Кристина Бресская — лауреат III степени открытого областного праздника-конкурса мастеров соломоплетения «Папараць-кветка»

Культура

Традыцыя + арыгінальнасць = поспех

Дзякуючы арыгінальнаму творчаму падыходу ў спалучэнні з этнаграфічнай тэхнікай вырабы метадыста Цэнтра культуры і народнай творчасці раёна Крысціны Брэскай падабаюцца і звычайным гледачам, і  прафесійнаму журы.

Сёлета ў рамках «Славянскага базару ў Віцебску» Крысціна стала лаўрэатам ІІІ ступені адкрытага абласнога свята-конкурсу майстроў саломапляцення «Папараць-кветка» ў намінацыі «Саламяная пластыка. Лялька», а яе бычок Сцёпа выклікаў сапраўдны фурор у наведвальнікаў «Горада майстроў». Абышлі нашу зямлячку на «Славянцы» ў вырабе лялек толькі члены Беларускага саюза майстроў, што робіць яе трэцяе месца амаль пераможным. Пастаўская лялька спадабалася журы тым, што ў аздабленні яе строю выкарыстаны саламяныя элементы. Па такой старадаўняй тэхніцы на Пастаўшчыне ткалі палавікі (аснова — нітка, уток — салома з ніткай). У бліжэйшай перспектыве Крысціна створыць калекцыю лялек у традыцыйных для нашай мясцовасці строях (бела-блакітнага колеру).

Бычок Сцёпа — асобная гісторыя. Ён зроблены з пасмаў ільну і пшанічных каласоў, а непаўторнае зачараванне вырабу надаюць асобныя саламяныя элементы. Работа над бычком заняла два тыдні. Дэбют адбыўся на фестывалі «Звіняць цымбалы і гармонік», але сапраўднае захапленне ён выклікаў на «Славянскім базары ў Віцебску». Каб сфатаграфавацца са Сцёпам, выстройваліся чэргі, людзі стаялі ля яго па некалькі гадзін.

— Азы саломапляцення мне дала Таццяна Дзегцярук. Яе гурток я наведвала з сёмага класа, — расказвала майстрыха. — Там панавалі дух творчасці і фантазіі, таму пасля школы на крылах ляцела ў цэнтр. Дарэчы, стварэнне авангардных касцюмаў з саломкі было маёй ідэяй. І яна мела поспех: у гатовых строях хэнд-мэйд мы дэфілявалі на розных раённых мерапрыемствах, дзе нас заўжды сустракалі апладысментамі.

У Цэнтр культуры і народнай творчасці раёна Крысціна працаўладкавалася ў 2012 годзе пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка, дзе набыла спецыяльнасць «Выяўленчае мастацтва. Народныя мастацкія промыслы». Працуе ў розных тэхніках: рэканструюе народныя жаночыя строі Пастаўшчыны, вышывае ручнікі, абразы, вяжа, стварае сувенірныя лялькі, займаецца салома­пляценнем, абрэзкавым шыццём, бісерапляценнем, вучыць народнаму майстэрству дзетак, якія наведваюць яе гурток. Нядаўна Крысціна выйшла на працу пасля дэкрэтнага водпуску і зноў з галавой акунулася ў творчасць.

— Рабоце аддаюся па максімуму, укладваю ў яе душу, — працягвала суразмоўца. — Ніколі не раблю эскізаў, ідэі нараджаюцца ў працэсе стварэння работ. Люблю спалучаць наватарства, розныя тэхнікі, майстраваць нешта нестандартнае. Прыемна ўсведамляць, што магу рэалізавацца ў прафесіі і што мае работы падабаюцца не толькі родным, але і маюць прызнанне ў грамадстве. Гэта вельмі важна для мяне.

Тэкст і фота Веранікі Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.