Более 10 000 тонн зерна намолотили хлеборобы ОАО «Хотилы-агро» и «Камайский-агро»

Сельское хозяйство

Больш за 10 000 тон — столькі збожжа на ўчарашні дзень  намалацілі хлебаробы ААТ «Хацілы-агра» і «Камайскі-агра»

Ураджай не важкі, але цяжкі

У мінулы панядзелак даўжэй за іншых камбайнераў у полі заста-ваўся Міхаіл Ганчароў — «дабіваў» апошнія гектары ячменю каля Вярцінскіх. Уладзімір Жойдзь і Дзмітрый Якімовіч вярнуліся ў майстэрні і аглядвалі камбайны. Аляксандр Кабайла і Валерый Татун пераселі на трактары: адзін рыхтаваў глебу пад сяўбу азімых каля Рудага, другі сеяў рапс каля Сарок.

— Сёлетняе жніво задавальнення не прынесла,  — гаварылі мужчыны. — Добра, што яно закончылася. Працуем не па адным дзясятку гадоў, а такога слабага намалоту не памятаем. Нашы землі, калі даць ім неабходную падкормку,  могуць аддзячыць нядрэнным ураджаем. Сёлета ўдабрэнняў было малавата, да таго ж засуха загу­біла многія пасевы яравых. Некаторыя ўчасткі і ўбіраць не прыйшлося —  скасілі і паклалі ў сянажныя траншэі, а дзесьці жняярка ледзь захоплівала ячмень: ні саломы, ні коласа.

Працавітасці ж ляхаўшчынскім камбайнерам не пазычаць. У свой час іх прозвішчы пастаянна значыліся сярод перадавікоў раёна. У 2014 годзе на рахунку Уладзіміра Жойдзя было амаль
1 200 тон збожжа, ён выйшаў на трэцяе месца ў раёне. Разам з вадзіцелем Канстанцінам Галубёнкам (ён тады перавёз 1 900 тон) і галоўным аграномам гаспадаркі Марынай Галубёнак прымаў удзел у абласных «Дажынках», якія праходзілі ў Гарадку. Падзея запомнілася на ўсё жыццё. Кваліфікацыі механізатар не страціў, але калі ніва не ўрадзіла, то адкуль быць намалоту?

Сёлета найбольш намалаціў толькі Валерый Татун (640 тон).

— Камбайн да жніва падрыхтаваў дасканала, працаваў практычна без прастояў, — раскрыў сакрэт першынства сярод калег Валерый. — А каб яшчэ больш важкім вырас колас, радасці было б больш. Усё, што ад нас залежыць, імкнёмся рабіць у тэрмін, якасна, але надвор’е і іншыя фактары не спрыяюць плёну. Вось і ў гэтыя дні жывём надзённымі клопатамі. Ці акупяцца яны ўраджаем — пакажа час.

Тэкст і фота Анны Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.