Поставский льнозавод ведёт теребление льна

Важное Сельское хозяйство

Цярэбяць лён. Але не даўгунец

Лён у раёне вырошчваюць ААТ «Кураполле-агра», «Сцяг Перамогі-агра», «Камайскі-агра», сельгаспрадпрыемствы «Ляхаўшчына-агра» і «Дунілавічы-агра». Асноўныя плошчы (1600 га) — у льнозавадчан. Пакуль толькі яны і прыступілі да цераблення.

У мінулую сераду сонечнае надвор’е спрыяла тэмпам работ хлебаробаў.   Рабочы дзень у гараджан даўно завяршыўся, а на палях сельгаспрадпрыемстваў на поўную магутнасць працавала тэхніка.  Ажыўлена было і на палетках, дзе рос лён. На іх шчыравалі работнікі льнозавода і тыя, каго камандзіравалі на дапамогу. Каля Манчанят механізатары Пётр Ларшын і Аляксандр Навумец скручвалі трасту ў рулоны. Аляксандр некалі быў ільнозавадчанінам. Затым перайшоў у ААТ «Паставымэбля», але ў час асноўных палявых работ дапамагае заводу.

— Лён не радуе, — гаварылі мужчыны. — І пасеялі своечасова, і ўдабрэнні ўнеслі. А яны без дажджу не далі жаданага эфекту. Налета гэты ўчастак зноў вернецца гаспадарцы, бо лён на адным і тым жа полі можна сеяць толькі праз некалькі гадоў. Вось тады ўдабрэнні сваю ролю і выканаюць, і тое, што тут пасеюць, дасць добры ўраджай.

Землі завод арандуе ў многіх сельгас­прадпрыемстваў. Амаль 500 гектараў — у Докшыцкім раёне. У той дзень, як, дарэчы, і ў іншыя, ільнозавадчане працавалі ў некалькіх месцах. Каля Логавінцаў адзін за адным ішлі ЛК-4 Алега Вайткевіча, Грыгорыя Трушкіна, Валяр’яна Жуперкі, Кірыла Савіцкага і Дзмітрыя Хардыгіна, пакідаючы за сабой стужкі трасты.  Яна будзе чакаць жнівеньскіх росаў, каб пад імі вылежацца і потым трапіць пад шаху. Галоўкі льну высыпаліся ў прычэп. За яго раўнамерным напаўненнем сачылі памочнікі Аляксандр Корвель, Міхаіл Якушаў, Сяргей Драгун, затым галоўкі адпраўляліся ў камбайн, і з іх вымалочвалася льнасемя.

На палескіх і докшыцкіх землях церабілі лён на вытворчых плошчах. Там рупіліся на льнокамбайнах «ТСЛ» Валерый Пупкевіч, Сяргей Студзянкоў, Аляксандр Аліноўскі, Іван Загурскі, Сяргей Ворсін і Аляксандр Шыкуць.

Лён прынята называць даўгунцом. Ён патрабуе не толькі высокай культуры вытворчасці, дакладнага выканання агратэхнічных патрабаванняў, але і спрыяльнага надвор’я. Сёлета яно падвяло, а таму даўгунец сваёй назве не адпавядае. Тым не менш убіраць трэба. Ільнозавадчане гэта разумеюць і падчас цераблення робяць усё, што ад іх залежыць.

Тэкст і фота Анны Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.