Прокурор района Игорь Волынец побеседовал с активом Поставщины о последствиях коррупционных преступлений

Правовое поле

Не спакушайцеся на хабар

Злачынствы, якія адносяцца да разраду карупцыйных, фігурыруюць у зводках здарэнняў штодня. Прычым праблема актуальная для ўсёй краіны. Аднак колькі б сродкі масавай інфармацыі ні асвятлялі гучныя судовыя працэсы па такіх справах, менш іх не становіцца. Людзей не палохае ні перспектыва страціць высокую пасаду, ні працяглы тэрмін пакарання.

Пра тое, што заўсёды неабходна дзейнічаць выключна ў рамках закону, ішла гаворка на адной з сустрэч пракурора раёна Ігара Валынца з актывам Пастаўшчыны. Дык што гэта за «звер» такі — карупцыя? На сёння Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь вылучаны дзесяць саставаў карупцыйных злачынстваў:

  • крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі (арт. 210);
  • легалізацыя («адмыванне») матэрыяльных каштоўнасцей, набытых злачынным шляхам, здзейсненая асобай, якая знаходзіцца на пэўнай пасадзе, з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў (ч. 2 і 3 арт. 235);
  • злоўжыванне ўладай альбо службовымі паўнамоцтвамі з карыслівай ці іншай асабістай заці­каўленасці (ч. 2 і 3 арт. 424);
  • бяздзейнічанне асобы, якая знаходзіцца на пэўнай пасадзе, з карыслівай ці іншай асабістай зацікаўленасці (ч. 2 і 3 арт. 425);
  • перавышэнне ўлады альбо службовых паўнамоцтваў, здзейсненае з карыслівай ці іншай асабістай зацікаўленасці (ч. 2 і 3 арт. 426);
  • незаконны ўдзел у прадпрымальніцкай дзейнасці (арт. 429);
  • атрыманне хабару (арт. 430);
  • дача хабару (арт. 431);
  • пасрэдніцтва ў хабарніцтве (арт. 432);
  • злоўжыванне ўладай, перавышэнне ўлады альбо бяздзейнічанне ўлады, здзейсненае з карыслівай ці іншай асабістай зацікаўленасці (ч. 1 арт. 455).

— Калі яшчэ гадоў 10-15 назад падобныя дзеянні службовай асобы расцэньваліся як дысцыплінарны ўчынак, то зараз яны з’яўляюцца карупцыйным злачынствам. І ў адпаведнасці з Дэкрэтам №3 «Аб дадатковых мерах па барацьбе з карупцыяй», які Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 10 мая бягучага года, асуджаныя па іх асобы не падлягаюць ні амністыі, ні ўмоўна-датэрміноваму вызваленню. А санкцыі па названых артыкулах вельмі строгія: за бутэльку шампанскага, батон каўбасы ці шакаладку можна адправіцца ў турму на некалькі гадоў. Памятайце, што любое парушэнне закону, магчыма, не адразу, але ўсё роўна выкрыецца і будзе пакарана, — папярэджваў Ігар Сямёнавіч.

Карупцыйныя злачынствы інкрымінуюцца дзяржаўным службовым асобам і прыраўнаваным да іх — кіраўнікам, галоўным бухгалтарам і інжынерам арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў, якія ў статутным фондзе маюць долю дзяржавы менш за 50%. Таму ні ў якім разе не трэба выкарыстоўваць сваё службовае становішча як сродак атрымання дадатковых матэрыяльных каштоўнасцей. Праўда, ёсць выключэнні. Так, службовым асобам дазволена прымаць у асабістае карыстанне падарункі, кошт якіх не перавышае 5 базавых велічынь, пры ўмове, што яны будуць уручаны на афіцыйных мерапрыемствах. Калі сумняваецеся наконт кошту прэзента, то яго неабходна здаць на ацэнку ў спецыяльную камісію (яна павінна існаваць у кожнай установе). У выпадку перавышэння ліміту падарунак нельга браць дадому.

Яшчэ адна ўразлівая ў гэтым сэнсе катэгорыя — медыкі і настаўнікі, бо прадстаўнікам гэтых прафесій людзі ўвесь час імкнуцца аддзячыць.

— Урачы і настаўнікі не з’яўляюцца службовымі асобамі. Аднак, калі яны надзелены паўнамоцтвамі выпісваць лісткі непраца­здольнасці, з’яўляюцца старшынямі якіх-небудзь камі­сій, інакш кажучы, маюць права здзяйсняць юрыдычна значныя дзеянні, то атрыманыя імі падарункі, як правіла, лічацца хабарам, — тлумачыў нюансы пракурор. — Зразумела, падарункі ад пацыентаў і бацькоў могуць быць ­удзячнасцю ад шчырага сэрца, але, звычайна, яны робяцца з прыцэлам на ўзаемнасць у адказ: найбольш якаснае лячэнне, высокую адзнаку і г. д. Калі будзе ўстаноўлена апошняе, то дзеянні прадстаўнікоў сацыяльнай сферы расцэняць як атрыманне хабару (нават калі яго кошт складае рубель), і іх чакае крымінальнае пакаранне.

Таксама Ігар Валынец азнаёміў прысутных з аператыўнай інфармацыяй па карупцыйных злачынствах у Віцебскай вобласці. Найбольш карупцыйнымі галінамі і сферамі дзейнасці з’яўляюцца: выканаўчыя, распарадчыя і праваахоўныя органы, будаўніцтва, сельская гаспадарка, гандаль і аказанне паслуг. Сёлета за 5 месяцаў выяўлена 181 злачынства адпаведнай катэгорыі. Найбольшая колькасць — у Браслаўскім раёне (19). Толькі аднаму былому старшыні райвыканкама прад’яўлена больш за 10 эпізодаў атрымання хабару. На другім месцы Мёрскі раён (17), на трэцім — Пастаўскі.

На нашай тэрыторыі зафіксавана 12 злачынстваў, 10 з іх здзей­снілі былыя работнікі Глыбоцкай міжраённай інспекцыі жывёльнага і расліннага свету (пасрэдніцтва ў хабары), 2 — «заслуга» мясцовых службовых асоб. У прыватнасці, галоўны бухгалтар аднаго з сельгаспрадпрыемстваў раёна больш за год карысталася, як уласнымі, грашовымі сродкамі ААТ, якія налічваліся на аформленую на яе банкаўскую картку. Шкода дзяржаве — звыш 6 тысяч рублёў. У гэтай жа гаспадарцы загадчыца фермы, каб схаваць падзеж жывёлы, ад імя падначаленых пісала заявы на набыццё цялят і візіравала іх у бухгалтэрыі. Спачатку работнікі фермы спрабавалі высветліць, чаму з іх заробку ўтрымліваюцца грашовыя сродкі, але пасля адказаў-пагроз яшчэ больш скараціць зарплату вырашылі не нагнятаць абстаноўку — маўчалі. Зараз абедзве фігуранткі абвінавачваюцца ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў.

Не шкадуеце сябе — падумайце пра дзяцей: пры паступленні на дзяржслужбу і ў сілавыя структуры кожны прэтэндэнт праходзіць спецыяльную праверку. І калі адзін з яго бацькоў быў асуджаны, тым больш за карупцыйнае злачынства, зялёнае святло ніколі не загарыцца.

Вераніка Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.