Солнечная погода помогает аграриям в уборке зерновых

Главное Сельское хозяйство

Па хлеб – з выдатным настроем!

Сонечнае і цёплае надвор’е ў мінулыя выхадныя ў вялікай ступені спрыяла выдатнаму настрою і плённай працы камбайнераў адкрытага акцыянернага таварыства «Навасёлкі-Лучай». Першыя гектары азімай пшаніцы яны зжалі тыдзень назад. А затым задажджыла. Таму, як толькі выдалася магчымасць, зноў заспяшаліся ў поле.

Камбайнер Артур Вартазаран

У пятніцу паралельна завяршалі ўборку азімага рапсу. Ён сёлета ў гаспадарцы займаў больш за 500 гектараў. Сярэдняя ўраджайнасць — 25,9 цэнтнера з гектара. У суботу гібрыднае жыта «пікасо» германскай селекцыі на старадворскіх землях убіралі Віктар Рогаў, Яўгеній Грышчанка, Алег Чумакоў, пшаніцу каля Коўзанаў — Андрэй Врублеўскі і Уладзімір Праліч, а Віталій Смолка, Артур Вартазаран і Аляксандр Курдо рупіліся каля Лучая.

— Сёлета абнавіліся некаторыя экіпажы, — расказваў галоўны аграном гаспадаркі Уладзіслаў Шаршнёў. — Атрымаў права на заслужаны адпачынак Святаслаў Зарэцкі, па стане здароўя выбыў з камбайнераў Андрэй Жалейка, уступіў месца маладым Сяргей Гіль. На замену ім і іншым прыйшлі Алег Чумакоў, Яўгеній Грышчанка, Віталій Літвінёнак, Артур Вартазаран.

Артур працаваў вадзіцелем, а камбайнерам — ніколі. Нават памочнікам не быў. Але тэхніку любіць. І калі ў канцы мінулагодняга жніва гаспадарка набыла новы камбайн «Палессе», кіраўніцтва даверыла яго яму.

— Быў час, каб разабрацца з навінкай, — гаварыў Артур. — Пакуль што ідзе справа і ў полі. Мне, канешне, складана спаборнічаць з вопытнымі камбайнерамі, але стараюся.

Настрою чалавеку прыбаўляе і тое, што старэйшая дачка Надзея паспяхова здала тэсты і стала студэнткай Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Будзе вучыцца разам са сваёй аднакласніцай Жэняй Лешчык. У сям’і ёсць яшчэ 12-гадовая дачушка Валерыя і 8-гадовы сынок Кірыл, які цікавіцца тэхнікай і марыць дапамагаць бацьку.

Найперш – разлічыцца з дзяржавай

У ААТ «Навасёлкі-Лучай»  зерневыя і зернебабовыя трэба ўбраць на 2774 гектарах. Па стане на 23 ліпеня зжата 439, або 16%. Хлебаробы гаспадаркі першымі ў раёне прыступілі да выканання дзяржаўнага заказу па продажы збожжа дзяржаве. У мінулую суботу ў філіял «Пастаўскае хлебапрыёмнае прадпрыемства» Полацкага камбіната хлебапрадуктаў вадзіцель Віктар Петрыкевіч з аграномам Аленай Касцюк даставілі пшаніцу.

— Азімыя нядрэнна перазімавалі, вясной хутка ўправіліся з пасяўной і разлічвалі на высокі ўра­джай, — расказвала Алена Іосіфаўна. — Былі, праўда, праблемы з забеспячэннем азотам. Нягледзячы на тое, што загадзя заплацілі за ўдабрэнне, яго выдзелілі са спазненнем. А тады засушыла. І хоць своечасова «прахімічылі», далі неабходную колькасць падкормкі, коласу не хапіла вільгаці — натуральная вага магла б быць намнога большай.

Першы хлеб на хлебапрыёмным прадпрыемстве ўрачыста сустракалі дырэктар філіяла Міхаіл Гінько, лабарант Соф’я Падгайская, якая ўзяла пробы зерня на якасць, і галоўны спецыяліст упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Таццяна Андрэева. Таццяна Цярэнцьеўна па­дзякавала аграному за руплівасць і праз яе перадала найлепшыя пажаданні ўсім удзельнікам жніва адкрытага акцыянернага таварыства «Навасёлкі-Лучай», якое з’яўляецца адным з асноўных пастаўшчыкоў збожжа высокай якасці. А вадзіцель Віктар Петрыкевіч паглядаў на гадзіннік: яго чакала жніўнае поле — у гэты напружаны час дарагая кожная хвіліна.

Штодзень з поўнай аддачай

За суботу і нядзелю ў ААТ «Навасёлкі-Лучай»  збожжавыя ўбралі на 360 гектарах, намалацілі амаль 1400 тон зерня. Гэта адзін з найлепшых паказчыкаў у раёне.

— Стараюцца ўсе экіпажы, — хваліў камбайнераў Уладзіслаў Шаршнёў. — Не адна ўборачная за плячыма Аляксандра Курдо, які летась намалаціў больш за 2000 тон зерня і выйшаў на першае месца ў раёне, Аляксандра Смолкі (1074 тоны і трэцяе месца ў раёне), Уладзіміра Праліча, якія працавалі на розных камбайнах, з рознымі памочнікамі. Прафесійна ўпраўляе збожжаўборачнай тэхнікай Віктар Рогаў. На іх раўняюцца менш вопытныя.

Маладзёжны экіпаж у скла­дзе старшага камбайнера Віталія Смолкі і яго памочніка Аляксандра Добыша працуе трэці сезон. Два гады запар па выніках жніва лідзіраваў сярод маладзёжных экіпажаў раёна. Па-баявому настроены і сёлета.

— Летась да тысячы не хапіла 37 тон, — гаварыў Віталій. —  Сёлета ўжо намалацілі 214 тон рапсу і больш за 200 — пшаніцы і жыта. У гаспадарцы створаны ўсе ўмовы — толькі працуй! Тэхніка добрая, абед па раскла­дзе. Ловім кожную пагодлівую хвіліну і выкарыстоўваем яе па поўнай. Дацямна затрымліваемся ў полі. Спаборнічаем не толькі паміж сабой, але і з надвор’ем, якое пастаянна ўносіць свае карэктывы. Тэхналогія вырошчвання зерневых у гаспадарцы нала­джана. Кіраўніцтва не шкадуе сродкаў на элітныя сарты насення, удабрэнні, сродкі аховы раслін, высокапрадукцыйную тэхніку. Наша задача — да мінімуму скараціць страты ўра­джаю.

— Стараюцца ўсе, — дадае начальнік лучайскага аддзялення Сяргей Савіцкі. — Радуюць сваёй руплівасцю і вопытныя камбайнеры, і навічкі. Хапае транспарту для адвозкі збожжа на зернесушыльныя комплексы. Галоўнае, людзі разумеюць, што жніво трэба правесці ў сціслыя тэрміны, бо, калі спознішся, зерне асыпецца, берагуць тэхніку. Сушылцы ў Лучаі 17 гадоў. 13 з іх на ёй працуе Фадзей Высоцкі. Электрык па спецыяльнасці, мае права на заслужаны адпачынак, але на перыяд жніва прыходзіць на дапамогу. Дзякуй яму за гэта.

— Папрацаваць за змену прыходзіцца нямала, — гаварыў Фа­дзей Вацлававіч. — Сушылка на дровах. Цэлы год кіраўніцтва клапацілася, каб іх было дастаткова. Распілоўваем іх і за­кідваем у топку. Падтрымліваем неабходную тэмпературу, сочым за працэсам.

На сушылку адна за адной прыходзілі аўтамашыны са збожжам, выгружалі яго пад крыты навес і зноў адпраўляліся ў поле. Работа кіпела. Прадугледжаны меры супрацьпажарнай бяспекі. У полі каля Лучая на пажарнай машыне дзяжурыў Аляксандр Альхімёнак.

Услед за камбайнамі ішлі падборшчыкі, якія зарулоньвалі салому або здрабнялі яе на сянаж. Вызваленыя палі ў бліжэйшы час будуць падрыхтаваны да наступных відаў работ.

Тэкст і фота Анны Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.