Председатель облисполкома Николай Шерстнёв посетил Поставский район

Главное Местная власть Сельское хозяйство

Пастаўшчына будзе з хлебам

Такую выснову зрабіў старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў пасля таго, як пабываў на жніве ў ААТ «Навасёлкі-Лучай»

Каля Слабады заканчвалі ўборку гібрыднага жыта «пікасо» германскай селекцыі. Яно займала 150 гектараў. Пры сёлетнім засушлівым надвор’і з гектара атрымалі па 53 цэнтнеры.

Менавіта на гібрыдным жыце засяродзіў увагу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нядаўняй селектарнай нарадзе па ўборачнай кампаніі і пахваліў  вопыт Віцебскай вобласці па вырошчванні гэтай культуры. Мікалай Шарснёў дэталёва распытваў у дырэктара адкрытага акцыянернага таварыства Юрыя Шымчыка і галоўнага агранома Уладзіслава Шаршнёва пра тэрміны сяўбы, удабрэнні, хімікаты, якія ўносіліся пад культуру, даваў рэкамендацыі.

Старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў (справа), яго намеснік Уладзімір Белавус, кіраўнік раёна Сяргей Чэпік, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, дырэктар ААТ «Навасёлкі-Лучай» Юрый Шымчык і галоўны аграном гаспадаркі Ула­дзіслаў Шаршнёў

— Будзеце з хлебам, — падвёў вынік убачанаму Мікалай Мікалаевіч. — На жаль, не з такім, які павінны былі мець. Свае карэктывы ўнесла над­вор’е. Але ёсць і ўласныя рэзервы, якія трэба выкарыстоўваць больш шырока. Трэба павышаць культуру земляробства. Не толькі для таго, каб парадак на палях радаваў вока. Гэта будзе спрыяць вышэйшым ураджаям. Строга захоўваць тэхналогію — яна ўсяго царыца. Кіраўніцтва і раёна, і гаспадаркі гэта разумее. Таму хочацца верыць, што ў бліжэйшы час Пастаўшчына верне былую славу.

Падчас візіту ў раён кіраўнік воб-ласці азнаёміўся з будаўніцтвам новай фермы ў ААТ «Хацілы-агра». Яна ўзводзіцца за сродкі таварыства і крэдыты банка. Кошт будаўніцтва — 12 мільёнаў рублёў. Ферма разлічана на 960 галоў. У гэтыя дні на будаўнічай пляцоўцы задзейнічаны да 70 работнікаў ДКУАБП «Рассвет Пастаўскі» — генеральнага падрадчыка. Першую чаргу разлічваюць запусціць да канца бягучага года.

Ідзе будаўніцтва новай фермы ў ААТ «Хацілы-агра»

— Гэта будзе цялятнік на 200 галоў, памяшканне для 320 сухастойных кароў, прафілакторый для цялят, малочна-даільная зала, — расказваў дырэктар ААТ «Хацілы-агра» Вячаслаў Крыштафовіч. — Была затрымка з атрыманнем крэдыта, але ў той час за ўласныя сродкі пабудавалі падстанцыю, воданапорную вежу, станцыю абезжалезвання. Канчатковы тэрмін здачы аб’екта — жнівень 2020 года.

Дзесяць гадоў у гаспадарцы эфектыўна працуе сучасная рабатызаваная ферма на 920 галоў. Сярэднядзённы надой на ёй складае 29 кілаграмаў малака ад каровы, за год — 8600. Паставілі мэту выйсці на 9000 кілаграмаў ад каровы. Дзяржаве штодзень адпраўляюць па 20 тон прадукцыі.

Пабываў Мікалай Шарснёў і на спартыўна-турыстычным комплексе «Азёр­кі». Экскурсію па ім правялі начальнік упраўлення спорту і турызму абл­вы­канкама Васілій Захарэвіч і генеральны дырэктар дзяржаўнага аб’яднання «Фізічная культура, спорт і турызм Пастаўскага раёна» Станіслаў Чымбург.

«Азёркі» карыстаюцца папулярнасцю ў пастаўчан. Тут любяць адпачываць сем’ямі, праводзіцца шмат спартыўных і культурных мерапрыемстваў, ладзяцца турыстычныя злёты. Прадаўжаецца будаўніцтва гасцініцы на 50 спальных месцаў, што расшырыць магчымасці для камфортнага адпачынку турыстаў.

Старшыню аблвыканкама зацікавілі аб’екты, размешчаныя на тэрыторыі комплексу. Ён станоўча ацаніў месца адпачынку і адзначыў, што гэта перспектыўны напрамак работы. Задумак у гаспадароў шмат, і трэба прыкласці нямала намаганняў і ўкласці нямала сродкаў, каб ажыццявіць іх.

Тэкст і фота Анны Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.