Прихожане из Балаев почтили 76-ю годовщину мученической смерти ксендза Евгения Латецкого

Духовность Личности

Ад сведкаў памяць перадаецца

20 чэрвеня парафіяне з Балаёў, ураджэнцы гэтай мясцовасці і тыя, хто шукае заступніцтва ў святой памяці ксяндза Яўгенія Латэцкага, ушанавалі 76-ю гадавіну яго пакутніцкай смерці.

Ксёндз Яўгеній нара­дзіўся ў Польшчы ў 1905 годзе, — расказваў пробашч парафіі Езуса Міласэрнага ў Паставах ксёндз Андрэй Бульчак. —  У 29 гадоў стаў святаром. Службу нёс у Магілёўскай архідыяцэзіі. У 1939-м быў накіраваны ў Драздоўшчыну. Пасля забойства ксяндза з Валкалат узяў пад сваю апеку асірацелую парафію. Кожную нядзелю, а то і часцей ездзіў з аднаго месца ў другое за 30 кіламетраў, каб адпраўляць Імшу, удзяляць сакраманты. 20 чэрвеня 1943 года ксёндз-дэкан з Лучая Ян Рамейка папярэдзіў Латэцкага пра тое, што ў Драздоўшчыне неспакойна, параіў не ехаць туды. Але той сказаў свайму фурману: «Сёння ня­дзеля. Я абавязаны адправіць святую Імшу. Калі не вярнуся, там мяне і пахавайце».

 

Ксёндз Андрэй Бульчак гутарыць з Янінай Стахоўскай

— Мне ішоў дзявяты год, я была малодшай з чатырох дзяцей, — не можа без слёз успамінаць падзеі 76-гадовай даўнасці ўраджэнка Драздоўшчыны, а цяпер жыхарка Балаёў Яніна Стахоўская. — У тую нядзелю бацькі паехалі да радні, я пасвіла авечак. Калі вярнулася дадому, брат не дазволіў зайсці ў хату. Аказалася, бандыты забілі не толькі ксяндза, але і маіх бабулю, цётку-інваліда і 18-гадовую сястру. Доўгі час старэйшыя не гаварылі пры дзецях пра абставіны смерці. Калі стала дарослай, адкрылі праўду. Сёння я вельмі рада, што праз столькі гадоў, дзякуючы клопату ксяндза Андрэя, памяць пра нашага былога пробашча жыве.

У той жудасны дзень ксёндз Латэцкі адслужыў Імшу, пасля якой ахрысціў дзіця. У гэты час у Драздоўшчыну ўвайшлі бандыты, якія адразу ж пачалі рабаваць людзей. Наведаліся і ў плябанію. Не застаўшы  там нікога, знайшлі ксяндза ў касцёле. Вывелі яго на вуліцу і заявілі, што забіраюць каня і брычку. Святар сказаў, што яго часта клічуць да хворых і паміраючых і пешшу ён не зможа пераадольваць вялікія адлегласці, ды і да Валкалат 30 кіламетраў. Тады адзін з бандытаў стрэліў яму ў руку, затым у другую. Пасля чаго прыкладам святару выбілі вока. Калі той пабег у бок ручая, аўтаматная чарга  прашыла  яго  спіну. Парафіяне ў вялікай жалобе пахавалі свайго пастыра каля касцёла ў Драздоўшчыне.

Немцы хутка сцямілі, што з гэтага забойства можна атрымаць прапагандысцкую выгаду, таму накіравалі  ў Драздоўшчыну падраздзяленне паліцаяў. Цела святара было эксгумавана і пад аховай дастаўлена ў Дунілавічы, дзе 26 чэрвеня 1943 года на могілках ля касцёла адбылася пышная цырымонія пахавання.

Касцёл Святога Вацлава ў Драздоўшчыне, як і некаторыя бліжэйшыя вёскі, быў спалены немцамі ў кастрычніку 1943 года. На яго месцы мінулай восенню ўстаноўлены крыж. Сёлета ў дзень смерці былога пробашча прысутныя памалі­ліся за яго Вяночкам да Божай Міласэрнасці, затым накіраваліся ў Балаі, дзе ксёндз Андрэй адправіў святую Імшу ў тых інтэнцыях, якія людзі даверылі Богу праз заступніцтва ксяндза Яўгенія Латэцкага.

Тэкст і фота Анны Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.