На Поставщине началась международная акция «Во славу общей Победы»

75 лет Победы

Зямля навечна застанецца сведкай тых падзей

У наступным годзе Беларусь адзначыць 75-годдзе Вялікай Перамогі. Адно са шматлікіх мерапрыемстваў, прысвечаных гэтай знакавай даце, – міжнародная акцыя памяці «На славу агульнай Перамогі».

Яна праходзіць у тры этапы. Першы — самы працяглы — распачаўся ў ліпені гэтага года і працягнецца да красавіка 2020-га. За гэты перыяд у кожнай з абласцей Беларусі ў адну вялікую капсулу будзе сабрана зямля з абсалютна ўсіх пахаванняў часоў Вялікай Айчыннай вайны.

Адказныя за правядзенне акцыі службы павінны не толькі прывезці пару дробак глебы з гэтых памятных месцаў, але і падрыхтаваць спецыяльныя акты з фатаграфіямі і звесткамі пра кожнае пахаванне. Пазней на ўзроўні рэспублікі гэты матэрыял будзе апрацаваны і сістэматызаваны — плануецца выданне вялікай кнігі памяці.

Арганізатары акцыі адзначаюць: «Хутка мы ўвойдзем у новую эпоху, у якой не будзе відавочцаў той страшэннай вайны. Адзінай сведкай застанецца зямля, па якой бязлітасна прайшоўся вораг і ў якой знайшлі вечны спачын шматлікія ахвяры Вялікай Айчыннай — як салдаты, так і мірныя жыхары Беларусі. Пакуль час не сцёр падзеі, даты і імёны, для вечнай малітвеннай памяці мы збіраем гэту зямлю ў крыпце храма-помніка ў гонар Усіх Святых у Мінску. Такім чынам у народных успа­мінах будуць уз’яднаны ўсе, хто ў самых розных кропках баявых дзеянняў здабываў адзіную на ўсіх Перамогу».

Другі этап акцыі запланаваны на красавік 2020 года — гэта перадача капсул з абласных цэнтраў у Мінск. Кульмінацыйная падзея адбудзецца 9 мая 2020 года, калі ў храме-помніку ў гонар Усіх Святых пройдзе ўрачыстая закладка капсул. У тым ліку і тых, якія будуць прывезены з суседніх з Беларуссю краін (зямлю плануецца даставіць з асабліва шануемых месцаў, дзе ўвекавечана памяць палеглых у Другую сусветную вайну). Урачыстасць наведаюць кіраўнікі і прадстаўнікі розных дзяржаў былога СССР, а таксама духоўныя лідары, прадстаўнікі нацыянальна-культурных аб’яднанняў.

На Пастаўшчыне першае ў рамках акцыі мерапрыемства адбылося 14 жніўня. Група спецыялістаў, якую ўзначаліў намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў, наведала два пахаванні на тэрыторыі Юнькаўскага сельсавета — у лесе непадалёк ад вёскі Кашыцы і ў Манькавічах.

Помнік, устаноўлены на месцы гібелі мірнага насельніцтва ў кашыцкім лесе, знаходзіцца ў досыць аддаленым ад населеных пунктаў месцы. Чаму менавіта яго вораг выбраў для расправы над ні ў чым не вінаватымі людзьмі?

— У першыя месяцы акупацыі фашысты расстрэльвалі савецкіх грамадзян прама ў Паставах, у раёне гарадскога стадыёна, — тлумачыў гісторык Аляксандр Кузняцоў. — Пазней, у 1942-1943 гадах, мусіць, баючыся пакарання за свае злачынствы, яны сталі знішчаць мірнае насельніцтва ў лясным масіве каля Кашыц. Ахвярай мог стаць кожны — каралі і расстрэльвалі за любое супраціўленне і непаслушэнства акупацыйным уладам, за падазрэнне ў дапамозе партызанам ці па расавай прыкмеце. На жаль, на сёння не ведаем ўсіх імёнаў тых, хто тут пахаваны, але работа па іх устанаўленні распачата.

Аляксандр Іванавіч ужо шмат гадоў актыўна займаецца ўстанаўленнем імён невядомых воінаў у брацкіх магілах у Паставах, Лынтупах, Варапаеве, Камаях і іншых населеных пунктах Пастаўшчыны. З забыцця вернуты імёны больш чым 230 ахвяр вайны. Удалося даведацца і прозвішчы трох чалавек, пахаваных на безыменнай магіле ў кашыцкім лесе. Так, дакладна ўстаноўлена, што на гэтым месцы ў 1943 годзе расстраляны жыхар вёскі Ліпнікі Аляксандр Жыткевіч, а таксама ўраджэнцы Васілін Ягор Курыловіч (нара­дзіўся ў 1898 годзе) і зусім яшчэ малады камсамолец Дзмітрый Кухальскі 1921 года нараджэння.

Пасля забору зямлі дэлегацыя накіравалася ў вёску Манькавічы, дзе ў брацкай магіле спачываюць савецкія воіны і партызаны, якія 4 ліпеня 1944 года загінулі пры вызваленні Грыдзек і цяпер ужо неіснуючай вёскі Соўчына.

—  Пры вывучэнні дакументаў, якія алічбаваў Цэнтральны архіў Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі, былі ўстаноўлены імёны раней невядомых ахвяр, — адзначыў Аляксандр Кузняцоў. — Колькасць пахаваных у Манькавічах савецкіх воінаў узрасла з 36 да 45 чалавек. Пра месца гібелі многіх, на жаль, пры жыцці так і не даведаліся родныя. Напрыклад, бацька сяржанта Мухамеда Ульмаскулава шукаў любыя звесткі пра сына ажно да 1960 года, для яго сын назаўсёды застаўся знік­лым без вестак. Але бываюць і такія выпадкі, калі ўдаецца знайсці родных загінулых вайскоўцаў. У наступным годзе гэту брацкую магілу плануе наведаць пляменнік сяржанта Антона Філатава, які ў ліку іншых загінуў пры вызваленні Пастаўшчыны. Мы правялі дадатковую работу і змаглі поўнасцю прасачыць баявы шлях салдата — ад прызыву ў ваенкамат у 1942 го­дзе да яго гібелі ў ліпені 1944-га. Гэту інфармацыю мы і даслалі яго пляменніку ва Удмурцію.

…У той дзень удзельнікі акцыі агучылі мноства фактаў і гіпотэз пра падзеі Вялікай Айчынный на Пастаўшчыне. Абмеркавалі і канкрэтныя крокі па далейшым добраўпарадкаванні помнікаў. Наперадзе яшчэ шмат выездаў да месцаў пахавання, якія будуць арганізаваны на працягу наступных васьмі месяцаў.


Намеснік старшыні Пастаўскага райвыканкама Юрый Кісялёў:

– На тэрыторыі Пастаўскага раёна знаходзіцца 21 пахаванне часоў Вялікай Айчыннай вайны. З раённага бюджэту штогод выдзяляюцца сродкі на іх добраўпарадкаванне. У навядзенні парадку ля помнікаў і абеліскаў дапамагаюць шэфскія арганізацыі. Рашэннем райвыканкама ўсе яны замацаваны за канкрэтнымі прадпрыемствамі і арганізацыямі.

Акцыя «На славу агульнай Перамогі» садзейнічае таму, каб мы яшчэ раз успомнілі ахвяр вайны, аднавілі храналогію тых страшных падзей, звярнулі ўвагу на стан пахаванняў. Яна мае статус міжнароднай і скіроўвае ўвагу ўсіх людзей на праблемы сучаснага свету. На жаль, на планеце не знікаюць гарачыя кропкі, дзе гінуць бязвінныя людзі. Па многіх пытаннях нарастае канфрантацыя, «грымяць» інфармацыйныя войны, у тым ліку і падзеі Другой сусветнай інтэрпрэтуюцца на неверагодны лад.

Толькі калі грамадства поўнасцю засвоіць урокі гісторыі і канфлікты будуць вырашацца шляхам мірных перамоў, мы зможам упэўнена гаварыць, што такія трагедыі чалавецтва не паўторацца.


Іна Сняжкова



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.