«Эликсир жизни – пчелы». Считает поставчанин Иван Осененко

Сельское хозяйство

Мёд люблю. На пасецы ж не была ніколі. І калі сябра газеты Антон Чалей прапанаваў паехаць у Кашыцы і пазнаёміцца з пчаляром-аматарам, узахвоцілася. Але ехала з трывогай: ці змагу паназіраць за работай?

Іван Леанідавіч з унукамі Лёшам і Дзімам былі каля аднаго з вуллёў.

— Хадзіце смела, — запрасіў. — Толькі не махайце рукамі — і гэтыя пчолы вас не зачэпяць, — прычым працаваў без спецыяльных рукавіц.

Старэйшы ўнук трымаў рамку, малодшы акурваў яе дымам, а дзядуля аглядаў яе і распавядаў пра сваё захапленне.

—  Гэта сядзіба дзеда маёй жонкі. Ён меў 60 вуллёў, — расказваў Іван Леанідавіч. — Потым пчоламі крыху займаўся мой цесць. А калі ён памёр (амаль 25 гадоў таму), засталіся толькі два вуллі. У мяне не было ніякага паняцця, што з імі рабіць. Вучыўся па кніжках, пытаўся парады ў вопытных пчаляроў, але тыя не ўсе сакрэты адкрывалі. Падоўгу назіраў за пчоламі, дэталёва ўнікаў у іх жыццё. Паступова павялічыў колькасць сем’яў і цяпер сам магу пісаць кніжкі. З уласнага вопыту ведаю, як карміць, чым лячыць гэтых насякомых.

Леанідавіч ніколі не дае пчолам антыбіётыкаў. Каб папярэдзіць хваробы, выкарыстоўвае народныя сродкі: збірае і сушыць палын, піжму, хваёвыя шышкі, хрэн, перац і інш. З аднаго саставу варыць сіроп і дабаўляе ў цукар на корм, іншымі травамі акурвае домікі. Ведае, як не дапусціць расплоду молі, кляшча. Выжывальнасць пчаліных сем’яў тут складае практычна 100%. Пчаляр тлумачыць гэта багатай практыкай і дадае: «На сваіх памылках вучуся».

— Пчолы — мае дактары, — працягвае на поўным сур’ёзе. — Не трэба баяцца іх укусаў. Я спецыяльна кожны дзень саджу сабе чатыры пчалы на шыю, бо меў праблемы з шыйнымі пазванкамі. Цяпер болю не адчуваю.  Пастаянна ўжываю мёд. З пчалінай молі рыхтую агнёўку, з замораў трутняў — трутневы гемагенат. Зрабіў лячэбны домік: знізу два вуллі, зверху ляжанка. Прытамлюся, прылягу на паўгадзінкі — і як нанава нараджуся.  Асабліва дапамагае пры радыкуліце. Калі часам чаго разнервуюся, устаўлю трубачку ў вулей і прыслухаюся да пчалінай гаворкі — злую грымасу зменіць усмешка.

Пчаліная сям’я — як маленькая дзяржава, дзе дакладна размеркаваны функцыі. Пчолы збіраюць пылок з кветак, падтрымліваюць аптымальны тэмпературны рэжым і вільготнасць у доміку. Кіруе сям’­ёй пчаліная матка. За суткі яна здольная адкласці да 2000 яек. Усяго з вясны да восені атрымліваецца больш за 150 тысяч. У разгар медазбору актыўна працуюць ад 60 да 90 тысяч пчол. Матак Іван Асяненка рэгулярна абнаўляе — купляе і выводзіць больш прадукцыйных.

— А мёд дзе рэалізуеце? — цікаўлюся.

— На месцы, — усміхаецца. — На рынак не важу. У мяне тры дачкі, сем унукаў — усе мёд ужываюць. А колькі пастаянных кліентаў сярод сяброў, знаёмых! У мяне ніхто не бярэ адзін літр  — ад трохлітровага слоіка і да вядра.

Прадукт у Асяненкі ў асноўным ліпавы (не ў сэнсе падробны): побач з домам расце 15 вялікіх ліп. Спецыяльна засявае немалую плошчу фацэліяй, хапае іншых медазборных траў.

— Пчалярства для мяне — не бізнес, а справа для душы, — гаварыў Іван Леанідавіч. — Пакуль працаваў, на захапленне часу было менш. Цяпер хапае, і ў асноўным яго праводжу ля пчол.

Анна Анішкевіч
Фота Антона Чаляя



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.