«Лучше всего уродила озимая пшеница «Ядвися». Уборочная кампания в ОАО «Знамя Победы-агро»

Главное Сельское хозяйство

Сіл не шкадуе ніхто

Суботні дзень хіліўся да вечара, а камбайны ААТ «Сцяг Перамогі-агра» ўсё ракаталі насупраць ваеннага шпіталя. Нарэшце ўбралі апошнія гектары, і наступіла цішыня. Гараджане вырашылі, што хлебаробы адправіліся на адпачынак.

— Не, пераехалі на поле каля Дашак, — патлумачыў галоўны аграном Аляксандр Фалевіч. — Дадому вярну­ліся каля 23 гадзін.

Здавалася б, пасля напружанага дня прыйдзе глыбокі сон. А вадзіцелю Юрыю Квачу не спалася: зламаўся яго МАЗ. Падчас апошніх рэйсаў загружаўся толькі ў прычэп, а кузаў быў пустым, бо не выгружалася з яго збожжа. Каб ухіліць няспраўнасць, патрэбны зваршчык, а яго ў гаспадарцы няма.

Выручыла кіраўніцтва малочнага завода — адправіла свайго спецыяліста. У нядзелю, бліжэй да абеду, Юрый Квач быў яшчэ ў майстэрні. Не меў настрою размаўляць, рупіўся хутчэй адрамантаваць машыну і выехаць да камбайнаў. А тыя ўбіралі каля Шурпікаў. Віктар Граблеўскі і Віктар Чыпко, намалаціўшы па поўнаму бункеру, уключылі маячкі і з нецярпеннем паглядвалі на дарогу.

— Наступнае жніво для мяне будзе 30-м, — гаварыў Віктар Граблеўскі. — І з кожным годам яно праходзіць усё больш складана. Сёлета на адвозцы зерня заняты адзін Юра. Вось дзе руплівец! Склады ў гаспадарцы ёсць у Юньках, Савічах, Шырках. Адлегласць ад поля да іх невялікая, таму і паспявае. Сёння на дапамогу прыйшоў
КамАЗ з аўтатранспартнага прадпрыемства. Пшаніца нядрэнная, менш чым за паўгадзіны намалочваем па бункеру.

Гэтым часам пад’ехаў яшчэ адзін Віктар — Атрахімовіч. Яго асноўнае месца работы — філіял “ДЭУ-33”. Але ўжо даўно дапамагае хлебаробам на жніве. Некалькі гадоў убіраў у Андронах, цяпер — у Юньках.

— Мае калегі пасля 17 гадзін ужо дома, — гаварыў. — Маюць выхадныя. Але я не наракаю: хлеб патрэбны ўсім, а каб яго мець, трэба папрацаваць.

— У нас сёлета найлепш урадзіла азімая пшаніца «ядвіся», — расказваў дырэктар ААТ «Сцяг Перамогі-агра» Дзмітрый Гутар. — А сушыльная гаспадарка слабаватая. У мінулую пятніцу пасля дажджу была высокая вільготнасць. Абмалаціць абмалацілі, а сушыць не паспяваем. У Юньках пад адкрытым небам ляжыць каля 500 тон зерня. Сёння возім на склад у Шыркі. Хутка машыну Юрыя адрамантуем, і справа з адвозкай пойдзе шпарчэй.

Юрый выехаў толькі а 16-й гадзіне. І да вечара паспеў перавезці 134 тоны збожжа. А каб працаваў з раніцы? Калі ўсё ладзіцца, то на свой рахунак вадзіцель запісвае больш чым па 200 тон зерня ў дзень.

Тэкст і фота Анны Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.