Современное цифровое рентгеноборудование теперь и в поликлинике Поставской ЦРБ

Важное Здравоохранение

Зробяць здымак лічбавыя рэнтгены

Рабіць рэнтгенаўскія здымкі жыхарам раёна цяпер будуць на сучасным лічбавым абсталяванні, якое з’явілася ў паліклініцы Пастаўскай ЦРБ.

На ўрачыстым адкрыцці адрамантаванага і аснашчанага па апошнім слове тэхнікі рэнтгенкабінета галоўны ўрач Пастаўскай ЦРБ Уладзімір Чакавы ўзгадаў гісторыю адкрыцця паліклінікі, якая распачалася чвэрць стагоддзя назад дзякуючы намаганням былога кіраўніка раёна Васілія Чэпіка. На той момант яна была аснашчана сучасным абсталяваннем. Аднак час старыць не толькі чалавека, але і тэхніку. Таму зараз у медустанове праводзяцца паступовая мадэрнізацыя, рамонт памяшканняў і замена абсталявання. Так, летась былі адрамантаваны хірургічны і эндаскапічны кабінеты, нядаўна наведвальніц сустрэла абноўленая жаночая кансультацыя, а днямі пачаў работу новы рэнтгенкабінет.

Чырвоную стужку на ўваходзе ў рэнтгенкабінет пераразаюць Пётр Курто, Уладзімір Чакавы і Юрый Дзеркач

Уладзімір Мікалаевіч падзякаваў усім, хто меў дачыненне да доўгачаканай падзеі. Гэта галоўнае ўпраўленне па ахове зда­роўя Віцебскага аблвыканкама і Пастаўскі райвыканкам, якія выдзелілі сродкі на асучасніванне кабінета. Дзякуючы падрадчыку «ВитМедСтрой» усе работы былі выкананы хутка і якасна. Прыклаў руку да гэтай справы і калектыў бальніцы, які падчас суботніка дэманціраваў абсталяванне і будаўнічыя канструкцыі, падключаў кабінет да лакальнай сеткі, збіраў мэблю і інш., што дазволіла больш рацыянальна выкарыстаць атрыманыя сродкі. Усяго на аб’екце асвоена 320 тысяч рублёў, 210 тысяч з іх каштуе абсталяванне.

Пажадаўшы добрага шляху новаму аб’екту, чырвоную стужку перарэзалі галоўны ўрач установы і ганаровыя госці — начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Юрый Дзеркач і старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто. У светлым, прасторным кабінеце пяць памяшканняў, у якіх размясціліся шматфункцыянальны лічбавы рэнтгенаўскі комплекс і лічбавы дэнтальны (для выканання здымкаў зубоў) рэнтгенапарат, аргтэхніка, новая мэбля. Абодва рэнтгены даюць выдатную якасць адлюстравання, атрыманыя здымкі можна раздрукаваць на паперы, запісаць на дыск, адправіць па інтэрнэце ўрачу, а калі неабходна кансультацыя больш высокага ўзроўню, то і адаслаць з дапамогай тэлемедыцыны ў вобласць ці рэспубліку.

— Мне заўсёды імпанавала Пастаўская ЦРБ. Вынікі яе работы могуць служыць прыкладам для многіх рэгіёнаў вобласці і рэспублікі. У вас адзін з лепшых на Віцебшчыне паказчык аказання медыцынскай дапамогі на мясцовым узроўні, адпаведна, ад вас паступае менш за ўсё пацыентаў на больш высокі ўзровень. А сёння для нас гэта вельмі актуальна, бо перад медыцынскай галіной стаіць задача — забяспечыць чалавека, дзе б ён ні пражываў, не горшым лячэннем,  чым у сталіцы, — гаварыў Юрый Дзеркач. —  У многім пастаўскія медыкі з’яўляюцца першапраходцамі і потым сваім вопытам дзеляцца з калегамі. Дзякую за тыя віды, аб’ёмы і якасць паслуг, якія вы аказваеце насельніцтву.

З кожным днём узровень аказання гэтых паслуг будзе павышацца. У прыватнасці, выкарыстанне CAD/CAM-сістэмы ў стаматалогіі дазволіць праектаваць і вырабляць зубапратэзныя артапедычныя канструкцыі з дапамогай камп’ютара. Для своечасовай дыягностыкі сур’ёзных хранічных паталогій плануецца стварыць міжраённы медыцынскі цэнтр, дзе будуць устаноўлены камп’ютарны і магнітна-рэзанансны тамограф. У якасці базы для яго разглядаюцца і Паставы.

Рэнтгенлабарант Юрый Літвіновіч ля шматфункцыянальнага лічбавага рэнтгенаўскага комплексу

Карыстаючыся выпадкам, Юрый Мікалаевіч правёў інфармацыйную гадзіну. У сваёй прамове ён расказаў пра новыя падыходы ў лекавым забеспячэнні, якія дазволяць знізіць цану на лекі, пра аснашчэнне галіны сучасным дыягнастычным і лячэбным абсталяваннем, плануемыя змены ў сістэме амбулаторна-паліклінічнай дапамогі і налічэнні медыкам заработнай платы. Таксама гаварылася пра з’езд медыкаў, які пройдзе ў кастрычніку з удзелам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, якія на ім будуць узнімацца пытанні.

Сярод іншага Пётр Курто адзначыў, што на Пастаўшчыне надаецца вялікая ўвага забеспячэнню маладых спецыялістаў-медыкаў жыллём, і Юрый Дзеркач прапанаваў цікавую ідэю. Калі ўсё «зрасцецца», у Паставы ў бліжэйшай перспектыве прыедуць медыкі з усёй рэспублікі.

Тэкст і фота Веранікі Філановіч



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.