Хогвартс по-поставски. Учительница английского языка СШ №3 Юлия Ракель организовала лингвистическую школу

Главное Образование

Яе магія – адказнасць

Настаўніца англійскай мовы СШ №3 Юлія Ракель упэўнена, што найлепш яе прадмет засвойваецца праз гульню. Падчас навучальнага года для гульні не заўсёды ёсць магчымасць: абавязковую школьную праграму ніхто не адмяняў. Затое чаму б не ажыццявіць усе свае шматлікія творчыя задумы летам? Адкінуўшы сумненні і хваляванні, Юлія ініцыявала правядзенне двухтыднёвай лінгвістычнай школы. І кіраўніцтва СШ №3 і вучні пайшлі насустрач.

21 чэрвеня, у апошні дзень работы лагера, кабінет англійскай мовы больш нагадваў творчую майстэрню. Шасці- і сямікласнікі, раздзеленыя на тры групы па тры чалавекі, афармлялі яркія плакаты. Апошняе заданне настаўніцы — творча расказаць пра свае ўражанні ад лінгвістычнай школы.

Урокі англійскай мовы сапраўды былі нестандартнымі. Усе яны аб’ядноўваліся тэмай «Хогвартс» — так называецца навучальная ўстанова чараўнікоў з культавых для многіх дзяцей кніг пра Гары Потэра. У сусвет магіі школьнікі пагрузіліся дзякуючы шматлікім віктарынам, конкурсам, песням, пазнавальным відэа і тэкстам. Два тыдні заняткаў (па тры гадзіны штодзень) праляцелі імгненна.

На памяць пра гэтыя творчыя сустрэчы ў вучняў засталіся сувеніры і спецыяльныя пасведчанні аб тым, што яны сталі «сапраўднымі магамі Хогвартса».

— Гульні гульнямі, а ў актыўнай лексіцы вучняў з’явіліся дзве сотні новых слоў, — падводзіла вынікі Юлія Аляксандраўна. — Да таго ж яны вучыліся працаваць у групах, адкрывалі ў сабе новыя творчыя здольнасці. Безумоўна, спатрэбілася шмат часу, сіл і сродкаў, каб увасобіць сваю ідэю ў жыццё. Але я сапраўды люблю справу, якой займаюся, і не звяртаю ўвагі на дадатковыя цяжкасці.

Упершыню такую форму работы педагог паспрабавала летась. Тады ў цэнтры ўвагі былі «Піраты Карыбскага мора». Вучні шмат даведаліся пра такія англамоўныя краіны, як Канада, Аўстралія, ЗША і іншыя. Нават квэсты з пошукам скарбаў былі. Школьнікі яшчэ доўга ўспаміналі тыя заняткі і з нецярпеннем чакалі новых летніх канікулаў, каб зноў паўтарыць падобнае.

— Хіба я магу не апраўдаць іх чаканні? Тым больш што такія ўрокі прыносяць шмат плёну: разнявольваюць дзяцей у плане маўлення, дадаюць упэўненасці, — пераканана Юлія Ракель. — На звычайных уроках яны часта заціскаюцца, баяцца зрабіць памылку, каб не атрымаць дрэнную адзнаку. А тут няма грузу адказнасці. Вучні смелыя, адкрытыя, актыўныя — такія, якімі з’яўляюцца ў жыцці. Не саромеюцца выказвацца, задаваць дзясяткі пытанняў. Як педагог гляджу на іх і не магу нарадавацца. Вельмі ўдзячная і дырэктару школы, і калегам за магчымасць рэалізаваць сябе па-новаму.

Юлія Аляксандраўна ў прафесіі 13 гадоў. Кім стане, ведала ўжо ў 8 класе — настолькі моцна любіла англійскую мову, якую вывучала з першага класа. Дзесяць з паловай гадоў штудзі­равала яе ў адной са школ Маладзечна, паўгода — у пастаўскай СШ №3, пяць гадоў — у Віцебскім дзяржаўным універсі­тэце імя П. М. Машэрава.  І вось на руках дыплом — мара збылася.

Пра поспехі Юліі як педагога можна расказваць доўга. Прывяду толькі некалькі фактаў. У 2017 годзе яна перамагла ў раённым і ўдзельнічала ў абласным этапе конкурсу «Настаўнік года». На жаль, не хапіла ўсяго паўбала, каб увайсці ў тройку прызёраў і трапіць на «рэспублі­ку». У гэтым і мінулым годзе была запрошана на «Курсы развіцця», якія праводзіліся ў Мінску пад эгідай Брытанскага Савета. З усіх школ і гімназій краіны туды адправілі­ся толькі 24 настаўнікі англійскай мовы. Віцебскую вобласць прадстаўлялі адзінкі.

— Такія мерапрыемствы вельмі матывуюць. Ты бачыш, як працуюць прафесіяналы, і стараешся падцягвацца да іх узроўню, — прызналася Юлія. — Ды і паслухаць лекцыі трэнераў з Вялікабрытаніі карысна. Менавіта на гэтых курсах засвоіла такое паняцце, як «навык XXI стагоддзя». Зносіны, супрацоўніцтва, крэатыўнасць, крытычнае мысленне — чатыры «кіты», якія трэба развіваць у вучняў, каб яны не згубіліся ў сучасным свеце. І я да гэтага імкнуся.

Усяго ў мінулым навучальным годзе школьнікі-«англічане» СШ №3 атрымалі 12 дыпломаў розных ступеняў, і ў гэтым заслуга  педагогаў замежных моў. Прычым вучні праявілі сябе не толькі на раённых алімпіядах і конкурсе даследчых работ. З абласнога этапа Фестывалю міжкультурных камунікацый вучаніцы Юліі Ракель Валерыя Ліхачова і Ксенія Семянас прывезлі дыпломы першай ступені. Яны нароўні з віцебскімі гімна­зістамі набралі 29 балаў з 30 магчымых. Яшчэ адна творчая група заняла на гэтым жа фестывалі трэцяе месца.

Юлія прызнаецца, што ёй вельмі камфортна працаваць з калегамі. У кожнага з іх свой падыход да работы. Напрыклад, кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў замежных моў СШ №3 Л. С. Пчалінцава вядзе тэатральны гурток Inspiration («Натхненне»). За доўгі час яго існавання вучні паставілі шэраг спектакляў (зразумела, англамоўных): тут і «Джэн Эйр», і «Пігмаліён», і «Гукі музыкі»… У бліжэйшых планах — «замахнуцца» на самога Шэкспіра.

Як бачыце, няма ніякай магіі ў тым, што вучні звычайнай школы могуць паказваць незвычайна высокія вынікі. За кожным такім «цудам» — вялікая ўпартая праца як школьнікаў, так і іх педагогаў.

Тэкст і фота Іны Мікус і з архіва Юліі Ракель



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.