«Полоцк-2019» — «Поставы-ПМЦ» — 1:4. Браво, поставчане!

Спорт

Брава, пастаўчане!

«Полацк-2019»—«Паставы-ПМЦ» — 1:4

На выездзе ў Полацку гульня нашай каманды выклікала сапраўдную сенсацыю не толькі ў 8 туры першынства, але і ў сёлетнім футбольным сезоне ў Прыдзвінні. Ніхто не чакаў, што маладыя пастаўскія футбалісты бездакорна правядуць няпросты матч на чужым полі і з буйным лікам перамогуць дзеючага чэмпіёна, які таксама прабіўся ў фінал розыгрышу Кубка Віцебскай вобласці. Па словах галоўнага трэнера пастаўчан Васілія Грантоўскага, яшчэ на перадматчавай устаноўцы было бачна, як рашуча хлопцы настроены на барацьбу.

На гэту гульню была прынята правільная тактыка — згуляць надзейна другім нумарам у абароне і праводзіць імклівыя контр­атакі. Яна спрацавала ўжо на 3-й хвіліне, калі госці зарабілі вуглавы ўдар і з выверанай перадачы Аляксея Хмельніка наш нападаючы Герман Чалей адкрыў лік. Аляксей на выездзе паказаў сябе выдатным распасоўшчыкам і пазней перадаў яшчэ два галявыя пасы. Праўда, палачане неўзабаве адыграліся: нечаканым прыгожым ударам праз сябе накіраваў мяч у сетку Дзмітрый Шарабайка. Аднак пастаўчане не разгубіліся, прадоўжылі гуляць па намечаным плане, і на 30-й хвіліне іх найлепшы бамбардзір Арцём Цітовіч вывеў сваю каманду наперад.

У другім тайме сапернікі паспрабавалі адыграцца. Нашы абараняліся спакойна, а ў канцоўцы сталі адказваць небяспечнымі атакамі. Спачатку на 86-й хвіліне яны ўмела падалі вуглавы. На верхнюю перадачу адгукнуўся Яўген Ясюковіч і практычна прадвызначыў вынік паядынку. Пакуль гаспадары перажывалі чарговую асечку, праз хвіліну пастаўчане вызначыліся зноў. А канчатковую кропку на табло паставіў ударам пад перакладзіну малады паў­абаронца Уладзіслаў Дубін, які выйшаў на замену. У Полацку бліскучай перамогі дабіліся Мацкевіч, Казлоў, Пучынскі, В. Дубін, Голубеў (Гіль), Хмельнік (У. Дубін), Карага (к) (М. Якаўлеў), Чалей, Ясюковіч (Хмяльніцкі), Цітовіч (Кабяк), Рогач (І. Якаўлеў).

У гэтым туры ФК «Глыбокае» дома перамог «Дзвіну-Барс» (Верхнядзвінск) з лікам 6:3, а ФК «Лепель» быў мацнейшы за каманду Міёр (1:0). Ва ўсходняй зоне «Б» матчы завяршыліся так: «Мясакамбінат» (Орша)—«Алімп» (Чашнікі) — 3:2, «Газавік» (Віцебск)—«Ніва» (Талачын) — 3:1, «Днепр» (Дуброўна)— ФК «Сянно» — 3:2, «Дзецкасельскі» (Гарадок)—«Мясакамбінат» (Орша) — 4:0.

Уладзімір Шык

Фота Антона Чаляя



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.