Зампредседателя комиссии по делам несовершеннолетних Марина Наганович провела Единый день информирования населения

Общество

Простымі словамі пра галоўнае

Як у Беларусі падтрымліваюцца мнагадзетныя сем’і, наладжана ахова мацярынства і дзяцінства, прафілактыка наркаманіі, а таксама пра асаблівасці восеньскага прызыву ў армію ішла гаворка падчас адзінага дня інфармавання, які адбыўся ў сярэдзіне жніўня па ўсёй краіне.

З ключавымі напрамкамі дзейнасці па ахове мацярынства і дзяцінства, сацыяльнай палітыкай дзяржавы па падтрымцы маладых сем’яў, сістэмай дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі, прававымі гарантыямі для сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей, у галіне працоўнага, падатковага, пенсійнага заканадаўства насельніцтва аграгарадка Камаі азнаёміла намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Марына Нагановіч. Для яе гэта тэма не новая: з праблемамі сем’яў, сацыяльнай нядобранадзейнасцю Марына Паўлаўна сутыкаецца на працы штодня. Апроч таго, яна шмат часу прысвячае грамадскай рабоце — узначальвае раённую арганізацыю ГА «Беларускі саюз жанчын», з’яўляецца дэпутатам раённага Савета дэпутатаў. Людзі ёй давяраюць, дзеляцца сваімі бедамі і турботамі. Як чалавеку аўтарытэтнаму ёй даручана праводзіць сярод насельніцтва і інфармацыйна-растлумачальную работу.

— Шлюб, сям’я, мацярынства, бацькоўства, дзяцінства знаходзяцца пад асаблівай абаронай дзяржавы, — адзначыла М. Нагановіч. — Вялікая ўвага надаецца ахове рэпрадуктыўнага здароўя бацькоў, развіццю ўстаноў аховы здароўя, аказанню якаснай медыцынскай дапамогі. Па ўзроўні і якасці перынатальнага догляду (перыяд непасрэдна пасля родаў) наша краіна займае лідзіруючыя пазіцыі не толькі сярод іншых краін СНД, але і ў Еўропе. Захаванне жыцця дзяцей, якія нарадзіліся з экстрэмальна нізкай масай цела (ад 500 грамаў), складае да 80%.

Пытанне дэмаграфіі — пытанне будучыні дзяржавы і нацыі. Таму ў Беларусі вельмі многае робіцца для падтрымкі мнагадзетных сем’яў і павышэння ўзроўню нараджальнасці. Стабільныя выплаты дзяржаўных дапамог па доглядзе дзяцей да трох гадоў, высокія аднаразовыя выплаты пры нараджэнні першага і наступных дзяцей, сістэма сямейнага капіталу, выдача льготных крэдытаў мнагадзетным і маладым сем’ям пры будаўніцтве жылля — гэтыя і іншыя меры прымаюцца дзяржавай.

Нягледзячы на сур’ёзныя захады з боку дзяржавы, у грамадстве не страчвае актуальнасці тэма наркаманіі. Сёння гэта навала паразіла ўсе краіны свету — каля 275 мільёнаў чалавек ужывалі наркатычныя сродкі хоць аднойчы. Штогод з-за ўжывання наркотыкаў памірае прыблізна 450 тысяч чалавек.

Марына Нагановіч праінфармавала аўдыторыю пра негатыўныя наступствы наркаманіі і яе ўплыў на здароўе насельніцтва. Падрабязна спынілася на супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў і псіхатропных рэчываў у нашай краіне, адказнасці, прадугледжанай за дадзенае правапарушэнне, прафілактыцы наркаманіі ў маладзёжным асяродку, лячэнні і рэа­білітацыі залежных людзей.

Вераніка Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.