Для ветерана труда Леонида Шишко 3 июля — не только государственный праздник, но и день рождения

Личности

Лічыць гады – дарэмны клопат

Для ветэрана працы Леаніда Адамавіча Шышко 3 ліпеня — не толькі дзяржаўнае свята, але і дзень нараджэння. Да таго ж сёлета ён быў юбілейны — 80-ы.

—Але лічыць гады — дарэмны клопат, — гаварыў імяніннік. — Бег часу нам непадуладны. Галоўнае — даражыць кожным днём.

І ён даражыць. Падтрымлівае сувязі з былымі калегамі. Знаходзіць занятак у доме і ля яго, радуецца за дарослых дачку і сына (Марына жыве з сям’ёй у Санкт-Пецярбургу, Аляксандр — у Паставах). Сумуе па жонцы, з якой душа ў душу пражылі ў шлюбе паўстагоддзя і якая два гады таму памерла.

Яны пазнаёміліся і пакахалі адно аднаго на роднай Талачыншчыне. А ў наш раён ён, выпускнік факультэта Беларускага інстытута механізацыі і электрыфікацыі, трапіў па размеркаванні. Было гэта ў 1966 годзе. Пачынаў загадчыкам майстэрань у саўгасе «Старадворскі». Адпрацаваўшы тры абавязковыя гады, збіраўся вярнуцца на Талачыншчыну. Але першы сакратар райкама партыі В. А. Клачкова вырашыла затрымаць у раёне маладога талковага спецыяліста і прапанавала Леаніду ўзначаліць саўгас.

— Гаспадарка асаблівая — насенняводчая, — успамінаў Леанід Адамавіч. — Вырошчвалі насенне бульбы, кармавых буракоў, турнэпсу, капусты. Зямлі было больш за 2 тысячы гектараў. Саўгас меў саюзнае падпарадкаванне. З Масквы даводзіліся планы, туды адпраўлялі ўсе справаздачы, адтуль атрымлівалі тэхніку, удабрэнні, будаўнічыя матэрыялы. Паралельна саўгас падпарадкоўваўся і раёну. Нярэдка патрабаванні саюзнага і раённага кіраўніцтва вельмі адрозніваліся, што ўскладняла работу. Напрыклад, з Масквы мяне выклікалі на ўсесаюзны се­мінар, што праводзіўся ажно ў Запарожжы, а ў раёне, кіруючыся ўказаннямі абкама партыі, забаранілі адлучацца з гаспадаркі, паколькі пачыналася ўборка.

На семінар дырэктар усё ж такі паехаў. Тая падзея ў яго памяці і сёння. Пачуў і ўбачыў шмат цікавага і карыснага, пазнаёміўся з новымі людзьмі. А старадворцы ў сваю чаргу таксама вучылі іншых. У саўгасе праводзіліся не толькі раённыя, але і абласныя, рэспубліканскія семінары па захоўванні і эксплуатацыі тэхнікі, доглядзе пасеваў, выкарыстанні ўдабрэнняў. «Старадворскі» славіўся не толькі гаспадарчымі справамі, але і спартыўнымі дасягненнямі. Леанід Шышко асабіста захапляўся спортам, прапагандаваў здаровы лад жыцця і ў першыя гады сваёй працы ў гаспадарцы выконваў абавязкі не толькі загадчыка майстэрняў, але і метадыста па спорце. Саўгасная каманда вызначалася ў кожных спаборніцтвах, спартыўны стэнд, абсталяваны ў клубе, папаўняўся ўсё новымі кубкамі. Тыя гады Леанід Адамавіч узгадвае з асаблівай настальгіяй. І застаецца заўзятым балельшчыкам пастаўскіх спартсменаў.

Пасля «Старадворскага», у якім Л. А. Шышко дырэктарстваваў на працягу 10 гадоў, у яго працоўнай біяграфіі ажно да выхаду на пенсію быў калгас «Сцяг Перамогі». Пасада галоўнага інжынера таксама няпростая. Гаспадарка вялікая. Адпаведна, і тэхнікі мела шмат. Напрыклад, толькі збожжаўборачных «Донаў» 25 і столькі ж энерганасычаных «Кіраўцаў». Машынна-трактарны парк гаспадаркі пастаянна папаўняўся. Інжынерная служба калгаса працавала зладжана і паспяхова.

Несумненна, усё гэта ўспаміналася ветэрану працы ў юбілей, калі са шчырымі віншаваннямі, граматамі і падарункамі да яго дамоў завіталі старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу А. А. Філімонаў і старшыня раённага савета ветэранаў Г. Ф. Літвіновіч, прыехалі сын і дачка з ­сям’ёй. А некалькімі днямі пазней сабраліся за святочным сталом не толькі родныя, але і сябры, былыя калегі, суседзі. Нікому з гасцей не давялося крывіць душой, гаворачы пра імянінніка з найвышэйшай ступенню павагі, бо Леанід Адамавіч сапраўды цудоўны чалавек.

Тэкст і фота Фаіны Касаткінай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.