана заходзяць на кухню, каб падзякаваць за смачна прыгатаваную ежу. Такое, хоць і не заўсёды, але бывае.

Тэкст і фота Веранікі Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.