152 первокурсника дневной формы обучения начнут новый учебный год в обновленном Поставском государственном колледже

Образование

Што ні лічба, то прагрэс

Сёлетнюю ўступную кампанію Пастаўскі дзяржаўны каледж завяршыў больш чым паспяхова — на кожнай са спецыяльнасцей склаўся конкурс, пра які раней часта гаварыць не даводзілася. Вучыцца тут пажадалі выпускнікі не толькі нашага і суседніх раёнаў, але і з Оршы, Мінска і нават Хойнікаў.

152 першакурснікі дзённай формы навучання распачнуць новы вучэбны год у абноўленых аўдыторыях, адрамантаваных сталовай і спартыўнай зале. Толькі сёлета на бягучы рамонт памяшканняў затрацілі ўнушальную суму — 140  000 рублёў. Што набылі за гэтыя грошы? Як удалося вывесці ўступную кампанію на новы ўзровень? На гэтыя і іншыя пытанні карэспандэнту «ПК» адказвае дырэктар каледжа Сяргей Герасіменка.

— Сяргей Мікалаевіч, пакуль вашы калегі з Глыбокага, Відзаў, Улы і іншых раёнаў Віцебшчыны вырашаюць праблему недабору навучэнцаў, у вас на руках спісы цалкам сфарміраваных вучэбных груп.

— Свой плён дала сур’ёзная прафарыентацыйная работа, якую яшчэ напярэдадні летніх канікул правялі педагогі кале­джа. Яны хадзілі ў школы, гутарылі з дзецьмі, бацькамі, расказвалі пра перавагі навучання ў нашай установе адукацыі. Я вельмі ўдзячны ім за адказнасць, прафесійны падыход да справы. Вельмі важная і падтрымка кіраўніцтва — намесніка старшыні райвыканкама Юрыя Кісялёва, начальніка аддзела па адукацыі Аляксандра Кашырына, да якіх я магу звярнуцца ў любую хвіліну — пракансультавацца ці вырашыць хвалюючае пытанне.

— Ці адбыліся змены ў навучальным працэсе?

—  Так. Сёлета мы ўпершыню набралі групу на спецыяльнасць «Грамадскае харчаванне» на ўзроўні сярэднеспецыяльнай адукацыі. Праз чатыры гады сёлетнія выпускнікі 9-х класаў атрымаюць дыпломы повараў 5 разраду. У гэтай групе было 25 месцаў, а вось заяў падалі значна больш, што толькі пацвярджае мэтазгоднасць новаўвядзення. Гэтаксама на ўзроўні сярэднеспецыяльнай адукацыі навучэнцы змогуць атрымаць спецыяльнасць тэхніка-механіка, чаго мы раней не практыкавалі.

Усяго сёлета набралі 6 груп. Растуць і лічбы прыёму, і агульная колькасць навучэнцаў каледжа. Усяго на дзённай форме навучання цяпер у нас знахо­дзіцца 388 падлеткаў. У мінулыя гады гэта лічба вагалася на ўзроўні 300. Яшчэ амаль сто чалавек будуць займацца на вячэрняй і завочнай формах навучання.

— Ці ўсе іншагароднія атрымалі інтэрнат?

— Так, але нам прыйшлося прыкласці нямала намаганняў, каб усіх рассяліць. У мінулыя гады ў інтэрнаце ў сярэднім жыло па 150 навучэнцаў, па цяперашніх спісках жыллё трэба выдзеліць 220. Стараемся, каб у іх былі годныя ўмовы для пражывання: сёлета закупілі новую мэблю ў пакоі, замянілі на пластыкавыя 33 акны (яшчэ 45 устанавілі ў вучэбным корпусе).

— За чые сродкі праводзяцца работы?

— Апошнія гады нас моцна падтрымлівае Галоўнае ўпраўленне па адукацыі Віцебскага аблвыканкама. Дзякуючы вы­дзе­леным летась сродкам мы зрабілі капітальны рамонт спартыўнай залы — агульны кошт работ склаў 270 000 рублёў. Сёлета толькі пафарбавалі там падлогу. Цяпер займаемся абуладкаваннем душавых кабін. Штогод стараемся абнаўляць спартыўны інвентар. Летам, напрыклад, закупілі 26 камплектаў новых лыж.

У гэтым годзе асноўныя сродкі былі ўкладзены ў сталовую — на яе рамонт пайшла амаль палова выдаткаванай сумы (каля
60 000 руб.). Акрамя таго перад новым навучальным годам каледж закупіў 30 сталоў для інжынернай графікі, інтэрактыўную панэль, камп’ютары і камп’ютарныя крэслы, камплекты мэблі. Усё новае, сучаснае, настройвае на максімальна прадукцыйны лад. Упэўнены, што гэта дапаможа нам дасягнуць на адукацыйнай ніве новых вынікаў і вяршынь.

— Раскажыце пра педкалектыў установы. Ці прыходзіць да вас працаваць моладзь?

— Жыццё не стаіць на месцы: хтосьці з педагогаў ідзе на пенсію або мяняе месца жыхарства. Але мы клапоцімся, каб з навучэнцамі працавалі прафе­сіяналы. Заўсёды рады вітаць у калектыве маладых спецыялістаў. Сёлета яго папоўняць два майстры тэхнічнага навучання з ліку выпускнікоў Гарадоцкага аграрна-тэхнічнага каледжа. З
2 верасня да нас на працу прыходзяць і два новыя педагогі — выкладчыкі фізікі і фізічнай культуры.

Педагогі пастаянна пацвяр­джаюць свой прафесіяналізм. Сёлета наш каледж паспяхова прайшоў акрэдытацыю па поварскіх і бухгалтарскіх спецыяльнасцях — яе перыядычна праводзіць Дэпартамент кантролю якасці адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. У 2021 годзе аналагічнага экзамену чакаюць інжынерныя спецыяльнасці. Гэта вельмі адказны момант у жыцці любой навучальнай установы.

Іна Сняжкова



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.