ДКУАСП «Рассвет Поставский» на сегодняшний день выполняет около 30% объёма работ, приходящихся на объединение «Полоцксельстрой»

Важное Общество

Трэба хацець працаваць і зарабляць

лічыць дырэктар ДКУАСП «Рассвет Пастаўскі» Альфрэд Малец

Сёлетні год, бадай, адзіны за працоўную біяграфію кіраўніка, калі калектыў, які ён узначальвае, працуе выключна на тэрыторыі раёна. Не выязджаць у іншыя дазволіла наяўнасць неабходнага аб’ёма будаўніцтва на месцы. Больш за тое, каб выканаць даведзеныя заданні, давялося запрашаць на дапамогу калег з іншых рэгіёнаў. Таму вельмі неахвотна, па рас­пара­джэнні аблвыканкама, адпускалі на «атамку» 8 аддзелачніц, якія правялі там 20 дзён. Працавалі жанчыны вахтавым метадам па 11 гадзін без выхадных, у панядзелак вярнуліся дадому і зараз пакуль што адпачываюць.

— У будаўнічай галіне апошнія гады былі нялёгкімі, але мы змаглі ўтрымаць калектыў, захаваць магутнасць арганізацыі. Сёння сярод сельскіх будаўнікоў, якія прысутнічаюць на рынку, мы адны з нямногіх, хто працуе стабільна, — расказваў Альфрэд Іосіфавіч. —  Выстаяць удалося дзякуючы таму, што ніколі не сядзелі на месцы, рухаліся наперад. Не было работы дома — шукалі яе за межамі Пастаўшчыны. Галоўнае, каб людзі былі ўпэўненыя ў заўтрашнім дні, ведалі, што не застануцца без справы і прыстойнай зарплаты.

Цесляры Мікалай Камсюк, Уладзімір Цішаловіч, Ілья Барадзёнак і Уладзімір Кругляк устанаўліваюць агароджу лоджыі

У арганізацыі (без уліку сельскагаспадарчага філіяла) працуюць 176 чалавек. Да падбору кадраў тут ставяцца патрабавальна, імкнуцца, каб кожны адаптаваўся і прыжыўся ў калектыве. Яго касцяк шчыруе ў «Рассвеце Пастаўскім» на працягу многіх гадоў, не распалася ні адна брыгада, а іх каля 18-ці. У шэрагі вопытных будаўнікоў паступова ўліваецца моладзь, якую ўсім прафесійным прамудрасцям навучаюць вопытныя работнікі. Сярэдняя заработная плата набліжана да паказчыка, вызначанага Прэзідэнтам краіны.


Аб’ём падрадных работ за 7 месяцаў склаў 140% да ўзроўню мінулага года.
Інвестыцыі ў асноўны капітал — 462 тысячы беларускіх рублёў.


Зараз «рассветаўцы» выконваюць не менш за 30% аб’ёму работ, якія прыпадаюць на аб’яднанне «Полацксельбуда». Каб трымацца на плаву, арганізацыя актыўна інвесціруе сродкі ў тэхніку, укараняе новыя тэхналогіі. Летась пастаўскія будаўнікі істотна абнавілі сродкі малой механізацыі: набылі растворабетонны вузел, зварачную вытворчасць, тынкавальную станцыю і інш. Для будаўніча-мантажных работ купілі аўтамабільны кран. Дзякуючы яго груза- і вышыняпад’ёмнасці можна весці работы да чацвёртага паверха без прыцягнення старонняй тэхнікі.

Праектна-каштарысную дакументацыю вывучаюць прарабы Аляксандр Танана і Андрэй Драбовіч

Асноўныя аб’екты будаўніцтва бягучага года — жылыя дамы. Нядаўна ўведзены ў эксплуатацыю 12-кватэрны дом у Хацілах, на завяршальнай стадыі знаходзіцца будаўніцтва 60-кватэрнага дома па вуліцы Зялёнай, 25. Зроблена цагляная кладка, на фінішную прамую выйшлі тынкавальныя і дахавыя работы, на наступным тыдні прыступяць да малярных і газіфікацыі дома. Зараз на ўзвядзенні пяціпавярхоўкі задзейнічаны брыгады муляраў (брыгадзіры Анатолій Волкаў і Уладзімір Дулінец), цесляроў (Сяргей Дзіковіч і Уладзімір Кругляк), аддзелачніц (Алена Букатая і Святлана Цайко) і сантэхнікаў (Іван Пушнякоў). Таксама працягваецца будаўніцтва малочнатаварнай фермы ў Волахах і шэрага іншых аб’ектаў.

Тэкст і фота Веранікі Філановіч

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.