Цветочное царство в Поставах возле дома №91 по улице Вокзальной

Культура Общество Экология

Не толькі для сябе

«Абавязкова наведайся на Вакзальную, 91, — падказала суседка. — Едучы на работу па гэтай вуліцы, я кожны раз не магу адвесці вачэй ад кветкавага царства каля дома».

 

У прыгожых кветках — прыгожая гаспадыня Валянціна Кішко

Наведалася. І застыла ў захапленні: такой сцяны лілей я дагэтуль ні ў кога не бачыла, хаця пісала пра многіх кветкаводаў. Прычым усе лілеі белыя, сцябліны высокія, тоўстыя, гронкі вялізныя. Захо­джу ў двор і знаёмлюся з гаспадарамі Валянцінай Аляксандраўнай і Іванам Іванавічам Кішко. «Усё гэта — Валіна заслуга, — гаворыць муж. — Працы ў яе тут шмат. Я толькі на рынак дапамагаю вывозіць». — «Так, я вырошчваю кветкі не толькі для сябе, але і на продаж, — працягвае Валянціна. — За цаной не стаю. Напрыклад, петунію аддавала гэтай вясной па 50 капеек за каліва, а некаторыя прадавалі і па паўтара рубля».

Дарэчы, упершыню яна ўбачыла гэтыя раслінкі 19 гадоў таму на вяселлі сына ў Верхнядзвінску. Упадабала іх і папрасіла ў свацці насення. З таго часу і разводзіць. Ну а асаблівае захапленне — вядома ж, лілеі. «Здзіўляецеся, чаму яны такія высокія і моцныя? Таму што мы кожны год багата ўгнойваем глебу арганікай, — тлумачыла Валянціна Аляксандраўна. — А вось на гэтых дзвюх градках вясной красаваліся цюльпаны. Адцвілі, прайшоў час — і я выкапала клубні, а на іх месца высадзіла расаду цыній. Таксама прыгожа».

На прысядзібным участку Кішко, які разам з пабудовамі займае 14 сотак, буяюць не толькі кветкі, але і агародніна. Усюды парадак, дагледжанасць, акуратнасць. «Я ўжо выйшаў на пенсію і цалкам адказваю за хатнія справы, — гаварыў Іван Іванавіч. — Іх жа заўсёды знаходзіцца шмат. А Валя яшчэ працягвае працаваць на малочным заводзе».

Яе змена — з 8 раніцы да 1 гадзіны ночы, затым два выхадныя. Іх жанчына аддае працы ў доме, на агародзе і ў квет­ніках. Безумоўна, стамляецца. Але і дадатковы рубель заробіць, прадаючы раслінкі, і ў агароднінна-кветкавай прыгажосці пачэрпне настрой і новыя сілы.

Тэкст і фота Фаіны Касаткінай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.