25 июля — День пожарной службы Беларуси

Безопасность Важное

РАНС слухае. Чым дапамагчы?

Вам даводзілася бачыць пажар? Калі ненажэрнае полымя паглынае ўсё на сваім шляху, а густы, едкі дым засцілае наваколле? Людзей ахоплівае паніка або яны застываюць у жаху. І толькі пажарныя бясстрашна ўступаюць у схватку са стыхіяй…

Сёння — прафесійнае свята агняборцаў. Напярэдадні я сустрэлася з намеснікам начальніка па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Ігарам Януковічам і папрасіла расказаць пра будні ратаўнікоў.

— Ігар Іосіфавіч, каму па сілах такая небяспечная служба?

— Толькі тым, хто мае моцнае здароўе і выдатную фізічную падрыхтоўку. Адбор кандыдатаў на службу ў РАНС праводзіцца вельмі сур’ёзна, і праходзяць яго нямногія. Абавязковая ўмова — не толькі фізічная загартоўка, але і высокія маральныя якасці, з праверкі якіх і пачынаем адбор кандыдатаў. Зга­дзіцеся, калі чалавек парушае грамадскі парадак, злоўжывае спіртным, безадказна паво­дзіць сябе ў сям’і, то які з яго ратаўнік?

— У вашым райаддзеле надзейныя кадры?

— Безумоўна! У калектыве 17 афіцэраў, 62 байцы і 2 вольнанаёмныя (сакратар і загадчык склада). Не сорамна ні за аднаго. Радуе пераемнасць пакаленняў. І зараз застаюцца прыкладам для маладзейшых нашы ветэраны, якія ўжо на пенсіі, Віктар Арсеньевіч Міхайлоўскі, Мікалай Казіміравіч Пляшкун, Віктар Эдуардавіч Пісарчык, Пётр Альбінавіч Свірыдовіч і іншыя. На днях правялі на заслужаны адпачынак старшага інспектара інспекцыі нагляду і прафілактыкі Васілія Грынько. Завяршае службу і інспектар групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Аляксандр Мухля. Абодва ўнеслі вялікі ўклад у работу аддзела, асабліва ў плане прафілактыкі надзвычайных здарэнняў.

Асобна хачу сказаць пра былога начальніка РАНС Уладзімі­ра Іванавіча Дарашкевіча, які, на жаль, дачасна пайшоў з жыцця. Вялікая яго заслуга ў тым, што аддзел у Паставах захаваўся, а ў Варапаеве сіламі асабовага складу РАНС створана пажарная часць. Ён умеў арганізаваць і згуртаваць людзей. Толькі добрым словам успамінаем Міхаіла Фёдаравіча Брэскага, былога ліквідатара наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, выдатнага спецыяліста, цудоўнага чалавека.

— А каго з сённяшніх афіцэраў і байцоў можаце адзначыць?

— Найперш самых вопытных и старанных. Гэта Аляксандр Мышко, Валерый Сеганкевіч, Андрэй Сідлярэвіч, Віктар Вырвіч, Аляксандр Андрэеў, Андрэй Турок. Вызначаюцца ў службе Таццяна Дарашкевіч, Сяргей Мінгіновіч, Яўгеній Кундра. А вось Арцём Літвіновіч, Яўгеній Пястун, Андрэй Каралёнак, Сяргей Ваштаёнак, Аляксандр Хілевіч папоўнілі калектыў нядаўна, але паспелі зарэкамендаваць сябе з найлепшага боку.

— Узгадайце, калі ласка, будні ратаўнікоў.

— Кожны выезд на надзвычайнае здарэнне — гэта чарговы экзамен. Адбываюцца пажары, дарожна-транспартныя здарэнні, трагедыі на вадзе, іншыя непрадбачаныя сітуацыі. І ўсюды патрабуецца наша тэрміновая дапамога. На змену, якая доўжыцца 24 гадзіны, толькі ў цэнтральнай часці заступаюць 12 чалавек. У баявым разліку 2 пажарныя машыны, аўтамашына хімічнай і радыяцыйнай абароны і аўтамашына хуткага рэагавання, у якой знаходзіцца аварыйна-выратавальны інструмент. Трэба сказаць, што за апошнія гады значна папоўнілася матэрыяльна-тэхнічная база аддзела, і гэта аблегчыла службу ратаўнікоў. Напрыклад, калі раней у пажарную цыстэрну змяшчалася ўсяго 2,5 тоны вады і яе хапала толькі на хвіліну тушэння агню, то зараз мы маем дзве ёміс­тасці па 10 тон кожная. З’явіўся і новы, вельмі патрэбны ў рабоце інструмент.

Падчас дзяжурства ратаўнікі не марнуюць дарэмна час, а займаюцца доглядам тэхнікі, фізічнай падрыхтоўкай, вывучэннем дакументаў, разбіраюць надзвычайныя здарэнні, якія адбыліся ў вобласці і пра якія паступіла інфармацыя ў ад­дзел.

— Ведаю, што людзі тэлефануюць у РАНС не толькі ў экстрэмальных сітуацыях…

— Так, звярталіся і ў такіх выпадках, калі ў кватэру запоўз вуж, развалілася гняздо буслоў, трапіў у лядовы палон лебедзь, не мог вылезці з-пад бярвення кот, зачыніліся дзверы кватэры, а ключа не было і інш. Здавалася б, дробязі, але грамадзяне не маглі самастойна справіцца з імі. І мы прыходзілі на дапамогу.

— Асобная тэма — прафілактыка.

— Гэта адзін з найважнейшых напрамкаў нашай работы. Праводзяць яе ўсе, пачынаючы з начальніка аддзела і заканчваючы радавым байцом. У гутарках з сем’ямі, суседзямі, знаёмымі, выступленнях у школьных і працоўных калектывах, на сельскіх сходах, на старонках газеты і па мясцовых радыё і тэлебачанні. Таксама ладзім розныя акцыі, паказальныя выступленні з мэтай папулярызацыі прафесіі ратаўніка і навучання насельніцтва правілам бяспекі.

 — Што, акрамя работы, аб’ядноўвае калектыў?

— Спорт і мастацкая самадзейнасць. У аддзеле створаны належныя ўмовы для заняткаў імі. Удзельнічаем ва ўсіх спартыўных мерапрыемствах, якія праводзяцца ў раёне, трэці год запар займаем першае месца ў раённай спартакіядзе. У нас добрыя каманды валейбалістаў і па міні-футболе, перспектыўныя лёгкаатлеты. Неаднаразова займалі прызавыя месцы ў вобласці і на аглядах-конкурсах мастацкай самадзейнасці. Наш Аляксандр Мухля грае на гітары, ён — аўтар і выканаўца многіх песень. Разам, сем’ямі, збіраемся на святы, што таксама аб’­ядноўвае. Вось і заўтра правядзём у райаддзеле ўрачыстасць, ушануем ветэранаў. Але спецыфіка работы такая, што частка калектыву будзе адпачываць, а частка — несці баявое дзяжурства. Пажадаем, каб яно прайшло без надзвычайных здарэнняў, а значыць, і ў жыцці пастаўчан усё было спакойна.

Гутарыла Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.