22 июля прошло очередное заседание райисполкома

Важное Местная власть

У аптымальныя тэрміны і якасна неабходна ўбраць ураджай і пасеяць азімыя культуры

Пра гэта ішла размова 22 ліпеня на пасяджэнні райвыканкама, дзе ў ліку іншых пытанняў разглядаліся ход жніва і правядзенне асенніх палявых работ на Пастаўшчыне.

Уборачная кампанія падво­дзіць вынікі ўсяго сельскагаспадарчага года. У раслінаводстве яны напрамую залежаць ад арганізацыі работ на месцах, захаванання тэхналагічнай дысцыпліны, а таксама ад умоў надвор’я, якое сёлета не вельмі спрыяе хлебаробам. Тым не менш, па ацэнцы спецыялістаў, ураджай у раёне чакаецца неблагі. Так, валавая вытворчасць зерня прагназуецца ў аб’ёме 50 тысяч тон, што амаль на 20 тысяч тон больш за мінулагоднюю. Валавая вытворчасць рапсу — каля 4800 тон (плюс 300 тон да ўзроўню 2018 года).

— Агульны план уборкі зерневых культур складае 17450 гектараў, у тым ліку азімых — 10703, яравых і зернебабовых — 6762 гектары. Лён трэба ўбраць на плошчы 2052 гектары, бульбу — на 54, кукурузу — на 3878 гектарах. Што датычыць рапсу, то ўборка азімага ўжо завершана, — дакладвала на пасяджэнні галоўны спецыяліст упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Таццяна Андрэева.

На сёлетнім жніве задзейнічаны 74 зернеўборачныя камбайны — на 11 менш, чым летась. Адпаведна, значна вышэйшая і сезонная нагрузка на адзінку тэхнікі, яна складае ў сярэднім па раёне 236 гектараў. Пры спрыяльных умовах і добрым тэхналагічным стане камбайнаў правесці ўборку магчыма за тры тыдні. Толькі ў ААТ «Камайскі-агра», дзе нагрузка на камбайн складае 368 гектараў, работы могуць расцягнуцца больш чым на месяц. Выцерабіць лён рэальна за 18 дзён пры ўмове выкарыстання льноўборачнай тэхнікі льнозавода ў сельгасарганізацыях раёна.

— У апошнія гады ўсе работы — пасяўную, корманарыхтоўку, уборку — Пастаўскі раён пачынае адным з першых на Віцебшчыне, а заканчвае адным з апошніх, — гаварыў старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік. — Гэта атрымліваецца таму, што моцныя гаспадаркі, управіўшыся самі, не жадаюць дапамагаць слабейшым. Такога быць не павінна. У вобласці раёны працягваюць руку адзін аднаму, ствараюцца інтэграцыйныя структуры, каб выратаваць слабыя гаспадаркі.

Але самае балючае пытанне сёння, па меркаванні старшыні райвыканкама, — уборка льну.

— Я ўпэўнены, што пасяўныя плошчы пад гэтай культурай будуць не змяншацца, а, наадварот, павялічвацца. І тут у першую чаргу нагрузка кладзецца на льнозавод. А мы ў сваю чаргу павінны аказваць яму ўсялякую дапамогу і падтрымку, як цяпер завадчане дапамагаюць, чым могуць, гаспадаркам. Гэта будзе ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва, — рэзюмаваў кіраўнік раёна.

У час пасяджэння размова ішла таксама пра забеспячэнне захаванасці сабранага ўра­джаю, выкананне дзяржзаказу, стварэнне бяспечных умоў працы для механізатараў і іншых работнікаў, задзейнічаных на жніве, умацаванне працоўнай і вытворчай дысцыпліны. Была ўдзелена ўвага сяўбе азімых культур, якую трэба правесці ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны, каб на наступны год быць з хлебам, мясам і малаком. У прыватнасці, гаварылася пра важнасць унясення мінеральных удабрэнняў пад азімую сяўбу і гліфасатаў для барацьбы з пустазеллем.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.