18 августа, в День Военно-воздушных сил РБ, жители 6 городка в Поставах отметили праздник своего микрорайона

Культура

Ёсць куды расці

18 жніўня, у Дзень Ваенна-паветраных сіл Рэспублікі Беларусь, жыхары 6 гарадка ў Паставах адзначылі свята свайго мікрараёна.

«Возера, сосны, цішыня. Жывём як на курорце!» — так пра сваё месца жыхарства дасціпна пажартавала адна з запрошаных да сцэны гасцей.

Хочацца дадаць, але ўжо сур’­ёзна: «курорт» гэты будуецца, маладзее і для многіх пастаўчан становіцца ўсё больш перспектыўным месцам жыхарства.

Мікрараён 6 гарадка быў заснаваны дзякуючы лётнай часці, што базіравалася на тэрыторыі Пастаў. І сёння тут жывуць людзі, якія выдатна памятаюць, як гэта маляўнічае месца ля возера Задзеўскае забудоўвалася і добраўпарадкоўвалася. Сярод іх — і 74-гадовы ваенны пенсіянер Мікалай Блышко.

— У наступным годзе споўніцца сорак гадоў, як жыву ў гэтым мікрараёне, — гаварыў Мікалай Іванавіч. — Уся мая прафесійная дзейнасць звязана з абслугоўваннем самалётаў, гэтай справе прысвяціў амаль 30 гадоў жыцця. За ўвесь час службы давялося пабываць ледзь не ва ўсіх краінах Савецкага Саюза. 5 гадоў жыў у ГДР, удзельнічаў у вучэннях у Польшчы, Венгрыі, Манголіі. У 1977-1978 годзе выконваў інтэрнацыянальны доўг — у складзе эскадрыллі быў накіраваны ў Эфіопію. А ў 1980-м прыехаў у Паставы, дзе да выхаду на пенсію праслужыў яшчэ 12 гадоў. Менавіта тут стварыў сям’ю, тут выраслі дзеці. Сын стаў ваенным — ён палкоўнік, служыць у Міністэрстве абароны Расійскай Федэрацыі. Нядаўна з чырвоным дыпломам скончыў Ваенную акадэмію Генеральнага штаба Узброеных Сіл РФ. Я ім вельмі ганаруся, як і дачкой.

Мікалай Блышко на свята мікрараёна прыходзіць штогод. Кажа, што дзякуючы такім мерапрыемствам з’яўляецца магчымасць сустрэцца з сябрамі і таварышамі па службе, прыемна правесці час у нязмушанай абстаноўцы.

Так думае не ён адзін — лю­дзей на свята ў сасоннік сёлета прыйшло шмат. Большасць з іх сабралася ля імправізаванай сцэны, дзе ладзілася праграма, падрыхтаваная работнікамі раённага Дома культуры. Найперш вядучая мерапрыемства Таццяна Кухальская запрасіла выступіць перад прысутнымі старшыню раённага Савета дэпутатаў Пятра Курто.

— Жыхары гарадка і самі добра бачаць, як шмат перамен адбылося ў ім за апошнія гады, — адзначыў ён. — Шмат іх яшчэ наперадзе. Ужо праз некалькі месяцаў у мікрараёне плануецца здаць чарговы 60-кватэрны дом. За кошт будаўніцтва новага жылля гарадок істотна памаладзеў, ажывіўся, столькі дзяцей тут, напэўна, не было за ўсю яго гісторыю. Плануецца, што ўжо ў пачатку 2020 года тут пачнецца будаўніцтва новага садка — на вырашэнне гэтага набалелага пытання выдаткаваны крэдытныя сродкі.

У цэнтры свята мікрараёна былі і будуць людзі. Вядучая назвала  юбіляраў-доўгажыхароў 6 гарадка, пазнаёміла ўсіх з дружнымі і ў многім узорнымі сем’ямі, якія тут жывуць. Да сцэны таксама запрашалі шматдзетныя сем’і, нядаўніх маладажонаў. Як заўсёды, віталі самага маленькага жыхара мікрараёна. Было што расказаць і ветэранам працы, работнікам устаноў і арганізацый, якія знаходзяцца на тэрыторыі гарадка.

Выязны гандаль, палявая кухня, паказальныя выступленні раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, асобная спартыўна-забаўляльная праграма для дзяцей, выступленні салістаў народнага эстраднага гурта «25 плюс-мінус» і ВІА «Скіфы» — усё гэта зрабіла мерапрыемства яшчэ больш яркім і душэўным.

Мікалаю Блышко свята спадабалася. Ён дзякаваў арганізатарам за падораны добры настрой і выказаў надзею, што ў наступным годзе са сцэны будуць гаварыць пра новыя поспехі і дасягненні ў гарадку. Яму сапраўды яшчэ ёсць куды расці.

Тэкст і фота Іны Сняжковай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.