18 августа в Озерках состоялся первый в Беларуси особенный праздник для особенных детей (+фото, видео)

Общество

Асаблівае свята для асаблівых дзяцей

18 жніўня ў Азёрках адбыўся першы ў Беларусі фестываль для хворых хлопчыкаў і дзяўчынак

На спартыўна-турыстычным комплексе ў Азёрках мерапрыемствы ладзяцца з зайздросным пастаянствам. У пастаўчан даўно склалася традыцыя святкаваць тут вяселлі, дні нараджэння, у тым ліку і дзіцячыя. Колькі разоў тут у паветры ляталі рознакаляровыя шарыкі і мыльныя бурбалкі, як часта гучалі наіўныя дзіцячыя песенькі! Але дагэтуль яны яшчэ ніколі не выклікалі ў дарослых столькі змяшаных пачуццяў.

«…Поделись улыбкою своей, И она к тебе не раз ещё вернется…»гучыць з калонак тоненькі галасок мульцяшнага Крошкі Янота.

У грамадстве пакуль яшчэ не навучыліся ўсміхацца асаблівым дзецям. Адвесці погляд, адысці ў бок далей — гэта звычайная рэакцыя на хлопчыкаў і дзяўчынак з сіндромам Даўна, аўтызмам, ДЦП і іншымі цяжкімі захворваннямі.

Пра тое, як моцна патрэбны асаблівым дзецям дабрыня і ўсмешкі, Рыта Шылей ведае як ніхто іншы. Роўна сем гадоў яе сям’я змагаецца з хваробай дачкі Соні (у яе ДЦП).

— За гэты час мы пазнаёміліся з многімі людзьмі, у якіх таксама цяжкахворыя дзеці, — расказвала Рыта Шылей. — Пастаянна сустракаючыся з імі ў гора­дзе, на рэабілітацыях, адчувала іх прыгнечаны стан і хацела неяк дапамагчы. У мяне з’явілася мара, каб у гэтых асаблівых сем’ях хаця б ненадоўга забыліся пра лекі і дыягназы, каб бацькі пазнаёміліся адно з адным і адчулі, што яны не адзінокія. Так і з’явілася ідэя правесці свята «Асаблівыя, як усе».

Актыўная падрыхтоўка да яго пачалася яшчэ ў чэрвені. Тады ж і склалася каманда валанцёраў, гатовая займацца арганізацыяй дабрачыннага праекта. Правай рукой Рыты стала маладая пастаўчанка Анастасія Макаед, якая таксама ўклала ў яго душу, безліч сіл і часу.

Свята рыхтавалі з нуля, не маючы за плячыма аніякага вопыту. Арганізатары пісалі пісьмы патэнцыяльным спонсарам, абзвоньвалі сяброў, знаёмых, якія маглі б дапамагчы ў стварэнні творчай зоны, максімальна рэкламавалі праект у сацыяльных сетках. Тысячы званкоў, паведамленняў, сустрэч — фестывалем жылі і днём і ноччу.

Затое як прыгожа і шчыра ўсё атрымалася! Шматлікіх гасцей мерапрыемства забаўлялі аніматары, роставыя лялькі, хадулісты. Дзейнічалі фотазоны і шматлікія творчыя пляцоўкі, дзе можна было зрабіць аквагрым, заплесці яркія косы, паразмалёўваць фігуркі з гліны, паскладваць лега-робатаў, паўдзельнічаць у майстар-класах па вырабе паштовак і кветак. На фудкорце бясплатна частавалі піцай, сокам, фруктамі, шматлікімі салодкімі прысмакамі. На палявой кухні гатавалі юшку і ячную кашу. Настрой на пляцоўцы ствараў харызматычны вядучы з Масквы Аляксей Грамыка.


— Наш фестываль падтрымала агромністая колькасць лю­дзей, — не хавала радасных эмоцый Рыта. — Неацэннай аказалася дапамога абласнога дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра «Ветразь». Вялікі дзякуй яго кіраўніку — галоўнаму ўрачу Сяргею Петухову, яго мудрыя парады заўсёды былі вартымі ўвагі. Шмат пазітыву дзецям падарылі ўдзельнікі пастаўскай цыркавой студыі «Каскад». Уладальнікі аграся­дзібы «Лучайскі куток» вырашылі праблему з размяшчэннем іншагародніх гасцей. Гэты спіс спонсараў і партнёраў можна працягваць бясконца. Вялікі дзякуй кожнаму, хто далучыўся, дапамог. Я веру, што дабрыня да вас вернецца.

«…Пусть мама услышит, пусть мама придёт,пусть мама меня непременно найдёт…»

Калі на забаўляльнай пляцоўцы загучала гэта песня, я вярнулася думкамі ў раддом і ўспомніла спавітага Мікітку. Мама ад яго, абсалютна здаровага хлопчыка, адмовілася. Тым больш балюча было за ім назіраць, гледзячы, як шчаслівыя жанчыны, толькі-толькі падарыўшы свету новыя жыцці, прыкладваюць да грудзей немаўлят.

Чуючы гэтую песеньку на фестывалі, хацелася… радавацца. Радавацца за гэтых асаблівых дзетак, якія на свяце, як і кожны дзень дома, былі акружаны бясконцым клопатам бацькоў. У свой час у іх і думкі не ўзнікла, каб пакінуць безнадзейна хворае дзіця ў бальніцы ці спецыяльным прытулку.

…Яраславе Сячковай хутка споўніцца 6 гадоў. У яе ДЦП і шэраг складаных спадарожных захворванняў. З першых дзён мама і тата дораць ёй бязмежную любоў, якая ці не эфектыўней за любыя рэабілітацыі і медыкаменты.

— У Азёркі мы прыехалі на машыне з Салігорска, — расказвала Маргарыта Сячкова. — 300 кіламетраў дарогі для ляжачай Яраславы даліся няпроста. Але як толькі яна ўдыхнула свежага паветра, убачыла, як шмат вакол людзей, усяго яркага і прыгожага, адразу пачала ўсміхацца. Так, Яраслава асаблівая — толькі цяпер, у шасцігадовым узросце, пачала выходзіць з уласнага свету, адказваць «так» ці «не», усміхацца. Але яна такая ж, як і ўсе дзеці: любіць гладзіць жывёл, знаходзіцца ў цэнтры ўвагі. Яе здзіўляюць аніматары, наогул уся гэта святочная абстаноўка. Мы неймаверна ўдзячныя ўсім, хто ствараў гэты фестываль. Трапіўшы сюды, разумееш, якое шчасце быць з усімі на роўных і не адчуваць на сабе нічыіх скосых поглядаў.

Мы размаўлялі з Маргарытай, а дзеці тым часам вадзілі карагоды пад песеньку Брэменскіх музыкантаў:

«…Тем, кто дружен, не страшны тревоги,нам любые дороги дороги…»

Дарог у жыцці гэтых дзяцей сапраўды шмат — у бальніцы, рэабілітацыйныя клінікі па ўсёй краіне і далёка за яе межамі. Толькі яны дарагія ў тым сэнсе, што часцей за ўсё каштуюць непад’ёмныя для сем’яў грошы. А дарогі на такія фестывалі, як «Асаблівыя, як усе», сапраўды прыемныя і доўгачаканыя. Але ці шмат іх?

— На свяце для мяне стала сапраўдным адкрыццём, што ў нашым раёне так многа дзяцей-калясачнікаў, — прызналася Рыта Шылей. — Многіх раней ні разу не бачыла, хаця ўжо шмат гадоў знаходжуся ў тэме асаблівага дзяцінства на Пастаўшчыне. Бацькам сапраўды цяжка прызнацца грамадству ва ўласнай бядзе, псіхалагічна складана проста выйсці з сынам ці дачкой на вуліцу, не тое што на гарадское мерапрыемства. Адчувалася, што  ў пачатку свята дарослыя былі скаваныя, заціснутыя ўласнымі перажываннямі. Затое якое шчасце было назіраць за імі потым! Госці настолькі пранікліся добразычлівай атмасферай, настолькі зблізіліся — здаецца, сталі адной вялікай сям’ёй.

— Я і сама змагла расслабіцца толькі напрыканцы фестывалю, — прызналася Рыта. — Калі нарэшце ўсвядоміла, што ўсё задуманае атрымалася, што вакол так шмат людзей, якія гатовыя рабіць добрыя справы. Я перастала вырашаць бясконцыя арганізатарскія моманты, а проста, пайшла па алеі, як звычайны госць. Хацелася плакаць, смяяцца, абдымацца, браць дзетак на рукі, што, зрэшты, і рабіла. А вось вечарам адчувала сябе цалкам спустошанай. Праўда, гэтая пустэча хутка напоўнілася шчырымі словамі ўдзячнасці з бясконцымі пісь­мамі, званкамі, фатаграфіямі і каментарыямі ў сацсетках.


Лічбы фестывалю:

На свяце прысутнічалі 82 хворыя дзіцяці — пераважна з Пастаўскага раёна, таксама былі госці з Глыбоччыны, Браслава і Салігорска.

Іх суправаджалі 160 дарослых.

На мерапрыемства таксама прыйшлі 21 сястрычка і брацік хворых дзетак.

На пляцоўцы былі задзейнічаны 53 валанцёры.


Рыта Шылей упэўнена: фестываль адбудзецца і ў наступным годзе. Прызнаецца, што мала што змяніла б у яго фармаце — ён максімальна падыходзіць для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Адзінае, на што спадзяецца: спонсараў, ахвотных дапамагчы ў арганізацыі фестывалю, будзе нашмат больш.

…Дзеці раз’ехаліся па сваіх дамах, у прывычнае асяроддзе, дзе кожны дзень — барацьба і выпрабаванне. Думаю, на зваротнай дарозе думкі ў гасцей фестывалю былі прыблізна аднолькавыя: «Дзякуй, Рыта! Дзякуй, усім, хто ўмее бескарысна дарыць людзям дабро!»

Іна Сняжкова
Фота аўтара і Аляксея Яцыны



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.