25 июня состоялась очередная, 14-я, сессия районного Совета депутатов 28-го созыва

Местная власть

Эканоміка залежыць ад парадку

25 чэрвеня адбылася чарговая, 14-я, сесія раённага Савета дэпутатаў 28-га склікання, якую правёў старшыня райсавета Пётр Курто.

На сесію былі запрошаны члены выканкама, начальнікі ўп­раў­ленняў і аддзелаў раённага выканаўчага камітэта, старшыні сельскіх Саветаў дэпутатаў, кіраўнікі і галоўныя эканамісты сельскагаспадарчых арганізацый, прамысловых прадпрыемстваў, кіраўнікі ўстаноў і іншых арганізацый раёна, члены Маладзёжнай палаты пры райсавеце дэпутатаў. Таксама ў яе рабоце прынялі ўдзел старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік і галоўны спецыяліст аддзела нагляду і прафілактыкі Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Цімафей Максімаў. На парадак дня выносіліся два пытанні: «Аб ходзе рэалізацыі мерапрыемстваў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна на 2016—2020 гады» і «Аб выкананні патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 сакавіка 2004 года №1 «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны».

Па першым пытанні дакладвала намеснік старшыні райвыканкама Ірына Несцяронак. У пачатку свайго выступлення яна заўважыла, што гэты год для нашага раёна асаблівы: арганізацыям народнагаспадарчага комплексу трэба пераадолець адставанне, дапушчанае ў 2016—2018 гадах, і выйсці на траекторыю пяцігадовай Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Пастаўшчыны, зацверджанай на сесіі Савета дэпутатаў. Пачаўся 2019-ы для нас няпроста: праблемы закранулі многія сферы жыццядзейнасці. Так, у працэсе банкруцтва знаходзяцца Варапаеўскі ДАК і Пастаўскае ПМС, летась банкрутамі былі прызнаны 5 суб’­ектаў гаспадарання. Тым не менш людзі не засталіся на вуліцы — усім ім прапанавана працаўладкаванне. Ліквідная маёмасць уцягнута ў гаспадарчы абарот, землі сельскагаспадарчага прызначэння пераразмеркаваны і апрацоўваюцца. «Развіццё эканомікі з мэтай паляпшэння дабрабыту людзей — адна з галоўных задач выканаўчай улады, якой удзялялася і будзе ўдзяляцца асаблівая ўвага», — зазначыла Ірына Іванаўна.

Выступоўца падрабязна прааналізавала становішча спраў у прамысловым комплексе на працягу апошніх трох гадоў, спыніўшыся на такіх паказчыках, як выручка ад рэалі­зацыі прадукцыі прадпрыемстваў, сярэднямесячная зар­плата работнікаў, экспарт тавараў і паслуг, інвестыцыі. Па ўсіх гэтых пунктах маюцца пэўныя дасягненні і недапрацоўкі. Значнае месца ў дакла­дзе было адведзена аналізу сітуацыі на спажывецкім рынку раёна, пытанням беспра­цоўя і прадпрымальніцтва, аховы здароўя і адукацыі, дэмаграфічнай сітуацыі, арганізацыі фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы.

Падводзячы вынік, І. І. Несцяронак адзначыла, што далейшае развіццё рэгіёна і выкананне Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна на 2016—2020 гады непарыўна звязаны з рэалізацыяй інвестыцыйных праектаў, стварэннем новых прадпрыемстваў і вытворчасцей, развіццём прамысловасці, сельскай гаспадаркі і малога бізнесу, у тым ліку ў сферы турызму. Усё гэта бу­дзе садзейнічаць росту дабрабыту насельніцтва і даходаў бюджэту раёна.

У абмеркаванні даклада прынялі ўдзел начальнікі аддзелаў эканамічнага рэгулявання сельскагаспадарчай вытворчасці ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Лілія Герасіменка і архі­тэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Сяргей Шамовіч, а таксама старшыня Камайскага сельскага Савета дэпутатаў Генадзій Урбанайць. Яны пазнаёмілі прысутных з сітуацыяй на сельгаспрадпрыемствах раёна, расказалі пра перспектывы будаўніцтва, як працуе ўлада на месцах.

З дакладам па пытанні «Аб выкананні патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 сакавіка 2004 года №1 «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны» выступіла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Седзюкевіч. Яна прывяла несуцяшальную статыстыку: нягледзячы на тое, што дзейнасць па рэалізацыі названай вышэй Дырэктывы на Пастаўшчыне носіць комплексны характар і праводзіцца на сістэмнай аснове ў адпаведнасці з планам мерапрыемстваў райвыканкама, за 5 месяцаў бягучага года ў параў­нанні з аналагічным мінулагоднім перыядам істотна павялічылася смяротнасць насельніцтва ад знешніх прычын (з 9 да 24 выпадкаў). Двое чалавек атрымалі цяжкія траўмы на вытворчасці.

Наталля Мікалаеўна расказала, якая работа праводзіцца ў раёне па ахове працы, якія меры прымаюцца па прафілактыцы п’янства на рабочых месцах і ўмацаванні працоўнай дысцыпліны, пажараў і гібелі людзей на іх, бяспечным выкарыстанні электрычнага і газавага абсталявання на прадпрыемствах і ў быце. Асобна спыні­лася на прафілактыцы гібелі людзей ад утапленняў, рабоце ўсіх зацікаўленых службаў па барацьбе з алкагалізацыяй насельніцтва, праблеме злачыннасці. Агульную карціну дапоўнілі выступленні начальнікаў раённых аддзелаў па надзвычайных сітуацыях і ўнутраных спраў Аляксея Кісяля і Аляксандра Гаруса, урача-псіхіятра Пастаўскай ЦРБ Рустэма Крыніцкага, а таксама спецыяліста абласнога ўпраўлення МНС Цімафея Максімава, які акцэнтаваў увагу на бяспецы на аб’ектах з масавым знахо­джаннем людзей.

У канцы сесіі слова ўзяў старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік. Ён канстатаваў, што з праблем першага разгледжанага пытання вынікаюць праблемы другога. Гэтыя два пытанні непарыўна звязаны паміж сабой. «Суіцыды і п’янства «расцвітаюць» таму, што няма парадку на многіх сельскагаспадарчых і некаторых прамысловых прадпрыемствах, — гаварыў кіраўнік раёна. — Акрамя таго, у нас крайне нізкі ўзровень падрыхтоўкі кіраўнікоў і эканамістаў. Часта менавіта яны вядуць прадпрыемствы да банкруцтва і ліквідацыі, па гэтай жа прычыне не выконваецца шэраг прагнозных параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця». Сяргей Васільевіч нацэліў усіх на эфектыўную работу, адзначыўшы, што яшчэ ёсць час і магчымасці выправіць сітуацыю.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.