47 лет на одном месте. Начальник планово-экономического сектора АСП «Рассвет Поставский» Нина Жорова

Личности

З лічбамі і людзьмі працуе 47 гадоў начальнік планава-эканамічнага сектара АБП «Рассвет Пастаўскі» Ніна Жорава.

1972 год. Ніна — адна з найлепшых выпускніц Віцебскага політэхнічнага тэхнікума — атрымала накіраванне на работу ў Паставы. Бацька не рашыўся адпусціць 18-гадовую дачку самастойна ехаць у незнаёмае месца і адправіўся разам. Меркаваў, што дзяўчына адпрацуе належны тэрмін і перабярэцца куды-небудзь бліжэй да Бешанковіч — роднага гарпасёлка. Але лёс распарадзіўся па-іншаму: у яе працоўнай кніжцы ўсяго адзін запіс, зроблены 47 гадоў назад, — «Міжкалгасная будаўнічая арганізацыя» (цяпер — аграбудаўнічае прадпрыемства «Рассвет Пастаўскі»). У 1984 годзе закончыла Усесаюзны завочны фінансава-эканамічны інстытут у Маскве.

— За гэты час былі розныя варыянты памяняць работу, — расказвала Ніна Пятроўна. — Але штосьці трымала на адным месцы. І я ніколькі не шкадую пра сваё пастаянства. Будаўнічая галіна перажыла розныя перыяды. Было складана ўсім, у тым ліку эканамісту. Каб быў плён — важныя веды, практычны вопыт, узаемаразуменне з кіраўніцтвам, атмасфера ў калектыве. А галоўнае — каб абраная справа была даспадобы. Я сваю прафесію люблю і, пакуль патрэбна арганізацыі, працую.

Нагодай для ўспамінаў стаў юбілейны дзень нараджэння. Сярод тых, хто прыйшоў павіншаваць Ніну Пятроўну, былі старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Іна Далецкая і райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксей Філімонаў.

— Ніна Пятроўна шмат гадоў узначальвала прафсаюзную арганізацыю АБП «Рассвет Пастаўскі», — удакладніла Іна Далецкая. — Была адным з найлепшых прафсаюзных лідараў. Увагай і клопатам ахінала кожнага работніка, не забывала пра ветэранаў працы.

— Пятроўна — высокакваліфікаваны спецыяліст, — характарызавалі яе калегі. — З’яўляецца мазгавым цэнтрам арганізацыі, умее прагназаваць вынікі не толькі сваёй работы, але і ўсяго калектыву, бачыць перспектыву, знаходзіць прыярытэтныя напрамкі, прымае правільныя рашэнні.

Паставы для Н. П. Жоравай сталі роднымі. Тут выйшла замуж, нара­дзіла і выхавала сына. Шэсць гадоў таму аўдавела. Ад адзіноты ратуюць работа, невялікі ўчастак зямлі, дзе вырошчвае агародніну. Пры магчымасці выбіраецца адпачыць у санаторый, наведвае розныя культурныя мерапрыемствы. Мае шмат сяброў, званкі ад якіх прымала ў дзень нараджэння.

Тэкст і фота Анны Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.