В самом дружном микрорайоне улиц Строителей, Лесной, Богдановича, Мира поздравили первых жителей, многодетные семьи, именинников

Общество

Дружны мікрараён з вялікай перспектывай

Яго адрас: вуліцы Будаўнікоў, Лясная, Багдановіча, Міру. У мінулую нядзелю работнікі раённага Дома культуры правялі тут свята, падчас якога ўшанавалі першых жыхароў, мнагадзетныя сем’і, імяніннікаў.

Гэта, напэўна, адзіны ў гора­дзе мікрараён, дзе жыхары самі ўстанаўлі­ваюць на вуліцы Будаўнікоў ёлку, апранаюць касцюмы казачных герояў і разам сустракаюць Новы год, весела адзначаюць іншыя святы, рыхтуюць цікавыя тэатралізаваныя сустрэчы маладажонаў, — гаварыў,  вітаючы прысутных, намеснік старшыні райвыканкама Павел Станюш, які сам пражывае па вуліцы Лясной.

У пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя быў распрацаваны дэталёвы план забудовы новага мікрараёна за аўтазапраўкай. Першымі свае дамы тут пабудавалі сем’і Вячаслава і Яніны Савіцкіх, Антона і Ганны Чаляёў, Алега і Алы Шабовічаў.

— Як можна было па-іншаму назваць вуліцу, калі не Будаўнікоў? — успамінаў Антон Чалей. — Час быў шчаслівы. Мы — маладыя, з мноствам планаў, ідэй, дружныя, вясёлыя. Спачатку не было ніякіх камунікацый, ваду прывозілі ў флягах, каля вуглоў бегалі зайцы. Абжываліся паступова. Цяпер і ў нас “цывілізацыя”: водаправод, газавае ацяпленне. Выраслі дзеці, разляцеліся па сваіх гнёздах, радуюць унукі. І ўсе з задавальненнем прыязджаюць сюды да бацькоў.

На вуліцы Лясной першымі жыхарамі былі Ірына і Дзмітрый Несцяронкі, на  Міру — Мікалай і Ганна Каспіровічы, Рамуальд і Марына Пылінскія. Лёс склаўся так, што Мікалай Мікалаевіч цяпер працуе намеснікам начальніка Віцебскага абласнога ўпраўлення аховы здароўя, а сям’я Пылінскіх задзейнічана на будоўлі Беларускай атамнай электрастанцыі ў Астраўцы. Але свае дамы яны не прадалі і вельмі часта сюды наведваюцца.

У той дзень прысутныя на свяце ўспаміналі, як яны ўзводзілі жыллё, як знаёміліся адно з адным, дзякавалі за тое, што суседзі падабраліся чулыя, шчырыя, спагадныя.

— Большую частку свайго жыцця мы пражылі ў кааператыўнай кватэры па Юбілейнай, — расказваў Юрый Жамойдзь, які разам з жонкай Таццянай 20 гадоў працуе на малочным заводзе. — Родны дзядзька з Польшчы ўсё падахвочваў будаваць дом. Стартавым капіталам стала яго спонсарская дапамога. Так мы апынуліся ў гэтым мікрараёне. І не шкадуем. А працы каля свайго дома заўсёды шмат, таму работы не спыняюцца: штосьці перарабляем, штосьці дабудоўваем.

А вось дом Віктара і Вольгі Асяненкаў пабудаваны за сродкі ДРБУ-132, дзе гаспадар больш за 30 гадоў працуе машыністам экскаватара.

У мікрараёне пражывае шмат годных і моцных ­сем’яў. Сярод іх Алег і Таіса Тараскевічы, Андрэй і Ірына Янушы, Сяргей і Марына Блюдзенавы, Аляксей і Ірына Кісялі, Ігар і Марына Ластоўскія, Мікалай і Святлана Ожэлі, Сяргей і Марына Паповы, Віктар і Валянціна Трахімовічы, Віктар і Жанна Шчановічы, Міхаіл і Людміла Маслоўскія. У кожнай свая цікавая гісторыя знаёмства і жыцця. Каб расказаць пра ўсе, спатрэбіцца некалькі газетных старонак. 

Амаль за 30 гадоў вуліцы разрасліся. Падворкі прыгожыя, з морам кветак і ідэальным парадкам. Многія гаспадары заслужылі таго, каб на іх дамах былі прымацаваны шыльды «Дом узорнага парадку».

— А напярэдадні свята работнікам нашага аддзела трэба было выбраць яшчэ па адным такім доме з кожнай вуліцы, — гаварыў намеснік начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Мікалай Доўмант, каля дома якога і ладзілася свята. — Задача аказалася складанай.

І ўсё ж такія таблічкі атрымалі Віталій і Ларыса Курыловічы, Іван і Жанна Курашэвічы, Алег і Ганна Бялевічы, Алег і Алена Сакалоўскія.

Мікрараён новы, і шматлікія звонкія дзіцячыя галасы тут звычайная з’ява. Сярод мнагадзетных сем’­яў на свяце адзначылі Сяргея і Наталлю Сабіранавых, Руслана і Жанну Яхімовічаў, Армана і Арміне Качакулянаў, Аляксея і Надзею Андронаў, Аляксандра і Аксану Дзягеляў, Віктара і Зінаіду Сапрончыкаў,  Дзмітрыя і Вольгу Рамановічаў, Саміра і Алену Гусейналіевых, Аляксандра і Ганну Буяльскіх, Вадзіма і Алену Зубко, Віталія і Анжэлу Мацюшонкаў, Валерыя і Юлію Руткоўскіх.

Для дзяцей была падрыхтавана цікавая забаўляльная праграма з удзелам вясёлага Клоўна і папулярнага Міньёна. Захапляльнымі атрымаліся паказальныя выступленні работнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, падчас якіх яны прадэманстравалі свае дзеянні пры ліквідацыі наступстваў пажару, дарожна-транспартных  здарэннях.

Не абмінулі ўвагай на свяце мікрараёна імяніннікаў, якія менавіта ў тую нядзелю адзначалі свае дні нараджэння. Падарункі атрымалі трохгадовы Артур Рамановіч і Святлана Ожэль, якая працуе ў інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Пастаўскім раёне. Кіраўніцтва філіяла ДРБУ-132, малочнага завода, раённага спажывецкага таварыства падрыхтавала памятныя сувеніры і падарункавыя сертыфікаты для сваіх работнікаў, раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» — цукеркі для дзяцей з мнагадзетных сем’яў, а артысты народнай эстраднай групы «25 плюс-мінус» — цудоўную канцэртную праграму для гледачоў.

— Мікрараён малады і перспектыўны, — дзяліўся Павел Станюш. — Далейшая яго забудова будзе весціся да вёскі Шыркі і да возера Задзеўскае. Пад гэта адведзена больш за 80 гектараў. У будучым тут з’явіцца да 600 індывідуальных жылых дамоў.

Анна Анішкевіч
Фота аўтара і Антона Чаляя



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.