В Поставах отметили традиционный народный праздник Купалье

Важное Культура

Папараць-кветку шукалі, шчасце гукалі

У ноч з 6 на 7 ліпеня ў гарадскім парку райцэнтра прайшло традыцыйнае народнае свята Купалле.

Прадстаўленне, падрыхтаванае работнікамі Цэнтра культуры і народнай творчасці раёна, запрашала гасцей у чароўную казку, поўную легенд і паданняў, народных абрадаў і гульняў. Да пачатку і падчас свята дзейнічала выстава-продаж купальскіх вянкоў і сувеніраў Дома рамёстваў. Жадаючых набыць іх было шмат. Таксама можна было паўдзельнічаць у майстар-класе і навучыцца самому плесці купальскі вянок.

Са сцэны амфітэатра гучалі беларускія народныя і сучасныя папулярныя песні ў выкананні эстрадных груп «Фантазія» і «Дзяўчаты», а таксама Дар’і Гагалінскай, Вольгі Нікалаевай, Дзіяны Дзяменць­евай, Паліны Балаш, Кацярыны Жук, Яўгеніі Бяляўцавай і Ксеніі Розман.

Разам з дзяўчатамі ў купальскіх вянках і хлопцамі ў народных строях на сцэну выходзілі Траўніца, Дзед і Баба, Янка і Купалінка. А Кікімара і Баба Яга арганізавалі сапраўдныя спартыўныя спаборніцтвы. Удзельнікі конкурсаў дэманстравалі сваю сілу ў перацягванні каната (так стараліся, што парвалі яго на дзве часткі), спрыт пры скаканні праз скакалку і нашэнні чыгунка на вілках, уменне працаваць у камандзе пры заплятанні касы са стужак. За ўдзел у спаборніцтвах усе атрымалі прызы ад арганізатараў. А дзяўчаты ў народных касцюмах нават навучылі гледачоў танцаваць кракавяк.

Пакуль адны атрымлівалі асалоду ад тэатралізаванага прадстаўлення, іншыя маглі перакусіць у імправізаваным летнім кафэ Пастаўскага райспажыўтаварыства або паласавацца салодкай ватай і папкорнам. Фінальным акордам гульнёвай праграмы стаў рытуал ачышчэння агнём. Дзяўчаты і юнакі з факеламі ў суправаджэнні гасцей свята адправіліся на спецыяльна падрыхтаваную пляцоўку і запалілі велізарнае купальскае вогнішча. Яго полымя высока ўзнялося ў начное неба, асвятляючы ўсё навокал. Прысутныя доўга грэліся вакол агню, бо надвор’е ў той дзень не цешыла цяплом. А напрыканцы купальскіх гулянняў усе жадаючыя маглі ўдосталь патанцаваць на дыскатэцы пад адкрытым небам, якую арганізаваў раённы Дом культуры.

Больше фото в наших группах в соцсетях: 

Одноклассники

ВКонтакте

Наталля Налей
Фота і відэа аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.