На СТК «Озерки» прошёл районный слёт работающей молодёжи

Важное Общество

Свята турысцкага яднання

Дух спаборніцтва, атмасфера сяброўства і ўзаемадапамогі панавалі на раённым турыстычным злёце працоўнай моладзі, які прайшоў на мінулым тыдні на базе спартыўна-турыстычнага комплексу «Азёркі».

Паходныя лагеры разбіты, каманды-ўдзельніцы пастроіліся для ўрачыстага адкрыцця свята спартыўнага яднання, здароўя і маладосці.

— У чарговы раз сучасная пляцоўка ў «Азёрках» сабрала людзей, неабыякавых да спорту і актыўнага адпачынку. Дзякуй усім, хто далучыўся да мерапрыемства, — вітаў прысутных старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто. — Прыемна бачыць ваш выдатны настрой. Упэўнены, што вы праявіце сябе на турыстычным злёце гэтак жа станоўча, як і на працоўных месцах, а яго цудоўныя імгненні яшчэ доўга будуць успамінацца вам. Няхай пераможа наймацнейшы!

Пазітыўнай энергіяй турыстаў зарадзіла першы сакратар райкама БРСМ Вераніка Казлоўская, жартам паабяцаўшы падсуджваць кожнай камандзе. Мінулагоднія пераможцы — прадстаўнікі каманды малаказавода — узнялі Дзяржаўны флаг Беларусі, прагучаў гімн — і спаборніцтвы пачаліся.

Удзел у іх прымалі 10 каманд. У разнастайных конкурсах свой спрыт, турысцкія навыкі і творчыя здольнасці дэманстравалі дружыны райспажыўтаварыства, ЦРБ, лясгаса, ААТ «Навасёлкі-Лучай», УП ЖКГ, малаказавода, шпі­таля, аддзела па адукацыі райвыканкама, завода «Паставымэбля» і зборная каманда сельскіх Саветаў.

Найбольшы каэфіцыент складанасці мелі спаборніцтвы па турысцка-прыкладным мнагаборстве і эстафета па арыентаванні ў зададзеным кірунку, кожны з этапаў якіх «экзаменаваў» удзельнікаў на кемлівасць, зладжанасць рухаў, фізічную падрыхтоўку, уменне арыентавацца па карце і компасе. Турысты праходзілі па паралельна нацягнутых вяроўках, перапраўляліся па бервяне, пераадольвалі гаць і купіны, завязвалі пэўныя віды вяровачных вузлоў і інш. Зладжаныя дзеянні дапамаглі паказаць найлепшы вынік у гэтых двух конкурсах камандзе аддзела па адукацыі райвыканкама.

Як заўсёды, цераз край білі эмоцыі пры перацягванні каната. На гэтым этапе найбольш азартна, рашуча і ўзгоднена дзейні­чала каманда лясгаса. Не было ёй роўных і ў меткасці, якая дазволіла стаць пераможцай у спаборніцтвах па дартсе. У фігурным ваджэнні вела­сіпеда ўсіх сапернікаў абышла каманда цэнтральнай раённай бальніцы, у рыўку гіры — асілак з малаказавода. У паркавым валейболе вызначыліся прадстаўнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Акрамя фізічнай вытрымкі, удзельнікі турзлёту дэманстравалі творчыя здольнасці ў конкурсе мастацкай самадзейнасці. Найбольш удалай атрымалася візітная картачка на тэму «Мой любімы край» у каманды аддзела па адукацыі райвыканкама. А вось конкурс турысцкага быту ацэньваўся на працягу двух дзён. Лепш за астатніх спланаваць, арганізаваць і ўпрыгожыць часовае прыстанішча ўдалося камандзе 1-га ваеннага шпіталя органаў пагранічнай службы Беларусі.

У агульнакамандным заліку перамогу святкавала дружына аддзела па адукацыі райвыканкама, на другім месцы прадстаўнікі Пастаўскага малочнага завода, на трэцім — лясгаса. Ім, а таксама пераможцам у асобных конкурсах уручаны дыпломы і падарункі ад арганізатараў і спонсараў мерапрыемства. Імі выступілі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, райкам ГА «БРСМ», дзяржаўнае аб’яднанне «Фізічная культура, спорт і турызм Пастаўскага раёна», раённая арганізацыя рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» і раённае аб’яднанне прафсаюзаў.

Вераніка Філановіч
Фота аўтара і Веранікі Казлоўскай

Больше фото в наших группах в соцсетях: 

Одноклассники

ВКонтакте



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.