Поставчане заняли 4 место в 15-й летней спартакиаде среди работников республиканского унитарного предприятия «Витебскавтодор»

Спорт

Спорт – памочнік у рабоце

У мінулыя пятніцу і суботу спартыўна-турыстычны комплекс «Азёркі» прымаў чарговых гасцей — імі сталі ўдзельнікі 15-й летняй спартакіяды сярод работнікаў рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Віцебскаўтадар».

Сабралася 12 каманд з вобласці і зборная РУП «Магілёў­аўтадар».

Каманда філіяла «Пастаўскае ДЭУ-33»

На ўрачыстым адкрыцці прысутнічалі і выступілі з прывітальным словам намеснік старшыні райвыканкама Павел Станюш і галоўны інжынер РУП «Віцебскаўтадар» Васілій Рымашэўскі.

— У нашым упраўленні працуюць каля тысячы чалавек, — гаварыў Васілій Леанідавіч. —  Большасць захапляюцца спортам, бо ён — верны памочнік у рабоце і многіх жыццёвых справах. Нярэдка здараюцца такія сітуацыі, калі трэба сабраць усе сілы, волю і пераадолець цяжкасці. Мы працуем дыстанцыйна, а спартакіяда дае магчымасць пазнаёміцца блі­жэй. Сёлета яна праводзіцца крыху ў іншым фармаце. Спадзяюся, вам спадабаецца гэта месца.

Падняць Дзяржаўны флаг і флаг дарожнікаў было даверана прадстаўнікам каманды філіяла “ДЭУ-35” з Глыбокага — пераможцам мінулага года — і гаспадарам. Затым прайшлі спаборніцтвы па міні-футболе і валейболе, дартсе, дваябор’і і пераадоленні перашкод у вяровачным гарадку.

Вечарам з канцэртнай праграмай выступіў ансамбль «Скіфы», прайшоў конкурс турыстычных фотаздымкаў.

На другі дзень дарож­нікі пераадольвалі паласу перашкод, правялі фі­нальныя спаборніцтвы па валейболе і футболе.

Перамогу заваявала каманда ўпраўлення РУП «Віцебскаўтадар», на другім месцы — магіляўчане, на трэцім — каманда ДЭУ-31 г. Віцебска, пастаўчане — на чацвёртым.

— Нам не было роўных на паласе перашкод і ў вяровачным гарадку, — расказваў капітан каманды галоўны інжынер філіяла “ДЭУ-33”  Мікалай Цехановіч. — Найбольш балаў прынеслі Яўгеній Волк, Вадзім Лініч, Яўгеній Ра­дзевіч, Дзяніс Антаневіч, Алена Шаламіцкая і Аксана Улыбіна. Дзякуй усім, хто абараняў гонар каманды.

Госці засталіся задаволеныя арганізацыяй спаборніцтваў. Асабліва дзякавалі работнікам сістэмы грамадскага харчавання раённага спажывецкага таварыства, якія забяспечвалі харчаванне. Прыемныя ўражанні павезлі і ад спартыўна-турыстычнага комплексу.

Тэкст і фота Анны Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.