«Моисеевна всегда дома». Елена Еловик посвятила 42 года педагогическому труду

Личности

Але трымаюся

Наведацца ў Свідна да ветэрана працы Алены Маісееўны Яловік прапанавала яе аднавяскоўка Ала Сіповіч, заўважыўшы, што доўгажыхарка вартая таго, каб пра яе напісалі ў раёнцы.

Каб дарэмна не хваляваць бабулю, вырашылі не папярэджваць яе пра прыезд карэспандэнта. «Маісееўна ж заўсёды дома», — запэўніла «інфарматар». І памылілася — на дзвярах вісеў замок. Знайшлі гаспадыню зусім ля іншай хаты — аба­бірала з куста чорныя парэчкі.

Яе дом уразіў памерамі — хапіла б прасторы вялікаму сямейству, а пражывае адна.

— У ім размяшчалася пачатковая школа, у якой я настаўнічала, — патлумачыла гаспадыня. — Прыехала ў Дунілавіцкі раён у 1948 годзе, закончыўшы Чэрыкаўскае педвучылішча. Працавала ў школах у Чорным, Рымках, Жуперках. Настаўнікаў не хапала, таму прыходзілася весці не толькі пачатковыя класы, але і ў іншых выкладаць батаніку, заалогію, нават нямецкую мову.

Жыла маладзенькая настаўніца на здымных кватэрах. А калі выйшла замуж і нарадзіла дваіх дзяцей, купілі з мужам у Свідне старэнькую хаціну, якую рамантавалі і рамантавалі. Тут, у Свідне, яна адпрацавала не адзін дзясятак гадоў, а яе агульны педагагічны стаж — 42 гады. Калі вёскі збяднелі на дзяцей і школу закрылі, выкупіла будынак пад жыллё. Даўно не гучаць у ім галасы дзяцей. Не кліча іх на ўрокі і не адпускае з заняткаў залівісты званок. Толькі ў снах ды ўспамінах былой настаўніцы захаваліся тыя далёкія ды яшчэ і намнога далейшыя гады. Напрыклад, калі на родны край абрынулася фашысцкае нашэсце. «Мне было ўсяго 13, — расказвала. — Старэйшая сястра захварэла на запаленне лёгкіх, і я хадзіла замест яе капаць супрацьтанкавыя канавы. — Аднойчы наляцеў нямецкі самалёт. Перапалохаліся, што стане бамбіць. Але з яго паляцелі лістоўкі. І сёння памятаю іх тэкст: «Бабочки, дамочки! Не копайте ямочки! Через ваши ямочки переходят наши таночки». Але мы капалі яшчэ больш упарта, каб не перайшлі варожыя танкі.

А вось яшчэ адзін бабулін успамін, зусім іншага кшталту. «Вы снілі калі-небудзь Леніна? — гаварыла. — А я сніла! З Надзеяй Крупскай прыляцеў на самалёце, які прызямліўся ў нашым двары. Выйшаў і ўручыў мне медаль».

Алена Маісееўна і сапраўды ўдастоена ленінскага юбілейнага медаля. Уяўляеце, колькі эмоцый гэта выклікала ў яе, што нават такі незвычайны сон прысніла? Так, людзі таго пакалення ўмелі і працаваць, і даражыць не толькі ордэнамі і медалямі, але і больш сціплымі адзнакамі свайго старання. Нездарма ж і праз дзесяцігоддзі захоўваюць шматлікія знакі пераможцаў спаборніцтва, Ганаровыя граматы, Падзякі.

Алене Маісееўне 93. 22 гады таму аўдавела. Сын і дачка з сем’ямі жывуць у Мінску. Наведваюцца, дапамагаюць у хатніх справах. Настойліва клічуць да сябе.

— Хіба толькі звяжуць і завязуць, — жартуе бабуля. І сур’ёзна дадае: — Што рабіць у тых каменных мурах? Сядзець склаўшы рукі… А тут у мяне куры, агарод, кветнікі. Нейкую травіну вырву, агуркі ды памідоры збяру, ягад вунь колькі на кустах. Заўсёды ёсць занятак, гэта і трымае ў жыцці.

— А ці маеце сацработніка? — пытаюся.

— Навошта ён мне? Да аўталаўкі даходжу сама. Вады ў хату і на агарод «Ручайком» са студні набіраю. Управіцца ў агародзе, памыць бялізну, прыбраць у хаце дапамагае дачка, абкасіць траву і нанесці дроў — сын. Добрыя суседзі, якія таксама дапамагаюць. Учора званіла дачка, пыталася пра здароўе. Адказала, што добра. Не стану ж я яе засмучаць, што ногі баляць, ціск падскоквае, ды і ўвесь арганізм ужо знасіўся. Але трымаюся!

Напэўна, гэта і ёсць галоўнае і справядлівае, калі няўмольныя законы прыроды чалавек прымае не з ныццём і раздражненнем, а са стойкасцю і развагай. Так, як прымае іх Алена Маісееўна.

Тэкст і фота Фаіны Касаткінай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.