23 августа — День работников государственной статистики

Общество

Лічбы – гэта не сумна

пераканана начальнік аддзела статыстыкі Пастаўскага раёна Ганна Бялевіч, з якой напярэдадні прафесійнага свята сустрэлася карэспандэнт «ПК»  Іна Сняжкова.

— Ганна Зянонаўна, раскажыце крыху пра гісторыю ведамства, у якім працуеце.

— 23 жніўня 1920 года пастановай Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта БССР было створана Цэнтральнае статыстычнае бюро. Таму менавіта ў гэты дзень мы адзначаем сваё прафе­сійнае свята. Віцебскае абласное кіраванне народнагаспадарчага ўліку з’явілася ў 1938 годзе і першапачаткова знахо­дзілася ў вёсцы Гараны Лёзненскага раёна.

На працягу сваёй доўгай гісторыі служба неаднаразова пераймяноўвалася і рэарганізоўвалася. Апошняе сур’ёзнае змяненне адбылося ў 2008 годзе, калі Указам Прэзідэнта ранейшае Міністэрства статыстыкі і аналізу было пераўтворана ў Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь.

Наша галоўная мэта — атрымліваць незалежную і аб’ектыўную інфармацыю пра сацыяльна-эканамічны, дэмагра­фічны стан у рэспубліцы і яе рэгіёнах. Атрыманыя даныя ўплываюць на шэраг ключавых рашэнняў, якія прымаюць кіраўнікі ўсіх узроўняў. Таму на памылку мы не маем права.

— Атрымліваецца, што ў наступным годзе статысты адзначаць векавы юбілей сваёй арганізацыі?

— Сапраўды, 2020-ты стане для дзяржстатыстыкі асаблівым — гэта будзе год падвядзення вынікаў і пастаноўкі новых задач. У мяне як кіраўніка ёсць планы паглыбіцца ў гісторыю гэтай галіны на Віцебшчыне і на Пастаўшчыне ў прыватнасці. Цікава ўзнавіць яе забытыя старонкі, успомніць лю­дзей, якія ў розныя гады прысвяцілі шмат часу і сіл нашай агульнай службе.

— Сёлета статыстаў чакае сур’ёзны экзамен — з 4 па 30 кастрычніка ў Беларусі будзе праводзіцца чарговы перапіс насельніцтва.

— Мерапрыемства сур’ёзнае, адказнае, і мы з калегамі рыхтуемся да яго штодня на працягу апошніх двух з паловай гадоў. Будзем імкнуцца выканаць пастаўленыя перад намі задачы якасна.

З кожным перапісам, які праходзіць раз у 10 гадоў, работа статыстаў удасканальваецца. Укараняюцца новаўвя­дзенні, якія аблягчаюць гэту працэдуру як для перапісчыкаў, так і для насельніцтва. Сёлета, напрыклад, грамадзяне самі ў зручны для іх час змогуць адказаць на ўсе пытанні праз інтэрнэт (зрабіць гэта можна з 4 па 18 кастычніка). Інавацыйны падыход у тым, што перапісчыкі будуць выкарыстоўваць планшэты.

Для правядзення перапісу на Пастаўшчыне патрэбна арга­нізаваць работу 2 перапісных участкаў і 41 падліковага. Безумоўна, нашаму невялікаму калектыву з такой задачай самастойна не справіцца, таму будуць дапамагаць 50 чалавек часовага перапіснога персаналу.

— Якую работу ваш калектыў праводзіць на працягу года?

— Абавязкаў шмат. Толькі за мінулы год работнікамі аддзела выканана 247 статыстычных работ па розных галінах статыстыкі. Па стане на 1 жніўня гэтага года па Пастаўскім раёне намі ўлічана 341 юрыдычная асоба. Амаль усе яны прадстаўляюць даныя ў органы Дзяржстатыстыкі. Мы выбарачна абследуем хатнія гаспадаркі па ўзроўні жыцця як у Паставах, так і ў сельскай мясцовасці, а таксама ўласныя падсобныя гаспадаркі грамадзян, якія пастаянна пражываюць у сельскай мясцовасці (на прыкладзе Навасёлкаўскага сельвыканкама). Штоквартальна праводзім рэгістрацыю аб’ёмаў продажу і цэн на тавары на рынку «Гарызонт» у райцэнтры, вывучаем праблему занятасці насельніцтва ў г. п. Варапаева. І гэта толькі частка работ, якія выконваем.

Нашай інфармацыяй, якая ў адкрытым доступе апублікавана на сайтах, у спецыяльных зборніках, карыстаюцца не толькі эканамісты, чыноўнікі, але і не звязаныя з дзярж­службай людзі.

— З лічбамі працаваць не сумна?

— Ні ў якім разе. Столькі цікавай інфармацыі для сябе адкрываеш, столькі новага штодня чэрпаеш, бясконца штосьці супастаўляеш, аналізуеш — дзе ж тут засумуеш? Галоўнае, што ёсць з кім працаваць, што работнікі аддзела максімальна адказна ставяцца да сваіх абавязкаў.

Віншую ўсіх сваіх калег, ветэранаў працы з нашым прафе­сійным святам і жадаю аптымізму, упэўненасці ў заўтрашнім дні, поспехаў у рэалізацыі намечаных планаў!



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.