«Двина-Барс» (Верхнедвинск) — «Поставы-ПМЦ» — 0:3

Спорт

У гасцях – як дома

«Дзвіна-Барс» (Верхнядзвінск)—»Паставы-ПМЦ» — 0:3

На працягу ўсяго матча ў Верхнядзвінску нашу каманду актыўна падтрымлівала група пастаўскіх аматараў футбола. У той дзень гуляць было няпроста не толькі з-за спякотнага надвор’я. Поле было занадта цвёрдым і няроўным, што перашкаджала больш тэхнічным гасцям весці камбінацыйную гульню. Аднак пастаўчане добра падрыхтаваліся да яе, і гэта прадвызначыла іх перавагу.

Чарговы небяспечны момант ля варот «Дзвіны»

Ужо на 7-й хвіліне на вывераную перадачу капітана Уладзіміра Карагі адгукнуўся наш малады нападаючы Герман Чалей і адкрыў лік. Пасля гэтага на стадыёне пачалася ўпартая барацьба з узаемнымі атакамі, у якіх больш упэўнена выглядалі госці. У адной з іх нападаючы пастаўчан Арцём Цітовіч з вострага вугла стрэліў у перакладзіну. Пасля перапынку хвілін 10 гульнявой ініцыятывай валодалі гаспадары, але, акрамя навясных перадач і навалу, нічым сябе не праявілі, а гульня выраўнавалася.

Пад канец сустрэчы сказаўся больш высокі ўзровень падрыхтоўкі і індывідуальнага майстэрства гасцей, якія сталі дамінаваць на полі і стварылі шэраг галявых момантаў. На 70-й хвіліне многае прадвызначыў бездакорны ўдар з ходу капітана Уладзіміра Карагі, які правёў другі мяч. Канчатковую кропку ў гульні паставіў Герман Чалей, які за 8 хвілін да фінальнага свістка па-майстэрску перакінуў мяч праз варатара саперніка.

Чарговай буйной перамогі на выездзе дабіліся Мацкевіч, Гіль (Хораў), Казлоў, Пучынскі, В. Дубін, Хмельнік (Давідоўскі), М. Якаўлеў (У. Дубін), Карага (к) (Кабяк), Чалей (Д. Зелянкевіч), Ясюковіч (Алейнікаў), Цітовіч.

Пасля двух удалых матчаў пастаўчанам трэба набраць усяго 2 ачкі, каб трапіць у фінальны раўнд. У гэтым туры лідар — ФК «Лепель» — на выездзе з лікам 5:1 разграміў «Полацк-2019». Наш наступны сапернік — ФК «Глыбокае»  — вырваў перамогу (3:2) у сустрэчы з камандай Міёр. З глыбачанамі, а затым з лепяльчанамі нашы футбалісты згуляюць дома ў першыя і наступныя выхадныя жніўня на сваім полі. Ва ўсходняй групе «Б» матчы завяршыліся так: «Ніва» (Талачын)—»Днепр» (Дуброўна) — 4:2, ФК «Сянно»—»Мясакамбінат» (Орша) — 2:1.

Уладзімір Шык
Фота Антона Чаляя



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.