В минувшую пятницу в ОАО «Новоселки-Лучай» отпраздновали 70-летие образования хозяйства

Важное Сельское хозяйство

Скарбам былі і застаюцца людзі

У мінулую пятніцу ў ААТ «Навасёлкі-Лучай» прайшло свята, прысвечанае 70-годдзю ўтварэння гаспадаркі. На ім таксама былі падведзены вынікі работы за першае паўгоддзе.

Ветэраны ў пашане

Традыцыйнае свята ладзілася ў дзясяты раз. І, здаецца, з асаблівай ахвотай на яго ішлі ветэраны. Для іх гэта добрая нагода сустрэцца з тымі, з кім разам працавалі, успомніць мінулае, адпачыць, наталіцца творчасцю вядомых артыстаў.

Першы калгас «Рассвет» у Навасёлках стварылі ў 1949 го­дзе. Яго старшынёй быў Ні­кадзім Мацур. У 1951-м гаспадарка атрымала назву імя Суворава. У 1968-м яе ўзначаліў Алег Валодзька. Пазней былі далучаны калгасы «Ударнік», «Гігант», саўгасы «Пастаўскі» і «Старадворскі». З 2010 года прадпрыемства мае статус адкрытага акцыянернага таварыства. Дзесяць гадоў ім кіруе Юрый Шымчык.

— Гісторыю пішуць людзі, — гаварыў Юрый Францішкавіч. — Яны былі і застаюцца нашым самым каштоўным скарбам. Дзякуючы іх працавітасці, адказнасці гаспадарка з года ў год дабіваецца добрых вынікаў. Мы пастаянна памятаем пра нашых ветэранаў, стараемся акружыць іх клопатам і ўвагай.

Працуюць з прыбыткам

За 6 месяцаў бягучага года ў ААТ «Навасёлкі-Лучай» выканалі асноўны паказчык па тэмпах росту і атрымалі 107% да ўзроўню мінулага года, у тым ліку за кошт жывёлагадоўлі — 107,8%, раслінаводства — 102,7%. Надоена 5665 тон малака, што вышэй за мінулагодні паказчык на 12%. Прыбаўка стала магчымай дзякуючы ўводу ў строй другой чаргі рабатызаванай фермы «Коўзаны», дзе цяпер утрымліваецца 616 кароў, 224 цялушкі. Сярэдні надой ад каровы па ферме — 3809 кілаграмаў. Валавая вытворчасць за паўгоддзе склала 2614 тон. Усё малако рэалізавана сортам «экстра». Выручкі за паўгоддзе атрымалі 1,75 млн рублёў. Заслуга ў гэтым найперш аператараў машыннага даення, а таксама загадчыцы фермы Валянціны Мацур і  заатэхніка-асемянатара Святланы Салонінкі.

Нядрэнныя сярэднія надоі і на фермах «Навасёлкі» (2871 кг), «Лучай» (2080), «Курды» (2131), «Стары Двор» (2006), якімі загадваюць Вікторыя Вартазаран і Наталля Мацур, Наталля Якубёнак, Галіна Якубовіч, Ірына Мотуз. За ферму палявога ўтрымання адказвае Марыя Даўгель, свінафермай кіруе Рыма Падгайская.

Мяса атрымана 622 тоны. Сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы склалі 510 грамаў.

Аснова – кармы

Да ўборкі траў першым укосам сёлета прыступілі 1 чэрвеня. У 9 траншэй закладзена амаль 17500 тон сенажу, ёсць 600 тон сена, на адну ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавана 8,1 цэнтнера кармавой адзінкі, што на 0,6 ц к. адз. больш, чым у мінулым го­дзе. На касьбе траў вызначыліся Руслан Шымко, Ва­лерый Мацур, Аляксандр Смолка, Аляксандр Федаронак, на зграбанні — Яніс Вішнеўскі, Юрый Татарчук, Аляксандр Булышка, на падборы зялёнай масы — Юрый Гваздоў, Сяргей Салонінка, Аляксандр Дунец, на адвозцы — Дзмітрый Казак, Сяргей Гіль, Аляксандр Варнель, Ігар Масінкевіч, Станіслаў Врублеўскі, Аляксандр Мацур і іншыя, на трамбоўцы — Уладзі­мір Праліч, Казімір Віннік, Мікалай Татарчук, Віктар Дабравольскі, на прасаванні сенажу ва ўпакоўку і сена ў рулоны — Міхаіл Аўсюкевіч, Анатолій Счасны, Аляксандр Муляронак.

Бесперабойную работу ўсіх агрэгатаў, своечасовы і якасны рамонт забяспечылі токары, зваршчыкі, слесары, акумулятаршчыкі Аляксандр Драгун, Уладзімір Чандырын, Анатолій Мацук, Гілярый Юндзель, Юрый Шорац, Генадзій Мацур і іншыя.

Каб мець багаты запас збожжа, стараліся не толькі сеяльшчыкі, але і  тыя, хто рыхтаваў глебу, уносіў мінеральныя і арганічныя тукі, ратаваў пасевы ад пустазелля. На свяце граматы і прэміі атрымалі Алег Чумакоў, Славамір Пястун, Мікалай Шынкевіч, Уладзімір Скавародка, Ігар Гіль, Віктар Рогаў, Люцыян Даўгель, Станіслаў Врублеўскі і іншыя.

А кіруюць усімі работамі агранамічная служба на чале з Уладзіславам Шаршнёвым, начальнікі ад­дзяленняў Славамір Ландышка, Сяргей Савіцкі, Віталій Буката, Аксана Рагіня, Ірына Елізаранка.

Найлепшым – узнагароды

Па традыцыі на свяце най­лепшыя работнікі бы­лі ўдастоены ўзнагарод. Ганаровыя граматы раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў, Падзякі старшыні райвыканкама ўручыў кіраўнік раёна Сяргей Чэпік.

— Не магу ў чарговы раз не ўспомніць сёння Алега Адольфавіча Валодзьку, на долю якога выпала кіраваць гаспадаркай 42 гады, — гаварыў, вітаючы прысутных, Сяргей Васільевіч. — Мяне радуе, што вы прадаўжаеце добрыя традыцыі, закладзеныя былым старшынёй, імкняцеся прымнажаць здабыткі. У вас дружны і зладжаны калектыў, годнае маладое пакаленне. Напрыклад, галоўнаму інжынеру Яўгенію Вішнеўскаму неаднаразова прапаноўвалі ўзначаліць адну з гаспадарак раёна, але ён верны навасёлкаўскай зямлі. Жадаю ўсім моцнага зда­роўя, сямейнага шчасця, добрага надвор’я на перыяд ужо блізкага жніва.

Ад імя абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу граматы найлепшым жывёлаводам і механізатарам уручыў старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Аляксей Філімонаў.

На Дошку гонару гаспадаркі будуць занесены фотаздымкі Ігара Савуця, Юрыя Татарчука, Андрэя Врублеўскага, Яніса Віш­неўскага, Уладзіміра Чардырына, Генадзія Літвіновіча, Яўгенія Грышчанкі, Аляксандра Арлоўскага, Таццяны Шаколы, Зоі Кухальскай, Наталлі Ткачовай, Ганны Калядзінай, Рымы Нейфельд, Марыі Марціновіч, Наталлі Статуты, Кацярыны Петрусевіч. Усе яны атрымалі граматы і грашовыя прэміі.

Падарункі ад гасцей

На свята прыехала шмат  дзелавых партнёраў. Сярод іх прадстаўнікі Полацкага камбіната хлебапрадуктаў, ТАА «Голдомис», «Мастер Урожая», «АгроИндастра», «КЛМ», «Брест­агроинторг», «БелКапитал-Прок» і іншыя. Не засталіся ў баку ад падзеі і кіраўнікі шматлікіх прадпрыемстваў і арганізацый раёна.

Музычныя падарункі падрыхтавалі мясцовыя спявачкі Даша Мацкевіч і Злата Ярашэвіч. А вядомая сталічная група «Дразды» падкупіла гледача жывым гукам, танцамі, бясконцым гумарам яе лідара і саліста Віталія Карпанава.

Была магчымасць паласавацца духмянымі юшкай і шашлыком, мясам, смажаным на ражне. Вечарам вяскоўцы сабраліся на дыскатэку. А апоўначы неба над Навасёлкамі расквецілася святочным феерверкам.

Тэкст і фота Анны Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.