В ОАО «Курополье-агро» приступили к обмолоту овсяницы луговой

Сельское хозяйство

Убіраюць насеннікі траў

У мінулую сераду ў ААТ «Кураполле-агра» прыступілі да абмалоту аўсяніцы лугавой.

Гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні траў на насенне, якое выкарыстоўваецца для падсеву палёў, перазалужэння пашы. Канюшына белая, чырвоная, ружовая, райграс, цімафееўка, злакавыя займаюць тут амаль 400 гектараў. Пад аўсяніцу адведзена каля 40.

— Вытворчасць насення траў — справа няпростая, — гаварыла выконваючая абавязкі галоўнага агранома Галіна Піскуновіч. — Важна падабраць для кожнага віду траў участак зямлі, своечасова пачаць абмалот: пачнеш рана — страціш усходжасць насення, позна — насенне абсыплецца. Таму ўчастак з аўсяніцай трымалі на кантролі, і як толькі насенне падышло, прыступілі да ўборкі. У Кураполлі ўключылі падлогавую сушылку, апрабуем і зернеачышчальную «Пектус». Калі атрымаецца, частку насення будзем рэалізоўваць самі. А пакуль адпраўляем яго на ААТ «Віцебскае насенне траў».

— Першымі вывелі ў поле камбайны бацька і сын Адынцы, — расказваў выконваючы абавязкі дырэктара гаспадаркі Васілій Касцень. — Стрыжань — бацька Мікалай Мікалаевіч. З яго бяруць прыклад сыны Максім і Валерый. Кожны ў свой час працаваў на камбайне памочнікам у бацькі. Цяпер Максім добра спраўляецца самастойна. Валерый вядзе падкормку кукурузы.

Старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксей Філімонаў прыехаў у поле, каб павіншаваць механізатараў з пачаткам адказнай кампаніі. На памяць уручыў футболкі і кепкі з лагатыпам прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК, якія камбайнеры тут жа прымералі.

— Вы — пачынальнікі жніва не толькі ў раёне, але і ў вобласці, — гаварыў Аляксей Аляксеевіч. — Наперадзе гарачы час. Жадаю вам сіл і здароўя, добрага надвор’я і высокіх намалотаў.

Тэкст і фота Анны Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.