Актуальное интервью. В Беларуси стартовала очередная призывная кампания на срочную военную службу и службу в резерве

Правовое поле

Мэта – ліквідаваць недахоп прызыўных рэсурсаў

У Беларусі стартавала чарговая прызыўная кампанія на тэрміновую ваенную службу і службу ў рэзерве грамадзян 1992—2001 гадоў нараджэння. Завершыцца яна ў лістападзе. Пра асаблівасці восеньскага прызыву карэспандэнт «ПК» Вераніка Філановіч гутарыла з ваенным камісарам раёна Мікалаем Куліком.

— Мікалай Мікалаевіч, 10 жніўня набыў моц Закон «Аб змяненнях законаў па пытаннях эфектыўнага функцыянавання ваеннай арга­нізацыі дзяржавы». Патлумачце, калі ласка, чым выкліканы змены ў заканадаўстве?

— Галоўная прычына — дэмаграфічны правал 90-х. Значнае зніжэнне нараджальнасці ў тыя гады цяпер павярнулася для дзяржавы недахопам прызыўных рэсурсаў. Ужо два прызывы запар не выконваецца план па навабранцах. Істотны некамплект назіраецца ў пагранслужбе, унутраных войсках, Узброеных Сілах краіны. А гэта значыць, што няма каму ахоўваць Дзяржаўную граніцу, патруляваць вуліцы з мэтай забеспячэння грамадскага парадку, падтрымліваць абараназдольнасць дзяржавы. У той жа час у параўнанні з іншымі краінамі дзейнічала празмерная колькасць адтэрміновак ад прызыву.

Пакуль што немагчыма спрагназаваць колькасць, на якую павялічацца шэрагі навабранцаў, бо падрыхтоўчы этап прызыўной кампаніі толькі пачаўся. Адно можна сцвяр­джаць дакладна: прызыўныя рэсурсы, безумоўна, стануць большымі.

— Якое прынцыповае адрозненне бягучага прызыву ад папярэдніх прадугледжвае прыняты нарматыўна-прававы акт?

—  Новы закон у народзе «ахрысцілі» «законам аб адтэрміноўках». Па сутнасці, такая фармулёўка адлюстроўвае ключавы сэнс дакумента. Згодна з ім, адтэрміноўка для атрымання адукацыі цяпер будзе давацца толькі раз. Напрыклад, калі пасля школы малады чалавек паступіў ва ўстанову, якая дае прафе­сійна-тэхнічную альбо сярэднюю спецыяльную адукацыю (ліцэй, каледж, вучылішча), то пасля атрымання спецыяльнасці яму прыйдзецца спачатку адслужыць у арміі, а ўжо потым паступаць у ВНУ. Калі пасля школы хлопец адвучыўся ў ВНУ, то адслужыць давядзецца перад магістратурай ці аспірантурай. Гэта патрабаванне не распаўсюджваецца на выпускнікоў сярэдніх школ і тых, хто вучыцца за мяжой па накіраваннях дзяржаўных арганізацый у рамках рэалізацыі дзяржпраграм.

— Няўжо так многа адтэрміновак па адукацыі?

— У Пастаўскім раёне палова ўсіх адтэрміновак прыпадае на атрыманне адукацыі. Вучоба літаральна стала шчылінай для тых, хто не жадае служыць. Пад маркай набыцця адукацыі ўхілісты прасоўваліся па прыступках адукацыі да таго часу, пакуль не закончыцца прызыўны ўзрост. Лічу, што новы закон надзяляе ўсіх роўнымі правамі, а значыць, з’яўляецца справядлівым. Дарэчы, расці ў навуковым сэнсе можна і ў арміі. Напрыклад, на базе Ваеннай акадэміі створана рота інфармацыйных тэхналогій, у якой за салдатамі тэрміновай службы замацаваны навуковыя супрацоўнікі. Гэта дазваляе адораным праграмістам выконваць свой воінскі абавязак і працягваць развівацца ў прафесійным плане.

— Добра. Хлопец скарыстаўся правам на адну адтэрміноўку для атрымання адукацыі. Што далей?

— Ён будзе выкліканы ваенкаматам на мерапрыемствы прызыву. Калі па выніках медыцынскага агляду яго прызнаюць прыгодным для службы, то накіруюць на яе прахо­джанне. Хачу звярнуць увагу на тое, што ўдзел маладога чалавека ў мерапрыемствах прызыву не можа быць перашкодай для паступлення ў ВНУ ці магістратуру. Скажам, хлопец скончыў Пастаўскі дзяржаўны каледж. Інакш кажучы, скарыстаўся правам адной адтэрміноўкі, але ён усё роўна можа падаваць дакументы ва ўніверсітэт. Калі станецца так, што яго залічаць у ВНУ і адначасова прызнаюць прыгодным для службы, то ён пабудзе студэнтам месяцы два-тры і накіруецца ў армію. Дарэчы, прызваць могуць не толькі ў першы год навучання, але і на другім, і наступным курсах. На час тэрміновай службы яму даецца акадэмічны водпуск, захоўваецца месца ва ўніверсітэце. У савецкі час так і было.

— Што трэба ведаць патэнцыяльным ухілістам?

— У выпадку ўхілення ад службы прызыўная камісія можа прыняць рашэнне аб тым, што грамадзянін не прайшоў ваенную службу па прызыве без законных на тое падстаў. Адпаведны запіс будзе зроблены ў ваенны білет. А гэта, у сваю чаргу, не дазволіць чалавеку паступіць на дзяржслужбу і службу ў сілавыя структуры. Прызыўнікам, якія не выконваюць воінскі абавязак (змянілі месца жыхарства, працы і не паведамілі пра гэта ў ваекамат ва ўстаноўленыя тэрміны, што не дазваляе адправіць ім павестку), абмяжуюць выезд з Беларусі. Абмежаванне бу­дзе дзейнічаць, пакуль грамадзянін не з’явіцца ў ваенкамат.

— А якія разглядаюцца стымулюючыя меры?

— Плануецца, што пры паступленні ў ВНУ і размеркаванні месцаў у інтэрнаце першараднае права на залічэнне і засяленне будуць мець тыя, хто прайшоў тэрміновую службу. Таксама Міністэрства абароны прапануе залічваць тэрмін службы ў працоўны стаж. Разглядаюцца і іншыя прэферэнцыі. Але справа не ў бонусах, а ў тым, што беларускія хлопцы павінны ўсвядоміць, што служба ў арміі — найважнейшы абавязак грамадзяніна.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.