На ОАО «Поставымебель» начал работу первый студотряд

Важное Общество

Праводзяць лета з карысцю

У панядзелак прыступіў да работы першы студатрад, сфарміраваны райкамам БРСМ на час працоўнага семестра. Да 30 жніўня ў ім будуць шчыраваць на ААТ «Паставымэбля» дзесяць чалавек.

У склад вытворчага атрада ўвайшлі навучэнцы ўсіх сярэдніх школ горада, гімназіі, а таксама Пастаўскага дзяржаўнага каледжа, Відзаўскага прафтэхкаледжа, Мінскага прафтэхкаледжа мантажных і пад’ёмна-транспартных работ і Наваполацкага полі­тэхнічнага каледжа. Чацвёра з іх, у тым ліку камісар атрада Данііл Куцуха, працавалі падчас летніх канікул на заво­дзе летась. Тады адбыўся дэбют адзінага ў раёне вытворчага атрада. Дырэктар прадпрыемства Сяргей Лацецкі згадзіўся працаўладкаваць у сябе падлеткаў, і гэта дало моладзі магчымасць не толькі зарабіць першыя ўласныя грошы, але і быць адзначанай на ўзроўні рэспублікі ў конкурсе «Працоўны семестр-2018».

Дзіцячую мэблю ўпакоўваюць Данііл Куцуха і зборшчык вырабаў Мікалай Балай

— Збіраем парты, крэслы, упакоўваем прадукцыю — усё, як і ў мінулым годзе, — расказваў Данііл Куцуха. — Амаль увесь калектыў цэха застаўся ранейшым, таму між справай дзелімся навінамі, якія адбыліся за год. Працуем ахвотна.

Кожны студатрадавец замацаваны за вопытным рабочым. Працоўны дзень — з 8 да 16 гадзін з перапынкам на абед і пяціхвіліннымі «перакурамі» кожную гадзіну. Усе задзейнічаны на зборачна-ўпаковачным участку, дзе няма шкодных умоў працы.

— Узрост хлопцаў — 15-17 гадоў. Адчуваецца энергія маладосці, — гаварыла пра новых падначаленых майстар участка Тамара Шырокая. — Прыемна, што навучэнцы імкнуцца зарабіць уласную капеечку. Заказаў у нас многа, сабраная і ўпакаваная студатрадаўцамі мэбля разляціцца ў школы і дзіцячыя садкі ўсіх абласцей Беларусі.

— Ужо не першы год прасочваецца цікавая тэндэнцыя: працаўладкавацца на час летніх канікул жадае пераважна моладзь з райцэнтра, не лянуецца дабірацца нават у няблізкія па адлегласці вёскі на веласіпедах. У гэтым працоўным семестры мы не змаглі сфарміраваць студатрад (а яго мінімальная колькасць павінна быць сем чалавек) для ААТ «Камайскі-агра», бо ў Лынтупах і Камаях не знайшлося ахвотных, — дзялілася назіраннямі першы сакратар райкама БРСМ Вераніка Казлоўская.

Наступнымі да работы прыступяць аграрныя атрады. Яны будуць створаны на сельгаспрадпрыемствах «Хацілы-агра» і «Сцяг Перамогі-агра». 30 чалавек задзейнічаюць на зернесушылках у Хацілах і Целяках, 20 — у Шырках і Савічах.

Тэкст і фота Веранікі Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.