На очередном заседании райисполкома рассмотрели, как на Поставщине обстоят дела с наведением порядка на земле

Местная власть

З беспарадкам звыкацца нельга

Тыдзень таму на пасяджэнні райвыканкама разглядалі, як на Пастаўшчыне ідуць справы з навядзеннем парадку на зямлі.

Работу, якая праводзіцца ў раёне па добраўпарадкаванні рознымі суб’ектамі гаспадарання, прааналізавала начальнік аддзела землеўпарадкавання Алена Іванькова. Яна падкрэсліла, што для падтрымання парадку на зямлі дзяржава выдаткоўвае шмат сродкаў, ды і ўвогуле гэта тэма ў Беларусі на асаблівым кантролі. Узгадаць хаця б той факт, што 2019 год ужо другі па ліку, аб’яўлены ў нашай краіне Годам малой радзімы. Грошы і сілы затрачваюцца, а вось вынікі радуюць не заўсёды. Рыхтуючы справаздачу, Алена Вітальеўна знарок падрабязна не спынялася на станоўчых момантах (хаця, безумоўна, яны ёсць), а завастрыла ўвагу на недахопах.

У раёне з пачатку года рэкультываваны 4 унутрыгаспадарчыя кар’еры, яшчэ столькі ж чакаюць сваёй чаргі да канца 2019-га. Пры гэтым асобныя землекарыстальнікі не клапоцяцца пра тое, каб гэтыя месцы здабычы карысных выкапняў былі бяспечнымі: мелі агароджы, інфармацыйныя шчыты і спецыяльныя папераджальныя знакі. У прыватнасці, грэбуюць гэтымі пра­віламі ААТ «Дунілавічы-агра», «Сцяг Перамогі-агра», «Пастаўскі райаграсэрвіс».

Вядучае прадпрыемства ў сферы землеўпарадкавання ў нашай вобласці — праектны інстытут Віцебскгіпразем — сёлета абнавіла зямельную інфармацыйную сістэму Пастаўшчыны. Згодна з новымі данымі, агульная плошча сельскагаспадарчых земляў у раёне складае 86 115 гектараў, што на 8 тысяч менш, чым у мінулым годзе.

— Прааналізаваўшы па кожнай гаспадарцы дына­міку скарачэння плошчы зямель, мы вылучылі некалькі асноўных прычын, чаму так адбываецца, — расказвала Алена Іванькова. — Гэта ў першую чаргу невыкарыстанне зямель сельгасаргані­зацыямі раёна з-за іх аддаленасці ад цэнтра гаспадарак, адсутнасці пад’езду да іх, або забалочвання ўчасткаў ад дзейнасці баброў, размяшчэння зямель сярод масіваў драўнінна-хмызняковай расліннасці. Таксама часам тэхніка не даворвае поле да контуру, і гэтыя ўчасткі пачынаюць зарастаць хмызняком і, што яшчэ горш, баршчэўнікам. Змагацца з гэтай раслінай надзвычай складана. Сёння яна займае ў раёне амаль 20 гектараў.

Для больш поўнага і эфектыўнага выкарыстання зямель, з мэтай ліквідацыі цераспалосіцы ў раёне вя­дзецца работа па ўключэнні зямель грамадзян у палі севазвароту сельгасарганізацый. Сёлета ў агульны севазварот гаспадарак уключана 602 гектары зямель грамадзян. Найбольш эфектыўна ў гэтым напрамку працуюць ААТ «Навасёлкі-Лучай» (226 га), «Камайскі-агра» (227 га), «Кураполле-агра» (51). А вось у «Дунілавічах-агра», «Ляхаўшчыне-агра» і «Хацілах-агра» гэтая работа не арганізавана.

Любому населенаму пункту не дадаюць прывабнасці пустыя, напаўразбураныя да­мы. А такіх, на жаль, у раёне сёння шмат. Колькасць сель­скіх жыхароў няўхільна скарачаецца, вёскі пусцеюць, з кожным годам усё больш і больш дамоў застаюцца без сваіх гаспадароў, тым не менш па закону яны ўсё роўна некаму належаць. Указам Прэзідэнта Беларусі №357 вызначаны абавязкі з аднаго боку ўласнікаў такіх дамоў, а з іншага — мясцовай улады. Прынамсі, яна павінна іх выяўляць і рыхтаваць неабходную дакументацыю для зносу. У мінулым годзе на Пастаўшчыне знесена 10 дамоў, сёлета — 9, яшчэ для 14 збіраюцца неабходныя паперы, а ўвогуле выяўлена 29 дамоў, якія неабходна знесці.

Аналізуючы сітуацыю па добраўпарадкаванні населеных пунктаў раёна, Алена Іванькова таксама спынілася на канкрэтных фактах, калі не абкошваецца трава, не прыбіраецца смецце каля жылых дамоў, у тым ліку шматкватэрных. Асабліва гняце, як выглядаюць тэрыторыі асобных ферм, мехдвароў, піларам: пустазелле, кавалкі раскіданай стрэйч-плёнкі, рэшткі кармоў.

Кропку ў разглядзе гэтага пытання паставіў старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік. «З беспарадкам звыкацца нельга», — безапеляцыйна рэзюмаваў кіраўнік раёна і запатрабаваў у самы бліжэйшы час неадкладна навесці парадак там, дзе яго пакуль няма. Канкрэтныя тэрміны для гэтага замацаваны ў прынятым рашэнні.


За 7 месяцаў бягучага года аддзел землеўпарадкавання райвыканкама правёў 89 абследаванняў па захаванні зямельнага заканадаўства. У выніку 50 парушальнікаў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за невыкананне патрабаванняў па ахове зямель. Агульная сума штрафаў — Br831.


Людміла Зелянкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.