«Лынтупщина всегда в сердце». Командир воздушного судна авиакомпании «Белавиа» Франц Яхимович

Личности

Акрыляе лётчыка Радзіма

Нядаўна ў адным з вячэрніх выпускаў навін на тэлеканале «АНТ» выйшаў сюжэт пра тое, як Прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас уручаў дзяржаўныя ўзнагароды найлепшым прадстаўнікам працоўных калектываў нашай краіны. У кадры з’явіўся і камандзір паветранага судна авіякампаніі «Белавія» Франц Яхімовіч. 

«Дык гэта ж наш лынтупскі Франц!» — свайго земляка адразу пазналі многія жыхары пасёлка. І прапанавалі мне напісаць пра яго ў газеце.

«Расказваць пра сябе — нясціпла. Ніколі гэтым не займаўся і да гэтага не імкнуўся», — адказаў мне Франц Зыгмунтавіч, калі звярнулася да яго з просьбай даць інтэрв’ю. «Дык можна пагаварыць пра бацькоў, малую ра­дзіму, пра дарагія сэрцу дзіцячыя і юнацкія гады…» — прапанавала я. Тут ужо згода.

Многае пра майго суразмоўцу расказала яго жонка Тамара Паўлаўна, дзякуючы якой гутарка атрымалася яшчэ больш шчырай і змястоўнай.

— Франц Зыгмунтавіч, раскажыце пра сваіх бацькоў.
— Яны былі простымі, сціп­лымі, працавітымі людзьмі. Бацька родам з вёскі Шудаўцы. Падлеткам уладкаваўся на Лынтупскі спіртзавод, пасля шчыраваў у лясніцтве. Мама з Лынтуп, працавала на тартаку, у сталовай, на смалярні… Пазней займалася хатняй гаспадаркай. Часам даводзілася не жыць, а выжываць. Бацькі пражылі годнае жыццё і абое памерлі ў аднолькавым узросце — у 74 гады: мама ў 1990-м, а тата ў 2000 го­дзе.

— Якім помніцца дзяцінства?
— Яно не было такім галодным і складаным, як пасляваеннае, але працаваць даводзілася вельмі многа. У сям’і быў адзіным сынам, таму выконваў і мужчынскую работу, і жаночую. Як мог, дапамагаў маме па гаспадарцы, нават падлогу мыў, доўга аддзіраючы дзеркачом нефарбаваныя дошкі. Касіў, пасвіў кароў, калі прыходзіла чарга. Першыя грошы зарабіў, нарыхтоўваючы кару. Мы, дзеці, абдзіралі яе з лазы, сушылі, здавалі ў нарыхтоўчы магазін па 5—10 капеек за кілаграм. Сезон паздаеш — і грошы на білеты ў кіно ёсць на год наперад. Шмат клопатаў было на будоўлі новага дома.

Памятаю сяброў, усіх настаўні­каў і кожнаму ўдзячны і за веды, і за ўрокі жыцця. У школе выдатнікам не быў, але душа заўжды ляжала да дакладных навук.

На выбар будучай прафесіі вельмі паўплывала тое, што ў Паставах у той час быў аэрадром. Знішчальная авіяцыя выконвала шмат палётаў над Лынтупамі, дзе была пілатажная зона. Калі я чуў гук самалёта, які пралятаў над домам, то кідаў любую справу, бег на вуліцу і зачаравана глядзеў у неба.

Пасля заканчэння школы падаў дакументы ў Крэмянчугскае вучылішча грамадзянскай авіяцыі, што ў Палтаўскай вобласці ва Украіне. Маме сказаў, што пайду вучыцца на авіятэхніка, — каб дарэмна не хвалявалася.

— Доўга працягвалася вучоба?
— Крыху больш за два гады. На час майго першага самастойнага палёту мне не было і 20 гадоў. Выпускаўся на самалёце АН-2, больш вядомым як «кукурузнік». Пасля вучылішча трапіў у Гро­дзенскую 70-ю аб’яднаную эскадрыллю. Потым працаваў у Вільнюсе. Падабалася, што гэта зусім недалёка ад Лынтуп, ад бацькоў. Паралельна скончыў Акадэмію грамадзянскай авіяцыі ў Ленінградзе. У 1986 годзе прыйшоў у «Белавія», дзе працую па сённяшні дзень.

— Колькі гадзін у небе вы правялі?
— Больш за 20 тысяч. Геаграфія палётаў — уся Еўропа, Расія, Азія, краіны Афрыкі, быў у Індыі, Кітаі, Пакістане, Кувейце, Амане, Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. Кожную хвіліну, нават секунду ты максімальна засяроджаны на рабоце.

— Давайце спусцімся з неба на зямлю. Усё ж чаму вы прадалі бацькоўскі дом?
— Я фізічна не паспяваў ім займацца: шмат сіл і часу аддаваў рабоце, сям’і, траім дзецям, якія падрасталі. Было вельмі балюча і крыўдна назіраць, як дом прыходзіць у заняпад. Хацелася яго захаваць. Прадаўшы, мы па-ранейшаму прыязджалі ў Лынтупы, часцей за ўсё — на могілкі. Раніцай выедзем, вечарам вяртаемся ў Мінск. І чым больш праходзіла часу, тым даўжэй хацелася затрымацца ў родных мясцінах. Дзеці ўжо сталі самастойнымі, стварылі сем’і, падарылі нам чатырох унукаў. Шэсць гадоў назад я прыйшоў да людзей, якім прадаў дом, і сказаў: «Называйце суму, гатовы яе заплаціць». Новыя гаспадары адмовіліся ад продажу, і я іх разумею. Тады вырашыў купіць суседні дом. Усё дзяцінства бегаў ля яго, потым — мае дзеці. Прыязджаем сюды пры першай магчымасці. З жонкай мы жывём не ў Мінску, а ў прыгарадзе, вялікім горадам асабліва не стомленыя, але ў Лынтупы ўсё роўна цягне як магнітам. Тамара, наогул, ірвецца сюды жыць.

— Муж аднойчы мне сказаў: «Пасля Лынтуп адчуваю сябе, як пасля працяглага адпачынку. Да мяне нібы нейкая асаблівая энергія прыходзіць», — падключаецца да размовы Тамара Паўлаўна, з якой Франц Зыгмунтавіч разам 40 гадоў. — «Хутчэй, хутчэй у Лынтупы! Патрэбны сілы», — часта чую ад яго. Іх на такой нялёгкай службе, як авіяцыя, патрэбна вельмі шмат. Але Франц любіць сваю работу — і гэтым усё сказана. Узлятае толькі той, хто не шкадуе сіл на разбег! Выдатны выраз, і ён якраз пра мужа. Ён не выбіраў месца для камфортнага жыцця, а шукаў магчымасці ўдасканальвацца ў прафесіі. Змог асвоіць ажно чатыры тыпы самалётаў: АН-2 , АН-24, Ту-154 і Боінг-737. А рабіць гэта было няпроста. У немаладым узросце яму давялося асвоіць сучасную камп’ютарызаваную тэхніку. Франц доўга думаў, ці гатовы ён да такога выкліку. Сказаў: «Пакуль я некалькі гадоў не палятаю, пакуль не зразумею, што адчуваю самалёт, камандзірам экіпажа не пайду». Да таго ж давялося сур’ёзна заняцца вывучэннем анг­лійскай мовы. Тэхнічнай англійскай мовы. Адно — спытаць «Як вашы справы?», іншае — запомніць назвы, вобразна кажучы, кожнага балта і гайкі ў самалёце. Трэба падтрымліваць і ўзровень размоўнай англійскай мовы. Калі ён ніжэйшы за той, які ёсць у патрабаваннях, да палётаў не дапусцяць.

— Раскажыце пра свае любімыя мясціны на Лынтупшчыне, — прашу сваіх суразмоўцаў. Першым адказвае Франц Зыгмунтавіч:
— Амаль кожная тут месціна адзываецца недзе глыбока ў душы. Едзеш на машыне, глядзіш па баках: тут грыбы збіраў, там кару драў, там мёд з бацькам купляў… Сёння ты маеш магчымасць адпачыць на моры, а некалі бегаў на азярко на мехустаноўцы. З аднаго боку стаялі каровы, а з другога купаліся мы. Пачынаеш успамінаць — і ўсмеш­ка не сыходзіць з твару. Ахоплівае светлая настальгія па тых часах, якіх не вярнуць.

— Я вельмі люблю Блакітныя азёры, — прызнаецца Тамара Паўлаўна. — Гэта нейкае чараўніцтва! Чыстае паветра, добра абуладкаваная экалагічная сцежка, дзікая прырода ва ўсёй сваёй прыгажосці… Гэта, напэўна, адно з нямногіх месцаў у Беларусі, дзе лясныя азёры такой выключнай чысціні. Вада сапраўды лячэбная. Калі я першы раз прыехала ў Лынтупы, мне не было і 30-ці. Франц паказваў парк, будынак ранейшай школы, успамінаў кожны клас, дзе вучыўся. Мне палюбіліся Лынтупы. Тут прайшло дзяцінства і нашых дзяцей. Потым, калі прадалі дом, яны аддаліліся ад гэтых мясцін. Мы думалі, што, магчыма, ім сюды больш і не захочацца вяртацца. Але памыліліся. Летась яны з задавальненнем гасцілі ў гэтым доме. Дарэчы, усіх нашых дзяцей хрысціў у лынтупскім касцёле ксёндз Ян Шуткевіч. Пазней ён выконваў абавязкі настаяцеля Мінскага архікафедральнага сабора. І ў яго ж нашы дзеці бралі першую Камунію. У свой час, беручы шлюб, я таксама прыняла каталіцкую веру. Таму касцёл у Лынтупах — таксама знакавае для нашай сям’і месца, дзе мы стараемся бываць як мага часцей.

На што з-за актыўнай работы пакуль не хапае часу? — пытаюся ў гаспадара.
— Задумы ёсць, тую ж лазню хочацца дабудаваць. Але цяжка сказаць, калі што будзе. У наступным годзе мне споўніцца 65. Па нормах лётнай прыгоднасці гэта максімальны ўзрост для пілота. Лятаць, адназначна, перастану, але працаваць ніхто не перашкаджае (усміхаеццааўт.).

— Падчас сустрэчы з Сяргеем Румасам прысутныя там журналісты падыходзілі да Франца і перапытвалі: «Няўжо гэта праўда, што вы цэлых 45 гадоў у небе?» — дадае Тамара Паўлаўна. — Такі стаж наогул рэдка напрацоўваецца, а ў авіяцыі — тым больш. Я пераканана, што энергія дзяцінства, малой радзімы сілкуе кожнага з нас усё жыццё, дадае сіл і натхнення. Франц таксама ёй жыве. Нядаўна сказаў: «Давай летам з’ездзім туды, дзе я кароў пасвіў. Там ёсць дуб, на якім даўным-даўно сядзеў, штосьці выразаў. Трэба пагля­дзець, можа, што і захавалася». Шанцаў, канечне, на гэта мала. Але мы ўсё роўна сходзім пашукаем.

Бывае, муж вяртаецца з работы і прызнаецца: «Сёння я пралятаў над Лынтупамі, над роднымі мясцінамі»! І гэты момант, колькі б разоў ні паўтараўся, заўсёды прымушае Францава сэрца біцца часцей. На яго твары можна заўважыць асаблівую асалоду. Нібы ён зноў басанож выбег на вуліцу назіраць за самалётамі ў небе, нібы напера­дзе яшчэ ўсё жыццё…

Іна Мікус



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.