Генпрокурор Беларуси Александр Конюк оценил продукцию Поставымебель и ПМЦ

Важное Местная власть Правовое поле Экономика

Цікавіла ўсё

Генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк высока ацаніў якасць прадукцыі ААТ «Паставымэбля» і ПВУП «ПМЦ» падчас наведвання гэтых прадпрыемстваў.

Сяргей Лацецкі дэманструе парту «Эрысмана» генеральнаму пракурору Беларусі Аляксандру Канюку

Лаўка ператвараецца ў…

Візіт Аляксандра Уладзіміравіча ў Паставы адбыўся 19 ліпеня. Пачаўся ён з азнаямлення з работай ААТ «Паставымэбля» — аднаго з града­ўтваральных прадпрыемстваў. На парозе новы навучальны год, і завод працуе ў напружаным рэжыме, каб своечасова выканаць усе заказы па камплектацыі навучальных устаноў школьнай і дзіцячай мэбляй. Сёлета яна адправіцца ва ўсе вобласці Беларусі, у тым ліку ў Астравец, дзе ідзе будоўля №1 у краіне. Таксама прадпрыемства зараз пастаўляе мэблю з масіву сасны і пробную партыю вышак для паляўнічых у Германію, адгружае прадукцыю ў Казахстан. Пра гэта расказаў дырэктар Сяргей Лацецкі падчас экскурсіі па цэхах завода. Генеральнага пракурора цікавіла ўсё: дзе закупляецца сыравіна, выраб прадукцыі, умовы працы лю­дзей, заработная плата, пастаўкі. Пра гэта ён размаўляў не толькі з кіраўніком прадпрыемства, але і з некаторымі работнікамі. Жывы інтарэс Аляксандр Канюк праявіў і пры вывучэнні асартыменту прадуктовага і прамысловага магазінаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі «Паставымэблі».

— Мэта візіту — даведацца, як жывуць і ў якіх умовах працуюць людзі, — патлумачыў журналістам свой прыезд высокапастаўлены чыноўнік. — Для мяне як для генеральнага пракурора няма прыярытэтных сфер дзейнасці, цікавіць абсалютна ўсё. Безумоўна, хацелася б бачыць на «Паставымэблі» больш сучаснае абсталяванне. Але галоўнае не гэта, а тое, што прадпрыемства працуе стабільна, своечасова выплачваецца зарплата работнікам, выпускаецца мэбля высокай якасці. Дарэчы, якасць — гэта фірменны знак Беларусі ў адносінах да ўсёй прадукцыі. Заўсёды ацэньваю яе і як радавы пакупнік. У гэтым сэнсе вельмі ўразілі лаўкі-трансформеры. Узяў каталогі з узорамі вырабаў завода, буду іх рэкламаваць.

Юрыдычная кансультацыя

На асабісты прыём да генпракурора, які ён правёў у ААТ «Паставымэбля», прыйшлі два наведвальнікі. Адзін з іх — юрысконсульт завода. Ён цікавіўся, ці можна спагнаць запазычанасць з заказчыка, які з сям’ёй выехаў за мяжу і месцажыхарства яго не вядома. На сувязь былы партнёр не выходзіць. Аляксандр Уладзіміравіч параіў, што можна зрабіць у такой сітуацыі, і даручыў разабрацца ў ёй пракурору раёна Ігару Валынцу. Таксама першага заяўніка цікавіла ўзаема­дзеянне з пракуратурай. Дакладней, ці можна разлічваць на дапамогу пракурорскіх работнікаў у тым выпадку, калі, напрыклад, з-за пэўных абставін не акажацца дагавора, падпісанага контрагентам. Генеральны пракурор запэўніў, што звяртацца па дапамогу ў пракуратуру можна заўсёды і яна будзе аказана.

Другога наведвальніка непакоіла пытанне адсутнасці ўласнага жылля. Справа ў тым, што маладая ­сям’я гадуе маленькае дзіця, здымае кватэру. І вельмі б хацела, каб была перспектыва атрымаць ільготны крэдыт на будаўніцтва. Але адказ быў несуцяшальным: такой перспектывы пакуль няма і наўрад ці яна з’явіцца ў бліжэйшы час. У прыярытэце дзяржавы — падтрымка мнагадзетных сем’яў.

Ёсць нагода ганарыцца

Пасля завяршэння асабістага прыёму грамадзян Аляксандр Канюк накіраваўся на комплекс па вытворчасці паркетнай дошкі ПВУП «Пастаўскі мэблевы цэнтр», дзе з вытворчым працэсам і ўзорамі прадукцыі гасцей знаёміў уласнік прадпрыемства Анатолій Бабічаў. Ён паказаў лініі аддзелкі, паклейкі і фрэзіравання, узоры паркету, новыя распрацоўкі, расказаў пра ўдзел у міжнародных спецыялізаваных выставах і іншае. Сёння на прадпрыемстве выпускаецца паркет чатырох памераў і прыблізна 50 адценняў. Дзякуючы аўтаматычным лініям ні адна партыя прадукцыі не адрозні­ваецца ад папярэдняй па тоне. Прадукцыя адгружаецца ў Канаду (асноўны спажывец), Дубай, Італію, Аўстрыю, Германію, Расію, прысутнічае на ўнутраным рынку. Зараз рыхтуецца вялікая партыя ў 18 тысяч квадратных метраў для пастаўкі ў Маскву. Паркет устойлівы да вільгаці і перападаў тэмпературы, што дазваляе ўкладваць яго нават на падлогі з падагрэвам.

— Прызнацца, я чакаў убачыць нешта падобнае, але ўсё адно застаўся ў захапленні. Калі беларусы так умеюць працаваць, ёсць нагода ганарыцца за краіну, — дзяліўся ўражаннямі генпракурор. — Зразумела, я не параўноўваю два наведаныя прадпрыемствы, бо рабіць гэта не карэктна. Тут зусім іншы клас машын.

Завяршыўся візіт Аляксандра Канюка экскурсіяй па асноўнай вытворчасці ПВУП «ПМЦ», дзе вырабляюць дзверы.

Тэкст і фота Веранікі Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.