50 уборочных кампаний на двоих у комбайнёров Леонида и Олега Нагановичей

Главное Сельское хозяйство

Прыклад паказваюць Нагановічы

Калі скласці ўборачныя кампаніі, у якіх удзельнічалі камбайнеры ААТ «Ярэва-агра» Леанід і Алег Нагановічы, то на дваіх атрымаецца 50.

Сфатаграфаваць Леаніда Ксаверавіча парэкамендаваў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Генадзій Лютынскі, калі мы з ім абмяркоўвалі ход жні­ва ў раёне.

— Адданы зямлі чалавек, — ахарактарызаваў ён камбайнера.

— Яшчэ б некалькі такіх механізатараў, як Нагановічы, — ва ўсім быў бы парадак, — дапоўніў сказанае дырэктар ААТ «Ярэва-агра» Раман Вырвіч.

— У чым асаблівасць сёлетняга жніва? — цікаўлюся ў яго герояў.

— Для нас яно юбілейнае, — адказваюць.

Першыя навыкі работы на тэхніцы Леанід набываў пры бацьку Ксаверыю Мікалаевічу. 7 гадоў  працаваў у яго памочнікам. І ўжо 33-і сезон убірае самастойна.

— Кожны год думаем пра адно і тое ж — як найхутчэй убраць вырашчанае, — працягвалі Нагановічы. — А тут неба, як прарвалася. У суботу і нядзелю не ўбіралі, сёння выехалі толькі пасля абеду. Адно радуе — працуем на 120-гектарным полі. Яно самае вялікае ў гаспадарцы. Большасць жа ўчасткаў па 3, 5, 10 гектараў — на такіх не разгонішся. Вось і паспрабуй зраўняцца з тымі, хто працуе на меліяраваных землях, дзе вышэй не толькі ўраджайнасць, але і тэмп жніва.

Цяжкасцям камбайнеры супрацьстаўляюць свае вопыт, настойлівасць.  Мужчыны паміж сабой не радня, але агульнага ў іх шмат. Найперш — працавітасць, старанне, уменне даражыць часам. Таму і дабіваюцца добрых вынікаў у рабоце.

Камбайнеры ААТ «Ярэва-агра» Леанід і Алег НагановічыАлег Нагановіч успамінаў свае першыя ўборачныя. Старшым камбайнерам тады быў Франц Авін, такі ж малады, як і ён. Вучыліся на сваіх памылках. Затое цяпер, калі за плячыма 10 самастойных сезонаў, Алег можа многае прадугледзець і падказаць менш вопытным.

Здымак для газеты — і Нагановічы падаліся да сваіх камбайнаў. Загулі маторы, апусціліся жняяркі і пачалі захопліваць каласы пшаніцы. Спелае зерне пасыпалася ў бункер.

Тэкст і фота Анны Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.