В Поставском районе прошли автопробеги по местам захоронения винов и жерств ВОВ

75 лет освобождения Витебщины от немецко-фашистских захватчиков Главное

Кіламетры памяці і болю

Напярэдадні Дня Незалежнасці ў раёне прайшоў традыцыйны аўтапрабег па месцах пахавання салдат і мірных жыхароў, загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Дэлегацыі адправіліся ў двух кірунках: Лынтупскі і Варапаеўскі сельсаветы. У склад першай групы ўвайшлі галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Субко, старшыня раённага Савета ветэранаў Ганна Літвіновіч, першы сакратар райкама ГА «БРСМ» Вераніка Казлоўская і прадстаўнік пагранічнай камендатуры «Паставы».

Шлях на Лынтупшчыну пачаўся з прыпынку на вуліцы Савецкай у райцэнтры. Тут ля дарогі на ФАК устаноўлены помнік мірным грамадзянам, расстраляным фашыстамі ў 1941 годзе. Удзельнікі аўтапрабегу паставілі карзіну з кветкамі да падножжа помніка і ўшанавалі памяць загінулых хвілінай маўчання. Затым накіраваліся ў аграгарадок Камаі. У цэнтральным скверы каля брацкай магілы вызваліцеляў прайшоў мі­тынг-рэквіем, у якім прынялі ўдзел мясцовыя жыхары і ганаровыя госці, у іх ліку старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто.

— Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь па праву заняў асаблівае месца ў гісторыі нашай краіны. У ім зліліся святыя для кожнага з нас паняцці — свабода і незалежнасць, — пачаў мітынг старшыня Камайскага сельскага Савета Генадзій Урбанайць. — Гэты дзень аб’ядноўвае лёсы розных пакаленняў, нагадвае пра доўгі і няпросты шлях станаўлення нашай дзяржавы.

Генадзій Часлававіч традыцыйна звярнуўся да гісторыі, расказаў, якая цана заплачана за вызваленне Пастаўшчыны.

— Прыемна, што падрастаючаму пакаленню і ўсім жыхарам раёна неабыякавае яго баявое мінулае, — гаварыў Пётр Курто. — Мы павінны ведаць сваіх герояў і памятаць пра тую вайну, каб падобнае ніколі не паўтарылася. Вялікі дзякуй кожнаму, хто прыняў удзел у добра­ўпарадкаванні месцаў пахавання салдат і мірных жыхароў, загінулых у гады Вялікай Айчыннай.

Наступны населены пункт — Лынтупы. Тут дэлегаты наведалі 5 памятных месцаў пахавання воінаў, партызан, іх сем’яў і іншых мірных жыхароў. Апошнім прыпынкам сталі сельскія могілкі ў вёсцы Апідамы, дзе вечным сном спяць партызаны брыгады імя Варашылава. Да кожнага помніка ўдзельнікі аўтапрабегу ўсклалі кветкі як даніну павагі тым, хто аддаў свае жыцці дзеля таго, каб наступныя пакаленні маглі расці пад мірным небам.

Тэкст і фота Наталлі Налей


Жальба па бязвінных ахвярах

Паставы. Помнік на брацкай магіле па вуліцы Горкага. У лютым 1942-га фашысты стварылі тут гета, а 21 лістапада таго ж года расстралялі 4 тысячы яўрэяў. Адным з самых жахлівых бакоў фашысцкага акупацыйнага рэжыму быў генацыд. Ставілася задача знішчыць гэту нацыю дашчэнту. Вось і на Пастаўшчыне ажно некалькі пахаванняў бязвінных ахвяр: два ў райцэнтры (другое — у мікрараёне будаўнікоў), у Дунілавічах і Лынтупах. Як сведчанне жальбы і памяці ўдзельнікамі аўтапрабегу да помнікаў на брацкіх магілах былі ўскладзены вянкі.

А на месцы вёскі Альцы адбыўся жалобны мітынг. «Альцы — ні жыхароў, ні хат. І толькі памяць у народзе. Іх знішчыў карнікаў атрад зімой у сорак трэцім годзе. І чуе сэрца ў цішыні дзіцячы плач, матуляў крыкі… Памерла радасць у агні, і смутак наступіў вялікі», — дэкламуюць школьнікі пранізлівыя радкі верша Аркадзя Нафрановіча, пасля чаго наступае хвіліна маўчання. Намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў гаворыць пра тое, якой дарагой цаной здабыта перамога над ворагам, колькі ахвяр забрала вайна. 19 студзеня 1943 года фашысты і іх паслугачы спалілі вёску Альцы разам з 72 жыхарамі, сярод якіх было 18 дзетак. А ўсяго ў Беларусі спалена разам з жыхарамі 330 вёсак, якія так і не адра­дзіліся з папялішчаў. Пра гэта трэба памятаць заўсёды і рабіць усё магчымае, каб такія жахі не паўтарыліся.

Удзельнікі аўтапрабегу ўсклалі вянкі і да абеліскаў загінулым воінам і партызанам у многіх населеных пунктах раёна, ушанавалі іх памяць хвілінай маўчання.

Тэкст і фота Фаіны Касаткінай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.